Кобрынскія хлебапёкі заваёўваюць пакупнікоў якасцю і навізной
У палоне “Прымы”
Чытачоў мы ўжо знаёмілі з працай калектыву Кобрынскага хлебазавода. З часу нашай апошняй сустрэчы на прадпрыемстве адбыліся значныя перамены. Як і раней, людзі тут працуюць шчырыя і вельмі ўсмешлівыя, а вось на вытворчасці – абнаўленне. Уве-дзена ў строй і працуе італьянская лінія па вытворчасці сэндвічных пернікаў. На ёй вырабляюць найсмачнейшае печыва з паэтычнай назвай “Прыма”. Асартымент уражвае багатай палітрай: з разынкамі, кунжутам, какавай, ананасам, а таксама водарам топленага малака, фруктозай і вотруб’ем. Толькі за 8 месяцаў атрымалі 171 мільён рублёў прыбытку ад вытворчасці італьянска-кобрынскіх ласункаў.
Нядаўна асвоілі выпуск печыва для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзростаў “Прыма” дзіцячае”. На стадыі зацвярджэння знаходзіцца рэцэптура з абагачанай сумессю “Пелікан-2”, якая ўтрымлівае вітаміны групы В, РР і жалеза. Унікальнасць гэтай імпартазамяшчальнай прадукцыі ў тым, што для яе вытворчасці выкарыстоўваецца толькі айчынная сыравіна і аналагаў ёй у Беларусі пакуль няма.
Менавіта наватарскаму падыходу і ўменню захоўваць правераную гадамі якасць прыязджаюць вучыцца на завод бізнесмены з-за мяжы, у тым ліку – з суседняй Расіі. Туды ж у перспектыве плануецца прадаваць кобрынскія прысмакі.
Пакуль жа геаграфія паставак не вельмі шырокая, затое стабільная. Купіць кобрынскі хлеб можна не толькі ў райцэнтры, але і ў Брэсце, Жабінцы, Маларыце, Пружанах. Паступова наладжваецца свая гандлёвая сетка. Працуюць два магазіны ў Кобрыне, адзін – у вёсцы Гара-дзец, адкрыты гандлёвы павільён у Астромічах. А літаральна на днях Кобрынскі хлебазавод купіў зямельны ўчастак у Драгічыне, на якім у хуткім часе таксама будзе пабудаваны гандлёвы павільён. Справа ў тым, што на Драгічыншчыне ведаюць і вельмі любяць кобрынскі хлеб: штодзённа туды пастаўляецца каля 2,5 тоны прадукцыі.
– Пры фарміраванні асартыменту на продаж прыходзіцца ўлічваць асаблівасць кожнага рэгіёна, – расказала начальнік вытворча-тэхнічнай лабараторыі Надзея Качановіч. – Так, напрыклад, у нас, на Кобрыншчыне, на “ўра” ідзе чорны хлеб, які ў наро-дзе называюць “кирпичик”, а ў той жа Бярозе больш купляюць подавы. На апошніх абласных “Дажынках” нават прыйшлося давозіць хлеб, бо гандаль атрымаўся бойкім. Ахвотна людзі купляюць пасля дэгустацый: смак нашай прадукцыі адразу бярэ ў палон.
Сапраўды, утрымацца ад таго, каб не паспрабаваць на зуб духмянага печыва, вельмі цяжка, тым больш, што і выгляд яно мае прывабны, яркі. Хлебазавод першым у рэспубліцы ў сістэме Дэпартамента хлебапрадуктаў асвоіў дапаможную вытворчасць – этыкеткі для ўпакоўкі прадукцыі. Новае печыва “Прыма” таксама ўпакоўваюць на месцы. Варта адзначыць, што ўпакаванне не зусім звычайнае. Работнікі яго называюць “сямейным”, бо, акрамя знешняй упакоўкі, унутры печыва расфасавана па некалькі штук.
– Дрэннага хлеба не бывае, – лічыць галоўны інжынер Васіль Грыцук. – Смачным і духмяным яго робяць працаўнікі. Пакупніка не падманеш, ён усё роўна выбірае з мноства прапаноў лепшую. Наеліся людзі розных дабавак, а цяпер хочуць купляць якаснае, таму і попыт на нашу прадукцыю расце і расце.
