Беларусь

Суботнія байкі: “Новая шапка”


Дзядзька Іван зайшоў у майстэрню і, гукнуўшы знаёмага краўца Рыгора, прамовіў:
– Трэба тэрмінова пашыць новую шапку.
– Нічога, браток, не выйдзе, – адразу ж адказаў Рыгор. – Футра цяпер у модзе, а таму і дэфіцыт.
– А ты не хвалюйся, – зазначыў Іван і разгарнуў прынесены з сабою пакунак: – Вось табе футра і іншае неабходнае…
Кравец зірнуў на скуру цёмнага колеру, і ў вачах яго зазіхацелі зайздросныя іскрынкі:
– Колькі жыву, падобнага не бачыў! Дзе ты такую купіў?
– Ды падарунак гэта, сваякі з-за мяжы прыслалі, – растлумачыў Іван. – Пастарайся да канца заўтрашняга дня пашыць. У даўгу не застануся, аддзячу.
– Добра, – згадзіўся Рыгор, – зраблю.
Іван, задаволены, выйшаў, а кравец паклікаў сваіх сяброў, з якімі не адну галаву ўпрыгожваў…
Пачалі меркаваць, з якога звера такое футра.
– Пазвані свайму куму, ён даўні паляўнічы, вызначыць, – параілі Рыгору.
Неўзабаве з’явіўся Пятрусь, пагладзіў футра, панюхаў і важным тонам знаўцы заключыў:
– У нашых мясцінах такія звяры не водзяцца. Гэта мядзведзь ці іншы замежны звер.
– Здагадаўся, – пахвалілі краўцы.
– Псаваць такую рэч! З яе пяць шапак будзе, па сто долараў кожная, – прамовіў Пятрусь і параіў скінуцца і купіць Івану новую шапку, а скуру падзяліць на  каўняры.
Так і зрабілі.
Ва ўмоўлены час прыйшоў заказчык. Рыгор паднёс яму абноўку. Іван надзеў шапку, паглядзеў у люстэрка.
– Выручыў, але ж яна не з той…
Рыгор не даў дагаварыць:
– Мы вырашылі: гэтая лепш табе да твару.
– Не ўсё праўда, што кажуць, – усміхнуўся Іван. – Дзякуй! А са скуры майго Жучка, што трапіў пад машыну, можна барабан зрабіць для духавога аркестра. Чорнага сабаку не вымые ні мыла, ні вада…
Іван ЖЫТКО,
г. Камянец.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля