Беларусь

Сучасным падлеткам цікавы не толькі камп’ютарныя гульні, але і вучоба


У маёй школе вучацца два вельмі разумныя хлопцы: Дзмітрый Таўпека і Дзмітрый Асіповіч. Іх аб’ядноўвае не толькі імя, але і прага ведаў.
Дзмітрый Таўпека, вучань 10 “А” класа СШ №21 г. Баранавічы, ужо трэці раз запар перамог у алімпіядзе па грамадазнаўстве і правазнаўстве і заваяваў права выступіць на абласным этапе. Сакрэт такога поспеху – добрая памяць. Дзіма з першага разу можа вылучыць галоўную думку і з лёгкасцю пераказаць тое, што прачытаў. З першага класа ён вучыцца на “выдатна”. “Кожны школьны прадмет цікавы па-свойму, але самы любімы – грамадазнаўства. Гэта навука вывучае ўзаемаадносіны людзей, што для мяне вельмі цікава”, – тлумачыць дзесяцікласнік.
У той час, калі першакласнікі вучыліся чытаць, Дзіма з мамай вучыў вершы на памяць. Відаць, таму дасягае цяпер такіх вынікаў. Ці таму, што поспех у вучобе, на думку добрасумленнага вучня, заключаецца ў цярплівасці, уважлівасці, мэтанакіраванасці і жаданні вучыцца. А яшчэ ён займаецца спортам. Кожны тыдзень у раскладзе ёсць як мінімум гадзіна для футбола.
Між іншым, Дзмітрый – рознабаковы ў сваіх інтарэсах чалавек. Часу яму на ўсё хапае! Ні адно школьнае мерапрыемства не абыходзіцца без інтэлектуальнага старшакласніка. У адным канцэрце ён вядучы, у другім – удзельнік, а ў трэцім і ўвогуле – член журы… Безумоўна, падстава для гонару ў бацькоў хлопца ёсць. Яны сына падтрымліваюць і заахвочваюць да самаразвіцця. “Тата вельмі перажывае за мяне, калі я іду на алімпіяду. Цікавіцца ўсімі маімі справамі, аж да дробязей. Кранальны яго клопат, калі ён купляе мне шмат шакаладу. Бацька ўпэўнены, што гэты чароўны прадукт спрыяе добрай разумовай дзейнасці – а значыць, і поспеху”, –
распавядае Дзіма.
Яго класны кіраўнік – настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Жанна Віктараўна Асейка, ганарыцца сваім вучнем і характарызуе яго так:  “Дзіма тактоўны, ветлівы, працавіты, адказны, заўсёды выконвае ўсе даручэнні своечасова. У сваіх учынках ён кіруецца меркаваннямі карысці справы, а не асабістай выгады. Настойлівы ў дасягненні пастаўленай мэты, але і самакрытычны. У класе карыстаецца аўтарытэтам, бо знаходзіць паразуменне з равеснікамі”.
А вось Дзіма Асіповіч вучыцца ў 9 “В” і таксама вельмі цікавы чалавек. Ён не ідэальны выдатнік, але першыя месцы ў алімпіядах па гісторыі займае ўжо некалькі гадоў запар. “Гісторыя мне падабаецца тым, што можна вывучаць мінулае сваёй краіны, пазнаваць новыя факты з гісторыі ўсяго свету”, – тлумачыць хлопец.
Настаўніца па гісторыі адразу заўважыла энтузіязм школьніка, яго старанне і любоў да прадмета. “Дзіма надзвычай мэтанакіраваны падлетак, засяроджаны на ўроках, праяўляе цікавасць да дэталей, – кажа выкладчык гісторыі Людміла Сцяпанаўна Бобрык. –
Каб быць лідарам у вучобе і жыццi, неабходна мець пэўныя асобасныя якасці: кампетэнтнасць, прафесіяналізм, уменне пераконваць іншых, а таксама пачуццё суперажывання, ведаць псіхалагічныя асаблівасці тых людзей, з якімі маеш зносіны. Лідар – гэта яшчэ і адказнасць за свае думкі і ўчынкі. Такі наш Дзіма”.
Гісторыя захапіла дзевяцікласніка цалкам. “Прадмет трэба разумець, а не “зубрыць”. За цябе ніхто нічога рабіць не будзе. Захочаш зразумець – зразумееш, захочаш перамагчы – пераможаш. Сакрэт просты. Але і без мэтанакіраванасці нічога не атрымаецца, – так тлумачыць мне Дзіма гісторыю свайго поспеху, а потым расказвае пра ролю ў ім бацькі: – Тата ў школе па гісторыі заўсёды атрымліваў адны пяцёркі. Ён вельмі любіць чытаць мастацкую літаратуру, адкрываць нешта новае. Магчыма, менавіта ад яго мне перадалася цікавасць да гісторыі. Люблю гутарыць з бацькам на палітычныя і сацыяльныя тэмы. Такія зносіны мне нават у вучобе дапамагаюць”.
Акрамя ўдзелу ў алімпіядах, Дзіма актыўна праяўляе сябе і ў інтэлектуальных марафонах, якія праводзяцца ў Баранавічах. Там ён дэманструе шырыню светапогляду, лагічнае мысленне. Каманда заўсёды перамагае, дзякуючы такому юнаму разумніку.
Пачуццё быць самым-самым мне зразумела, бо і я ўдзельнічаю ў прадметных алімпіядах. Не па чутках ведаю, што падрыхтоўка да іх – праца проста каласальная! Такія прыемныя хвіліны, упэўнена, яшчэ не раз спазнаюць Дзмітрыі. Кожны год вучні нашай школы паспяхова выступаюць на алімпіядах. Не сумняваюся, што добрая традыцыя будзе прадоўжана сёлета. І не без актыўнага ўдзелу хлопцаў, пра якіх я вам толькі што расказала.
Ірына ДЗЕЙКАЛА,
вучаніца 11 “А” класа
СШ №21,
г. Баранавічы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля