Беларусь

Слова – дэлегатам ІV Усебеларускага народнага сходу


Сяргей ФЕДАРУК, дырэктар прыватнага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “Альфард”, г. Іванава: “Маштабнасць натхняе на новыя справы”
Другі раз мне выпаў вялікі гонар прадстаўляць Іванаўшчыну на галоўным форуме краіны. Кожны раз прыязджаю дадому і з натхненнем бяруся за новыя справы, бо ўпэўнены ў тым, што можна разлічваць на дапамогу дзяржавы. Пачынаў я свой бізнес у 1992 годзе з гандлю. А пасля ўдзелу ў ІІІ Усе-беларускім народным сходзе цвёрда вырашыў заняцца вытворчасцю. Ужо ў 1997 годзе ўдалося ўвасобіць свае задумкі ў жыццё, наладзіўшы вытворчасць сталярных вырабаў.
На ІV Усебеларускім народным сходзе мяне як прадстаўніка прыватнага бізнесу і старшыню савета прадпрымальнікаў раёна ў першую чаргу цікавілі пытанні далейшага развіцця прыватнага бізнесу ў нашай краіне. У апошні час дзяржава, што называецца, павярнулася тварам да нас, прадпрымальнікаў. Прыняты шэраг указаў і пастаноў, якія дазваляюць маштабна і з перспектывай весці сваю справу тым, хто шчыра ў гэтым зацікаўлены. Уражваюць і змены ў падатковым заканадаўстве.
На народным вечы Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сказаў аб тым, што нашай беларускай зямлі не хапае клапатлівых гаспадарскіх рук. Прадпрымальнікі павінны больш настойліва асвойваць сферу сельскагаспадарчай вытворчасці. А для гэтага будзе максімальна палепшана дзяржаўная падтрымка фермераў у плане набыцця тэхнікі, жывёлы, пасяўнога матэрыялу і мінеральных удабрэнняў. І цяпер я прыслухаўся да мудрай парады. Мы не толькі пашыраем гандлёвыя плошчы, праводзім рэканструкцыю вытворчасці, але вырашылі сур’ёзна заняцца сельскай гаспадаркай. Так, на 10-гектарнай плошчы ўжо закладзены сад, у бліжэйшай перспектыве – пасадка ягадных плантацый і вырошчванне гародніны. Пад будучы ўраджай пабудавана сучаснае агароднінасховішча. Зусім нядаўна набылі новенькі трактар па лізінгу. У далейшым думаем паспрабаваць свае сілы ў сельскім турыстычным бізнесе…
Як дэпутат раённага Савета дэпутатаў і член савета раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” я не-абыякавы да розных сацыяльных праблем, асабліва ў сельскай мясцовасці. Бо даволі часта даводзіцца сустракацца з выбаршчыкамі, адказваць на пытанні людзей, якія тычацца бытавой, культурнай і духоўнай сфер. Многае ў гэтым плане пераняў для сябе на ІV Усебеларускім народным сходзе…
Я не прыхільнік лозунгаў аб усеагульнай прыватызацыі, але ўпэўнены, што разумная прыватная ініцыятыва дапаможа ўмацаваць эканамічную бяспеку дзяржавы.
Яўгенія ФАМУК, студэнтка 5 курса геаграфічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна: “ВАРТА ВЫХОЎВАЦЬ ПАЧУЦЦЁ ДКАЗНАСЦІ”
Ужо каторы год на геаграфічным факультэце педуніверсітэта развіваецца навукова-экалагічнае валанцёрства, і для нас вельмі важна знайсці аднадумцаў, асабліва за межамі навучальнай установы. Хацелася, каб злёты валанцёраў праходзілі не толькі пад эгідай Чырвонага Крыжа – усё-такі гэта не зусім той кірунак. Мы займаемся праблемамі навакольнага асяроддзя, таму часта чысцім Мухавец, прыбіраем смецце, садзім лес. Згадзіцеся, з дзейнасцю дабрачыннай арганізацыі мала агульнага. Студэнтам цікава абменьвацца вопытам, дзяліцца думкамі з такімі ж, як і яны, – маладымі, актыўнымі, з правільным экалагічным мысленнем.
