Беларусь

Дом дзіцячай мары


14 студзеня ў горадзе Іванава адсвяткавала наваселле прыёмная сям’я Таццяны і Леаніда Клімовічаў
Прыгажун-катэдж агульнай плошчай 140 квадратных метраў абавязкова стане родным для пяцярых дзетак Пінскай школы-інтэрната, якія будуць выхоўвацца ў сям’і Клімовічаў.
– У выхаванні гарманічнай асобы, годнага грамадзяніна сваёй краіны роля бацькоў проста незаменная, – лічыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іванаўскага райвыканкама Рыгор Сыса. – Але, на жаль, не ўсе спраўляюцца з гэтай роляй. І тады на дапамогу прыходзіць дзяржава. У 2013 годзе ў рамках праграмы “Дзеці Беларусі” за кошт сродкаў абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў (на будаўніцтва выдзелена
2 мільярды рублёў) у Іванава пабудаваны дом сядзібнага тыпу для сям’і, якая пажадала ўзяць на сябе выхаванне дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. Сёння ў райцэнтры ўжо два такія дамы.
Катэдж узведзены па індывідуальным праекце з выкарыстаннем сучасных будматэрыялаў. На першым паверсе размешчаны жылы пакой, пярэдні пакой, гасцёўня, вялікая кухня, санвузел, кацельня, на другім – чатыры жылыя пакоі і санвузлы. Так што дзецям створаны выдатныя ўмовы для паўнацэннага жыцця ў новай сям’і.

У сваю чаргу, начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Міхаіл Ціханчук паведаміў, што сёння ў вобласці пражываюць 1965 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, з іх 170 – у інтэрнатах, 700 выхоўваюцца ў 502 прыёмных сем’ях, 1200 – у апякунскіх. Усынавілі ў 2013 годзе 72 дзіцяці.
Закранаючы пытанне будаўніцтва дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, Міхаіл Ціханчук адзначыў, што кожны год на выхаванне ў іх у рэгіёне перадаецца ад 20 да 45 дзяцей. Такіх дзіцячых дамоў на Брэстчыне ўжо 31, выхоўваюцца ў іх 202 дзіцяці. У 2013 годзе ў вобласці пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю пяць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Сёлета запланавана пабудаваць яшчэ чатыры такія дамы. Паводле яго слоў, улічваючы тэмпы, з якімі адкрываюцца дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, наспела неабходнасць стварэння рэгіянальнай базы дадзеных бацькоў, якія хочуць і маглі б працаваць у такіх дамах.
Адкрыццё дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Іванаве пера-тварылася ў сапраўднае свята. Новы сацыяльна значны аб’ект на карце горада размалявалі навагоднімі гірляндамі, на балконе “размясціўся” пацешны Дзед Мароз з торбай на плячы. Дзеткі, якія пасяліліся тут, напэўна, паспелі атрымаць ад яго падарункі і падзяліцца сваімі самымі запаветнымі марамі. І хоць дом “упакаваны” поўнасцю – на яго камплектацыю з раённага бюджэту выдзелена каля 500 мільёнаў рублёў, выдаткаваных на набыццё мэблі, бытавой тэхнікі, посуду, цацак, – госці прыйшлі з традыцыйнымі падарункамі “пад ёлачку”. Іванаўскі райвыканкам, напрыклад, падарыў камп’ютар.
Не з пустымі рукамі прыехалі на наваселле дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў Іван Пацоўскі і Мікалай Шыкалай, які, дарэчы, паабяцаў выдзеліць ад ВК “Моталь” сродкі на добраўпарадкаванне і азеляненне прысядзібнага ўчастка. І ўсё ж важней за любыя фінансавыя выдаткі і дарагія падарункі звычайная бацькоўская любоў.
– Улада не шкадуе сродкаў, шукае новыя формы, каб забяспечыць дзецям, якія апынуліся ў нялёгкай жыццёвай сітуацыі, максімальны камфорт. Можна ўкладваць мільярды, ды калі тут не будзе душэўнага цяпла – дом стане проста чарговым сацыяльным аб’ектам, – адзначыў на цырымоніі адкрыцця старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун.
Застаецца толькі дадаць: галоўнае, каб агульныя намаганні не былі дарэмнымі і дзеткі выраслі годнымі грамадзянамі сваёй краіны, якая праявіла да іх столькі клопату. Хочацца верыць, што так яно і будзе. А пакуль хай у новым доме сямейнага тыпу спраўджваюцца ўсе дзіцячыя мары. Галоўнае і самае значнае ў іх жыцці – мець сапраўды любячых бацькоў і вялікі ўтульны дом – ужо збылося.
Марыя ФЕДАРУК, “НТ”,
г. Іванава.
Фота аўтара

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля