Калі б не было замкоў…
Праблема занятасці непаўналетніх заўжды з’яўлялася прадметам самых гарачых спрэчак
Добры чалавек прэтэндуе на добрыя адносіны, дрэнны – на дрэнныя. Калі гаворка ідзе пра непаўналетніх, у схему ўключаюцца яшчэ і выпрацаваная грамадскай думкай пазіцыя. Падлеткі павінны праяўляць актыўнасць, планаваць свой далейшы лёс, а не пасіўна назіраць і чакаць, пакуль выбар за іх зробяць іншыя: у лепшым выпадку – бацькі, у горшым – адпаведныя сацыяльныя службы ці органы правапарадку. Апошнія, дарэчы, не раз абгаворвалі за “круглым сталом” праблемы працоўнай, вучэбнай занятасці непаўналетніх, іх баўленне вольнага часу. Сітуацыя, вядома ж, карэктуецца з гадамі.
Уладзімір ХАРЫК, намеснік начальніка УУС аблвыканкама:
– Статыстыка пацвярджае: у кожным трэцім злачынстве, як правіла, вінаваты непаўналетні. Сёння 27,8 працэнта юных правапарушальнікаў на момант здзяйснення не дазволеных законам учынкаў нідзе не вучыліся і не былі працаўладкаваны. Каб неяк выправіць сітуацыю, у канцы кастрычніка стартавала рэспубліканская акцыя “Няма чым заняцца – звяртайся да нас”. Супрацоўнікі міліцыі і іх памочнікі паставілі добрую мэту – максімальна зацікавіць падлеткаў, асабліва з праблемных сем’яў, каб на свавольствы і хуліганствы ў іх проста не заставалася часу.
Лілія БАЛОНКІНА, галоўны спецыяліст па клубнай рабоце ўпраўлення культуры аблвыканкама:
– Сёння надзвычай актуальным і набалелым з’яўляецца пытанне знахо-джання непаўналетніх на начных дыскатэках, бо законам прадугледжаны толькі разавыя мерапрыемствы ў позні час для гэтай узроставай катэгорыі. Ды, з другога боку, пасля дзесяці гадзін вечара юнакі і дзяўчаты наўрад ці ідуць па дамах – яны застаюцца на вуліцы, а за кошт гэтага, на маю думку, і ўзрастае працэнт злачынстваў. Метадам забароны мы сітуацыю не зменім, бо, як кажуць, калі не было б замкоў, не было б і злодзеяў. Можа, варта дазволіць падлеткам знаходзіцца на тых жа дыскатэках, але пад наглядам дарослых?..
Віктар ФІСЮК, першы сакратар абкама БРСМ:
– У апошні час абкам арыентуецца менавіта на тую моладзь, якая самарэалізуецца праз вулічныя захапленні. Гэта прадстаўнікі шматлікіх маладзёжных творчых кірункаў, прыхільнікі экстрэмальных відаў спорту, субкультур. Паспяхова арганізавалі чэмпіянат рэспублікі па брэйкдансе. Спадабаліся маладым спаборніцтвы па зборы пазлаў. Мы намагаемся стварыць такія ўмовы, дзе падлеткі змаглі б праявіць сябе на поўную моц. Рознымі сродкамі трэба давесці грамадству: адпачываць можна без алкаголю ды наркотыкаў. Праект “Кеды”, які ўключыў у сябе шэраг рок-канцэртаў, актывісты БРСМ пазначылі лозунгам: “За здаровы лад жыцця!”.
Набірае абароты і валанцёрскі рух. Зараз маем каля 90 атрадаў, сярод валанцёраў – амаль паўтары тысячы непаўналетніх. А яшчэ абласны камітэт БРСМ сумесна з пракуратурай і ўпраўленнем адукацыі адраджае некалі вельмі папулярны інстытут грамадскіх выхавальнікаў.
Наталля ЦЯРЭШКА, памочнік пракурора Брэсцкай вобласці:
– У Ляхавічах быў выпадак: добрая сям’я, нармальнае, на першы погляд, дзіця, ды адна бяда: хлопец перыядычна “гарэў” на дробных хуліганствах. На пытанне –
чаго не хапае? – упарта адказваў: “Экстрыму!” Можа, варта гэты самы экстрым напраўляць у станоўчае вый-сце, напрыклад, праз заняткі брэйкдасам ці скейтбордам? Недахоп адрэналіну ў крыві кампенсуецца цалкам. Галоўнае – зацікавіць дзіця.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.