Пастаянная мадэрнізацыя вытворчасці, удасканаленне рэцэптуры, распрацоўка крэатыўных задумак – усё гэта было б немагчыма без працавітых людзей, якія штодзённа і без перапынку ствараюць такі неабходны прадукт – хлеб. Нездарма кабрынчане некалькі год запар з’яўляюцца лідарамі сярод прадпрыемстваў “Брэстхлебпрама”.
Перш чым наведацца ў калектыў, Надзея Качановіч заўважыла: з добрым сэрцам і светлымі думкамі трэба выпякаць хлеб. Калі за гэтую святую справу бярэцца чэрствы чалавек, то і прадукт атрымліваецца адпаведны. Узброеныя падобнымі ўяўленнямі пра якасць, кобрынскія майстры чаруюць над закваскамі і цестам з асаблівай, амаль бацькоўскай пяшчотай. А ў пацвярджэнне свайго пераканання з усмешкай узгадваюць: адвеку ў каравайшчыцы выбіралі прыгожых, статных, спагадлівых дзяўчын – каб боханы былі духмянымі і смачнымі. Хоць сёння ручная праца зведзена да мінімуму, а на вытворчасці ўладараць зусім іншыя законы, кабрынчане ад сваіх ідэалаў не адмаўляюцца. Можа, таму незабыўны смак іх ласункаў, нібы магніт, прыцягвае пакупнікоў розных узростаў і прыхільнасцей.
З запускам новай лініі па вытворчасці печыва “Прыма” на заводзе адкрылі яшчэ тры працоўныя месцы, на якія ўзялі 17 спецыялістаў. Усяго ў калектыве – каля 230 чалавек. Шчырая любоў да агульнай справы моцна трымае кабрынчан разам. Калі разабрацца, выпадковых людзей тут няма: кожны так ці інакш звязаны са смачным мучным скарбам. Галоўны інжынер прадпрыемства Васіль Грыцук па сакрэце прызнаўся: яшчэ яго прадзед меў свой млын. І хоць шмат вады ўцякло з той пары, мімаволі напрошваецца думка: пэўна, нездарма Васіль Якаўлевіч трапіў у хлебапёкі. Здаецца, нейкае амаль генетычнае прыцягненне вызначыла шлях гэтага чалавека.
Закранаючы лёсы і прызначэнні, немагчыма абмінуць дынастыю Качановічаў. Разам з Надзеяй Аркадзьеўнай на хлебазаводзе шчыруе яе верны спадарожнік па жыцці Віктар Сцяпанавіч. Мужу і жонцы не даводзіцца дзяліць рабочую прастору, бо ў кожнага з іх – свая тэрыторыя і свае абавязкі. Яна адказвае на прадпрыемстве за тэхналогіі і рэцэптуру, ён – за энергетыку.
А пачыналася ўсё за сотні кіламетраў адсюль – у Лунінцы. Малады хлопец Віктар пасля арміі ўладкаваўся на мясцовы хлебазавод, які і стаў стартавай пляцоўкай для яго далейшай кар’еры. У тыя часы, калі ўсё даводзілася рабіць сваімі рукамі, фізічная форма цанілася на вагу золата, а сумленнасць і працавітасць былі красамоўней любога рэзюмэ ці дыплома.
Сюды ж прыехала і Надзея – на заводзе яна заняла пасаду тэхнолага. Дзяўчына атрымала адукацыю ў Кіеўскім тэхналагічным інстытуце харчовай прамысловасці, а адпрацоўваць размеркаванне накіравалася ў Беларусь. Быццам адчувала, што менавіта тут знойдзе сваю другую палавінку.
Гісторыя працягнулася ўжо ў Кобрыне, куды маладая сям’я пераехала пасля вяселля. Там якраз будаваўся новенькі хлебазавод. З ім Качановічы звязвалі свае перспектывы на будучыню. Думалася: будзе праца – будзе і хлеб надзённы. Прычым ва ўсіх сэнсах гэтага выказвання.
Надзеі Аркадзьеўне знайшлося месца на старым прадпрыемстве, а яе муж Віктар спачатку вымушаны быў уладкавацца на кансервавы завод. Ды на працягу 13-ці гадоў мужчына не губляў надзеі далучыцца да вялікай хлебнай сям’і. Ажыццявіць запаветную задуму яму ўдалося толькі ў 2002 годзе.
Дарэчы, адукаваныя, дасведчаныя спецыялісты на хлебазаводзе ў пашане. Тут даўно спасціглі простую ісціну: дабрабыт прадпрыемства трымаецца на адданых паплечніках. Нават у складаных эканамічных умовах кіраўніцтва прыкладае максімум намаганняў, каб людзям не хацелася змяніць месца працы. Маральнае і матэрыяльнае стымуляванне найбольш старанных стала тут добрай традыцыяй.
У калектыве цудоўна ўжываюцца і вопытныя спецыялісты, і пачаткоўцы. Не так даўно на завод прыйшла маладая заквасчыца Вольга Міхнюк. Дзяўчына пакуль што пераймае вопыт у старэйшых калег. А вось вытворца бісквіту Ігар Краўчук і сам ужо можа дзяліцца назапашанымі за чатыры гады ведамі. Хлопец, па словах калег, цудоўна зарэкамендаваў сябе ў хлебным цэху, таму сёння займаецца пераважна кандытарскай справай. А тут моцныя і спрытныя рукі – заклад поспеху. Нездарма ж менавіта мужчыны лічацца лепшымі ў свеце кандытарамі.
– Наша кадравая палітыка адрозніваецца сваёй лаяльнасцю і роўнымі адносінамі да ўсіх працаўнікоў, – расказвае Васіль Грыцук. – Маладых прымаем вельмі гасцінна, дапамагаем адаптавацца на новым месцы. З укараненнем лініі па вытворчасці печыва патрэба ў дасведчаных кадрах з ліку новага пакалення адчулася ў поўнай меры. Людзям старой загартоўкі цяжка спраўляцца з сучасным абсталяваннем, а сённяшняя моладзь, як вядома, з тэхнікай на “ты”.
Яскравы прыклад таму – слесар Вадзім Макарук. Наладка і мантаж новай лініі – пераважна яго заслуга. Старанны працаўнік выканаў не толькі практычную частку справы, але і выступіў у ролі перакладчыка з англійскай мовы, бо выдатна валодае тэхнічнай тэрміналогіяй. Словам, майстар на ўсе рукі! Кіраўніцтва і калегі не нарадуюцца прафесійным талентам свайго самародка. Сам жа Вадзім Макарук вось ужо 13 гадоў на заводзе, але кожны новы дзень па-ранейшаму прыносіць мужчыне толькі асалоду ад прафесіі.
Наступны прадстаўнік таленавітай моладзі – маркетолаг Раман Дубінка. Хлопец усяго за год зарэкамендаваў сябе як “суперкрэатыў” – менавіта такім тытулам узнагародзілі яго калегі. І зусім не беспадстаўна!
Раман з чырвоным дыпломам скончыў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. А яшчэ яму належыць дызайн упакоўкі печыва “Прыма”. У кампетэнцыі перспектыўнага навічка таксама распрацоўка і афармленне банараў, буклетаў, лістовак. Таварышы па цэху прызнаюцца: Раман удыхнуў новае жыццё ў рэкламную дзейнасць прадпрыемства, а захапленне маладога спецыяліста мадэліраваннем пазбавіла завод ад неабходнасці прыцягваць спецыялістаў збоку. Тое, што калісьці даводзілася замаўляць у сталічных дызайнераў, сёння робіцца ўласнымі сіламі.
Шчодрыя кабрынчане нават “пазычылі” няўрымслівага генератара ідэй Рамана сваім брэсцкім калегам. Для іх хлопец распрацоўвае ўпакоўку мучных ласункаў пад назвай “Фруктовая мазаіка”.
Час не стаіць на месцы, ды і кобрынскія хлебапёкі не адстаюць. Крочыць у нагу з прагрэсам дапамагаюць і новыя тэхналогіі, і правераныя людзі. З асаблівым пачуццём яны адносяцца да традыцый мінулага і разам з тым смела глядзяць у будучыню. Арганічны сінтэз першага і апошняга ляжыць у аснове галоўнага рэцэпта тытулаваных кабрынчан. Рэцэпта поспеху, які на працягу гадоў дапамагае заставацца ў ліку лідараў галіны. Так трымаць!
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
г. Кобрын.
Фота Вольгі СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.