Беларусь

Бульба з водарам піва


ад Наталлі КАНДРАТОВІЧ, старшыні Ганцавіцкага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу:
– Няцяжка здагадацца, калі ў доме – трое мужчын, дык перавага аддаецца мясным стравам. Ёсць сярод іх найбольш любімыя, як, да прыкладу, тушаная з півам бульба ў казане. Буду задаволена, калі чытачы “НТ” ацэняць простую, але вельмі смачную страву.
Нам спатрэбіцца: 600 г мяса (на ваш густ – свініна, цяляціна ці кураціна), 3 вялікія цыбуліны, 3-4 памідоры, 0,5 л піва, алей, 1-1,5 кг бульбы, 2-3 зубкі часнаку, соль, перац-гарошак, кроп, пятрушка.
На дно казана наліваем 30-50 г алею і кладзём буйныя кавалкі мяса, солім, на яго – паўкольцамі цыбулю, цэлую (калі невялікага памеру) ці разрэзаную папалам бульбу, якую пасыпаем соллю. Наверх – нарэзаныя кубікамі памідоры, здробнены часнок, перац, зяленіва. І ўсё заліваем півам.Казан пад накрыўкай ставім на газ, даводзім да кіпення. Затым змяншаем агонь і тушым амаль дзве гадзіны.
А яшчэ даспадобы маім мужчынам рэцэпт так званых вадкіх піражкоў – вельмі даступны і практычны.
Возьмем: 0,5 л малака,50 г дражджэй, 2 яйкі, соль, 0,5 сталовай лыжкі цукру, мука.
У цёплым малацэ раствараем дрожджы, дадаём па густу соль, туды ж – цукар, яйкі. А мукі сыплем столькі, каб атрымалася кансістэнцыя густой смятаны. Цеста гатовае.
Для начынкі трэба: 1 кг фаршу, 2 старкаваныя морквіны і 1 здробненая цыбуліна, спасераваныя на алеі, соль, спецыі.
Ды каб атрымалася страва, трэба “сябраваць” з вадой – рукі намачыць у ёй і стол, на які класці сфармаваныя піражкі. Як толькі моцна разагрэўся алей, адпраўляем на патэльню піражкі. Пры гэтым часта іх пераварочваем, кожны раз пратыкаючы тонкім лязом нажа – каб добра прапёкся мясны фарш, хаця яго можа замяніць і тварог, і капуста…
Гатуйце, спрабуйце самі і частуйце іншых!

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля