Руплівасць і любоў ляжаць у падмурку вытворчай дзейнасці, на якім трывала мацуецца поспех Брэсцкага лясгаса
Зялёны колер у іх любімы. Ён – сімвалічнае вызначэнне і аб’екта іх найвялікшых клопатаў, і ў шырокім сэнсе – жыцця. І такую колеравую схільнасць і сімпатыю нават тлумачыць не трэба, калі ведаеш, што яны – лесаводы. У дзяржаўнай лесагаспадарчай установе “Брэсцкі лясгас”, якая адлічвае свой узрост з 1939 года, сёння шчыруе больш за 400 чалавек. Работнікі 9 лясніцтваў апякуюць 76 тысяч гектараў лесу. Да справы падыходзяць прафесійна, старанна і па-гаспадарску. Інакш не могуць, ды і не ўмеюць, бо ў лесе – як дома. Вядома ж, у сваім доме кожны клапоціцца і пра парадак, і пра ўтульнасць, і пра дастатак.
Зусім нядаўна пазнаёмілася з Брэсцкім лясгасам і хутка зразумела: тут працуюць аднадумцы, якія аддана служаць аднаму з галоўных багаццяў нашага краю – лесу. І пра дзейнасць сваю яны расказвалі так шчыра і дзесьці нават узнёсла, што пераказваць іх словы расхацелася. Так нарадзіліся маналогі напярэдадні Дня работнікаў лесу.
Маналог першы
Васіль СТЭЛЬМАХ, дырэктар лясгаса:
– Люблю лес. Займаюся ім пяты дзясятак і не стамляюся ад такой работы. Пачынаў ляснічым у Гута-Міхалінскім лясніцтве ў Івацэвіцкім раёне, 20 год узначальваў Лунінецкі лясгас, апошнія 8 – на пасадзе дырэктара ў Брэсцкім. Можа, у тым і ёсць сакрэт майго прафесійнага даўгалецця, што захоплены працаю. Ганаруся, што даверылі кіраваць адным са старэйшых лясгасаў вобласці, працягласць якога з поўначы на поўдзень – 120 кіламетраў. Тысячы зялёных гектараў зачароўваюць і выклікаюць захапленне. А яшчэ патрабуюць карпатлівай працы, бо асноўная функцыя лясгаса – аднаўленне і вырошчванне лесу, догляд за ім.
Калектыў у нас цудоўны. У Камянецкім раёне – 3 лясніцтвы, у Брэсцкім – 6. І работнікі кожнага ўсведамляюць, што толькі дружная работа дае плён. Старанне нашых людзей вылілася ў 33 працэнты рэнтабельнасці вытворчасці (планавае заданне сёлета – 16,6 працэнта). Наша выручка з пачатку года склала 8,7 мільярда рублёў – 167 працэнтаў да ўзроўню мінулага. Нарыхтоўваем за год амаль 90 тысяч кубаметраў драўніны, каля 22 тысяч з іх экспарціруем у краіны Еўропы. Рост экспарту за 8 месяцаў склаў больш за 188 працэнтаў да леташніх лічбаў. Маем невялікі цэх па дрэваапрацоўцы – гэта вытворчасць для сваіх патрэб і аказання паслуг насельніцтву. Між іншым, вельмі запатрабаваны від дзейнасці: на распілоўку дошак, балак, крокваў у нас чарга. Прыбытковай з’яўляецца і паляўнічая гаспадарка. У лясах шмат дзікоў, ёсць ласі, алені (іх мы самі выгадавалі і выпусцілі статак на волю), іншая жыўнасць. Паляўнічыя ліцэнзіі купляюць і замежныя грамадзяне. Звяртаем увагу і на экатурызм, бо гэта нашым людзям натуральны лес не дзіва, а вось для ўрбанізаваных еўрапейцаў – той яшчэ цуд!
Абывацелі часцяком гавораць: маўляў, лес сякуць не шкадуючы, яго плошча катастрафічна змяншаецца. Няпраўда! Сёння ў нас існуе жорсткая планава-разліковая лесасека – колькі можна спілаваць без страт для лесу. Забіраем драўніну – на яе месца саджаем новыя дрэвы. Каб лес выспеў, трэба 80 год. Мы пра гэта не забываем.
Мара ў мяне ёсць: навучыць людзей, што ў лес у госці ходзяць (у грыбы, па ягады ці на адпачынак), прыбіраць за сабой, тыя ж пластыкавыя бутэлькі не кідаць, дзе прый-дзецца. За лес у адказе не толькі леснікі, а кожны, хто ў ім бывае.
Маналог другі
Барыс МІХАЛКОВІЧ, галоўны ляснічы:
– Лес у маім жыцці – з дзяцінства. Пайшоў я па слядах бацькі. У Столінскім раёне зрабіў першыя працоўныя крокі ляснічым, з 1980 года – у Брэсцкім лясгасе. У лесе адчуваю сябе натуральна, камфортна. Думаю, што такое меркаванне падзеліць кожны з нашых 112 леснікоў, 25 майстроў лесу, 9 памочнікаў ляснічых і 9 ляснічых. Да нас людзі прыходзяць па прызванні. Бывае, што па нейкіх жыццёвых абставінах змяняе чалавек месца працы, але час пройдзе – ён зноў у лес вяртаецца. Калі хочаце, душа просіць і шуму соснаў, і шапацення дуброў, і святла гаёў…
За ўсім гэтым хараством “хадзіць” трэба. Перапынку ў лесаводаў няма ані ў якім сезоне. Адна прывілея – свежае паветра ў неабмежаванай колькасці. Станоўчых эмоцый, насамрэч, шмат, але найбольш, калі пасаджаны малады лес прымаецца, ідзе ў рост. Цяпер садзім да 130 гектараў у год. Супраць 3000, якія высаджваліся ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя, нехта скажа – мала. Не, не мала. Бо зараз такая структура ляснога фонду, што для лясгаса і 130-ці дастаткова. Будзе яна змяняцца – іншымі стануць пасадкі. Не ў колькасці дрэў сутнасць многіх лясных праблем, а ў людскіх адносінах да лесу.
Маналог трэці
Аляксандр ВІРКО, інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі:
– У гэтую галіну прыйшоў пасля заканчэння лесагаспадарчага факультэта Бранскага тэхналагічнага інстытута. Папрацаваў інжынерам па азеляненні ў парку культуры і адпачынку ў Брэсце, а ў 1987 годзе перайшоў у лясгас. Тут прастору для рэалізацыі сваіх ідэй больш. У нас ёсць гадавальнік, дзе вырошчваем пасадачны матэрыял для лесааднаўлення і азелянення. Сёлета ў Мяднянскім лясніцтве закладваем дэндрапарк. На двух гектарах зямлі высадзім пару соцень відаў кустоў і дрэў. Будуць тут не толькі звыклыя нашаму воку расліны, але і рэдкія. Напрыклад, экзатычныя для Беларусі метасеквоя і гінкга білоба. Яны былі распаўсюджаны ў эпоху дыназаўраў. Сотні мільёнаў гадоў прайшло, дыназаўры вымерлі, а яны засталіся. Уяўляеце, якое багацце відаў будзе ў нашым дэндрапарку?! Закладваем яго не толькі дзеля таго, каб стварыць на нашай зямлі яшчэ адзін прыгожы куточак, але і каб размнажаць расліны. Імі потым можна будзе ўпрыгожваць нашы населеныя пункты.
Мы працуем на будучыню. Усведамленне таго, што вынік тваёй працы парадуе нашчадкаў, натхняе. І нічога, што нас у той час ужо можа і не быць. Дрэвы застануцца, а з імі будзе жыць памяць і пра лесаводаў Брэсцкага лясгаса.
Маналог чацвёрты
Сяргей ПАЛХОЎСКІ, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце:
– Калектыў лясгаса – гэта адна каманда. У нас стабільныя кадры. Людзі працуюць дзесяцігоддзямі і ідуць у лесаводы сем’ямі. А гэта вопыт, традыцыі, згуртаванасць. Маладыя вучацца ў старэйшых. Ужо даўно на пенсіі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Сямёнавіч Бей, але і сёння парады былога лесніка каштоўныя для калег. У калектыве адпрацаваў 35 год. Летась у 70 год пайшоў на пенсію майстар лесу Іван Іванавіч Хевук. На пенсію, але не з калектыву. Усе нашы ветэраны вайны і працы не парываюць сувязі з лясгасам, удзельнічаюць у нашых святах, сустракаюцца з моладдзю. Прафсаюзная арганізацыя, адміністрацыя падтрымліваюць і заахвочваюць да грамадскай дзейнасці былых работнікаў.
Прадаўжальнікамі традыцый стала новае пакаленне лесаводаў. Паміж лясніцтвамі ладзім конкурс-спаборніцтва, вынікі падводзім штоквартал. Усе стараюцца паказаць сябе з найлепшага боку. Сярод самых моцных – Камянецкае, Высокаўскае, Пелішчанскае, Дамачаўскае лясніцтвы. Імі кіруюць сапраўдныя прафесіяналы. У Камянецкім ляснічы – Ігар Мацюшак, а пасаду памочніка ляснічага займае яго жонка Таццяна. Лес – сямейная традыцыя і для Уладзіміра Жалнерчыка з Высокаўскага лясніцтва. Уладзімір Уладзіміравіч – ляснічы. Памочнікам працуе старэйшы сын Уладзімір, а малодшы Віталь – майстар лесу. І Анатоль Леванюк з Пелішчанскага лясніцтва, і Анатоль Струк з Дамачаўскага – вопытныя ў лесагаспадарчай справе, з салідным працоўным стажам, па-дзелавому канкрэтныя, адказныя, добрасумленныя ляснічыя. Гатовы назваць дзясяткі такіх жа адданых лесу і лясгасу працаўнікоў.
Але не толькі работа аб’ядноўвае людзей у калектыў. У нас шмат мерапрыемстваў, якія збліжаюць працаўнікоў. Летам абавязкова праводзім спартакіяду лясгаса, узімку – конкурс “Лепшы рыбалоў” і лыжныя гонкі. Ездзім на экскурсіі, ладзім урачыстыя мерапрыемствы да свят. Вось і з нагоды заўтрашняга, прафесійнага, будзе сустрэча, граматы і падарункі атрымаюць заслужаныя людзі, перадавікі вытворчасці. Лесаводы ўмеюць радавацца поспехам іншых. Калі трэба, дык і на дапамогу прыйдуць. У гэтым увесь наш калектыў: адзін аднаму – свой чалавек.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.