“Французская рамантыка” – для брэсцкіх гурманаў
СУП “ФРАНЦУЗСКАЯ РАМАНТЫКА”
ад Святланы БЕЛЯНІКІНАЙ, мастацкага кіраўніка Брэсцкага гарадскога парку культуры і адпачынку імя 1 Мая:
– Гатаваць падабаецца, але занятасць на працы не дазваляе праводзіць на кухні шмат часу. Таму заўсёды цікаўлюся рэцэптамі “аператыўнага” прыгатавання. Вось і чытачам газеты хачу прапанаваць страву, якая гатуецца хутка. І галоўнае, я ўпэўнена, абавязкова спадабаецца ўсім, бо гэты суп прыдумалі вытанчаныя французы, ён прыйшоўся да смаку ў многіх еўрапейскіх краінах. А яшчэ – пакарыў усіх маіх сяброў. Паспрабуйце і самі ўпэўніцеся: “Французская рамантыка” вартая таго, каб атрымаць пастаянную “прапіску” ў меню вашай сям’і.
Для прыгатавання нам спатрэбяцца: 8 бульбін, 1-1,5 шклянкі малака або вяршкоў, адно яйка, сметанковае масла, адна сярэдняя цыбуліна, кроп, спецыі (на ваш густ).
Трэба адварыць бульбу. Дастаць яе з каструлі, але ваду не выліваць. Патаўчы клубні, а затым вярнуць у ваду, у якой яны варыліся. Дадаць туды малако або вяршкі, давесці да кіпення, уліць папярэдне ўзбітае яйка. Варым на невялікім агні. Тым часам на сметанковым масле смажым дробна парэзаную цыбулю да залацістага колеру. Дадаём яе ў каструлю, пасыпаем варыва кропам (можна далучыць спецыі па смаку) і хвіліны праз дзве знімаем страву з пліты.
Да супу падаюцца грэнкі з сырам любога гатунку, можна выкарыстаць і плаўлены сырок.
Прыемнага апетыту!
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.