…Як для сябе

…Як для сябе

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

На “прамой лініі” са старшынёй аблвыканкама Канстанцінам Сумарам найчасцей гучалі пытанні пра жыллё і работу жыллёва-камунальных службаў
Тэлефонныя зносіны з жыхарамі Брэстчыны – звыклая практыка работы старшыні абласнога выканаўчага камітэта Канстанціна Сумара. Кіраўнік вобласці рэгулярна выходзіць на прамую сувязь, каб не толькі дапамагчы камусьці вырашыць тую ці іншую праблему, але і дзеля таго, каб ацаніць работу службаў, ведамстваў і канкрэтных кіраўнікоў.
– Сёння ў нас атрымалася “аператыўка”. Так, людзям набалела, калі яны сюды тэлефанавалі, але ўзнятыя праблемы маглі б своечасова вырашыць на месцах, без удзелу губернатара, – ацаніў “прамую лінію”, якая прайшла напрыканцы мінулага тыдня, Канстанцін Сумар і праінфармаваў журналістаў, што правядзе яшчэ адну, пасля якой будзе зроблены аналіз зваротаў і персанальныя вывады па адказных асобах, якія інертна і безыніцыятыўна працуюць на месцах.
У гэты раз больш за дзве гадзіны старшыня аблвыканкама прымаў просьбы, прэтэнзіі, пажаданні грама-дзян. Амаль палова з іх тычылася жыллёвых пытанняў і работы камунальнікаў, астатнія – арганізацыі аплаты працы, праблем у сацыяльнай сферы. Аператыўна, канкрэтна на месцах можна было вырашыць абсалютную большасць з іх. І дах у доме №78 па вуліцы Гогаля ў Брэсце закрыць своечасова, і размясціць на бачным месцы ў Страдзецкім сельсавеце Брэсцкага раёна спісы “чаргавікоў” на атрыманне зямельных участкаў для індывідуальнага будаўніцтва, і выплаціць дапамогу на дзяцей мамам – супрацоўніцам адной прыватнай фірмы, рахункі якой “размарозіць” для гэтай мэты дазваляе закон, і арганізаваць дастаўку дываноў у хімчыстку транспартам бытавікоў, а не прапаноўваць пажылой брастаўчанцы самастойна прывезці іх…
Шматдзетная сям’я з Прылукаў Брэсцкага раёна ніяк не можа атрымаць участак для будаўніцтва дома. Канстанцін Сумар даў месяц, каб пытанне было вырашана.
Брастаўчанін Сяргей Пятровіч хвалюецца: што будзе з домам, які будавала фірма “Облик”, бо грошы ўзялі, а кватэры няма. Губернатар запэўніў: усе аб’екты давядуць да ладу за кошт маёмасці будаўнічай арганізацыі, якая падвяла кліентаў.
Юрый Іванавіч, абанент з Пружан, унёс прапанову: спецыяльныя камісіі павінны аб’ектыўна ацаніць, каму і колькі плаціць за  дамы павышанай камфортнасці, а не кіравацца толькі метражом. Канстанцін Андрэевіч згаджаецца: пад адзін грэбень нельга ўсіх прычасаць.
Як правіла, у зале, дзе праходзіць “прамая лінія”, прысутнічаюць кіраўнікі абласных структур і службаў. Яны адразу бяруць на заметку пытанні, якія іх тычацца, не чакаючы даручэння губернатара (а яны даюцца абавязкова па ўсіх зваротах і бяруцца на кантроль).
– Начальнікам усё трэба рабіць так, як для сябе, тады і званкоў да мяне будзе менш, – падагульніў Канстанцін Сумар.
Чалавеку здаецца, што яго пытанне не прыватнае, не дробязнае, вось ён і тэлефануе старшыні аблвыканкама. Але, можа, варта ўсё ж спачатку праявіць больш настойлівасці і прымусіць мясцовага кіраўніка выканаць службовыя абавязкі належным чынам? Калі мы падумаем аб гэтым, дык старшыні аблвыканкама не давядзецца быць дыспетчарам – гэта не яго роля.
* * *
16 снежня кіраўнік вобласці ў прамым эфіры тэлеканала “Лад” зноў адказваў на пытанні жыхароў рэгіёна.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Дача, лыжы і… бадзёрасць!

Следующая запись

Слова – дэлегатам ІV Усебеларускага народнага сходу