Для шчаслівай старасці людзям шаноўнага ўзросту трэба зусім няшмат…

Для шчаслівай старасці людзям шаноўнага ўзросту трэба зусім няшмат…

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Павага, спакой, клопат
У вачах жанчыны, здаецца, мора нявыказанай тугі і нямое пытанне: “Чаму ж гэта са мной здарылася?” Яна жыла ў сваім доме. Двое дзяцей пайшлі ў свет. Радавалася, што жыццё ў іх складваецца нядрэнна. Верыла, што ўсё будзе добра. Сын угаварыў прадаць дом ды да яго пераехаць. Адгаворвалі. Людзей не паслухала – сына паслухала. Прадала дом. Пераехала. А потым сын раптоўна памёр. Нявестка з кватэры яе прагнала. Пакрыўджаны другі сын да сябе не прыняў. Цяпер яна тут…
І вось другая жанчына таксама сваю горкую думу думае. Сын з жонкай, як на пенсію выйшлі, пакінулі кватэру ў Мінску дзецям, вярнуліся ў Лунінец. Не для таго, каб за старой маці глядзець, а каб выселіць яе з дому. Выселілі. Маўляў, догляд забяспечыць дома немагчыма…
А ў гэтай бабулькі дзяцей не было. Сама век свой векавала. Разам з ёй і хата ў вёсцы састарэла зусім, жыць у ёй нельга, асабліва ў халады. Жанчыну і забралі сюды. А яна сумуе, нудзіцца, дадому ўвесь час просіцца…
У кожнага пастаяльца аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Лунінецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва свая гісторыя. Часцей за ўсё – сумная ці нават трагічная. Дажыўшы да шаноўнага ўзросту, гэтыя людзі аказаліся на ўзбочыне жыцця. Там бы і засталіся, калі б сацыяльная служба не ўзяла на сябе клопат аб іх, калі б дзяржаве да старых людзей аніякай справы не было.
Загадчыца аддзялення Ніна Сахно ўзрушана гаворыць:
– Іначай як дзікунствам не назавеш тое, як з пажылымі часам абыходзяцца. Для родных дзяцей яны становяцца абузаю. Можна яшчэ неяк зразумець, калі дзеці – далёка за мяжой, не маюць магчымасцей часта прыязджаць, каб даглядзець старых, вось і просяць у аддзяленне наша ўладкаваць. Але ж у большасці нашых бабуль і дзядуль сваякі жывуць побач. Толькі душы ў іх – мёртвыя, сэрцы – каменныя.
– Замяніць сям’ю наўрад ці магчыма, – да размовы далучаецца дырэктар Лунінецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамара Патурай. – Але ж не па-людску пажылым бедаваць у адзіноце і забыцці. Пра іх узрост прынята казаць “паважаны”. Якая ж тут павага, калі са свайго дома выганяюць родныя людзі?! Прыкра, што такое здараецца. Гэта прымушае задумацца аб маральным здароўі грамадства.
З 2002 года дзейнічае ў Лунінцы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Менавіта яго супрацоўнікі высвятляюць, каму і якая патрэбна дапамога. Пры цэнтры працуюць дом сацыяльных паслуг, пункт пракату, служба сядзелак, тэлефон “гарачай лініі”. Спецыялісты ўстановы вядуць прыём у 18 аграгарадках раёна, аказваюць псіхалагічную дапамогу, даюць юрыдычныя кансультацыі. За рознымі відамі дапамогі толькі сёлета ў цэнтр звярнуліся каля 13 тысяч чалавек.
Асаблівым клопатам сацыяльныя работнікі імкнуцца падтрымаць пажылых людзей. У раёне жыве каля 20 тысяч пенсіянераў. На ўліку ў цэнтры – амаль 8300 чалавек, з іх 1500 адзінокіх і 4186 адзінока пражываючых. Рэалізацыя Комплекснай праграмы па ўдасканаленні работы з адзінокімі грамадзянамі дазволіла вырашыць шэраг праблем гэтай катэгорыі насельніцтва. Штогод праводзіцца абследаванне ўмоў жыцця пажылых людзей, фіксуюцца іх просьбы, выкананне якіх знаходзіцца на кантролі. На сацыяльным абслугоўванні дома ў раёне зараз 661 чалавек. А ў 2007 годзе цэнтр адкрыў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў на 20 месцаў. Яно запоўнена на 100 працэнтаў, цяпер нават існуе чарга, каб трапіць сюды.
– Запатрабаванасць у гэтым аддзяленні відавочная, – пацвярджае статыстыку Тамара Нікіфараўна. – Адзін са старых карпусоў перадала нам бальніца. Сваімі сіламі зрабілі рамонт, уладкавалі спальныя пакоі, санвузел, пакой адпачынку. За нашымі бабулямі ды дзядулямі догляд здзяйсняюць чатыры медыцынскія сястры, столькі ж сацыяльных работнікаў, малодшая медсястра, буфетчыца і загадчык гаспадаркі. Тут нашых старых і кормяць, і лечаць, і культурны адпачынак арганізоўваюць.
Жыхары аддзялення любяць збірацца ў пакоі адпачынку. Да іх паслуг – і тэлевізар, і шашкі, і даміно, і бібліятэчка кніг і прэсы. Разам віншуюць таварышаў з днямі нараджэння, разам вечары адпачынку ладзяць. А яшчэ сустракаюць гасцей: валанцёры Чырвонага Крыжа, школьнікі прыходзяць з канцэртамі, сацыяльная служба віншуе са святамі.
“У цяпле мы тут, накормленыя”. “Добра пра нас клапоцяцца, ва ўсім дапамагаюць”. “Паважаюць нас, як да родных адносяцца”. Мы размаўляем у пакоі адпачынку. Пажылыя жанчыны і мужчыны гаваркія. І дзіўна пазітыўныя. Пазней адзін з іх ужо на калідоры сказаў мне: “У многіх з нас боль свой ёсць. Ды толькі ў гэтым нашым новым доме мы ад крыўд адыходзім. Спакой тут, а ў старасці гэта самае галоўнае”.
Святлана Таболіч, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Суботнія байкі: “Новая шапка”

Следующая запись

6 кастрычніка ў Кобрыне прайшоў абласны семінар “Асаблівасці работы з людзьмі ў сучасных умовах”