Безумоўна, падобныя праблемы не засталіся без увагі на сходзе, найбольш актуальныя з іх браліся на заметку для падрабязнага разгляду. Таксама адзначалася: каб прывіць сучаснаму пакаленню любоў і павагу да роднай зямлі, варта павялічыць аб’ём экалагічнага складальніка ў агульнаадукацыйным працэсе.
Дарэчы, у другі дзень трапяткую тэму для ўсяго нашага народа падняла прадстаўніца беларусаў Эстоніі Ніна Савінава, якая сядзела ў прэзідыуме. Яна выказала шкадаванне, што мала хто з прамоўцаў дакладваў на беларускай мове. Але затым сітуацыя памянялася…
Спадабалася тое, што кожны жадаючы мог падысці да мікрафона і задаць дакладчыку любое пытанне – ад сацыяльных ільгот да развіцця донарства ў Беларусі. Усеагульны інтарэс выклікала прамова Міхаіла Водчыца, генеральнага дырэктара будтрэста №8 нашага горада. Пытанні пра якасць і перспектывы будаўніцтва ліліся ракой. У дыскусію ўключыўся Аляксандр Лукашэнка. Ад сябе ён дадаў: справа якраз-такі не ў самім працэсе, а ў людзях, якія яго ажыццяўляюць. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што варта мяняць чалавечую псіхалогію і выхоўваць пачуццё адказнасці за сваю работу.
Віталіна ПАПКОВІЧ, настаўніца пачатковых класаў СШ №3 г. Жабінка: “ГАЛОЎНАЕ – АСОБА ДЗІЦЯЦІ…”
У асноўных напрамках Праграмы развіцця краіны на 2011-2015 гады шмат увагі ўдзяляецца абнаўленню зместу і якасці адукацыі. Пра гэта ішла размова і на ІV Усебеларускім народным сходзе, у рабоце якога я прымала ўдзел.
Статус педагога павінен быць цесна звязаны з уласным стаўленнем  кожнага да сваёй працы. Нельга, каб у сістэме адукацыі працавалі выпадковыя людзі. Мяркую, што варта было б заканадаўча замацаваць палажэнне, згодна з якім атрыманне педагагічнай прафесіі ажыццяўлялася б толькі на бюджэтнай аснове і ў выніку дасканалага адбору. Неабходна распрацаваць адзіныя крытэрыі ацэнкі працы настаўнікаў, каб велічыня іх заробкаў залежыла непасрэдна ад якасці працы, павышаць статус педагагічных работнікаў, прыцягальнасць настаўніцкай прафесіі. Педагогі павінны праяўляць большую прынцыповасць і дасведчанасць у прававых адносінах.
Сярод фінансавых праблем і розных пераўтварэнняў нельга губляць дзяцей, бо галоўнае ў нашай працы – асоба дзіцяці. І знайсці падыход да кожнага з навучэнцаў – першасная задача настаўніка. Асноўнымі прынцыпамі ў працы лічу свабоду, самастойнасць, супрацоўніцтва з педагогамі і вучнямі. Урок для мяне – гэта час і месца творчасці. Маю вышэйшую педагагічную катэгорыю, з’яўляюся кіраўніком кансультацыйна-інфармацыйнага цэнтра і творчай групы педагогаў пачатковых класаў. Стараюся фарміраваць у вучняў высакародныя пачуцці, якія дазваляюць ім дастойна і прыгожа крочыць па жыцці. Хочацца, каб са школы выходзіла інтэлектуальная моладзь, якая валодае інфармацыйнымі тэхналогіямі, замежнай мовай. Пакуль мы, педагогі, не задаволены матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем. У нашай школе, напрыклад, мала камп’ютараў, няма ніводнай інтэрактыўнай дошкі,  а яны вельмі патрэбны ў пачатковых класах.
Мяне і маіх калег хвалюе яшчэ адна праблема. Цяпер у нашай школе чатыры чацвёртыя класы. У наступным навучальным годзе ў першы клас прыйдзе хлопчыкаў і дзяўчынак толькі на два камплекты. Дзе працаўладкавацца яшчэ двум педагогам? Такое становішча не толькі ў нас, бо штогод у першы клас прыходзіць усё менш дзетак.
Усе гэтыя праблемы акрэслены. Абмеркаванне іх на сходзе ў Мінску дае падставы лічыць, што яны будуць вырашаны паспяхова.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля