Беларусь

З разуменнем і тактоўнасцю


БРЭСТЧЫНА ПАДТРЫМАЛА МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ ІНВАЛІДАЎ, ЯКІ АДЗНАЧАЎСЯ 3 СНЕЖНЯ, ШЭРАГАМ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ І АКЦЫЙ, ДЗЕ ЎДЗЕЛЬНІЧАЛІ ЛЮДЗІ З АБМЕЖАВАНЫМІ ФІЗІЧНЫМІ МАГЧЫМАСЦЯМІ
У абласной арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” – перамены. Па-першае,  Ірына Юрэня з Баранавіч змяніла на пасадзе старшыні Міхаіла Антоненку, які абраны намеснікам кіраўніка рэспубліканскага праўлення. Па-другое, 24-я справаздачна-выбарная канферэнцыя ў рамках традыцыйнага месячніка “Чалавек з белай палкай” абвясціла вынікі пяцігодкі і пазначыла арыенціры на будучыню.
Прыемна бачыць, што арганізацыя па-ранейшаму не здае пазіцый і актыўна працуе над выкананнем дзяржаўнай праграмы па безбар’ерным асяроддзі, а таксама над вырашэннем праблемы рэабілітацыі інвалідаў па зроку. Самарэалізавацца ім дазваляе праект “Элементарная рэабілітацыя”, у межах якога людзі вучацца арыентавацца ў прасторы з дапамогай белай палкі. Медыцынскі аспект праекта прадугледжвае псіхадыягностыку інвалідаў па зроку, адукацыйны – навучанне пісьму па сістэме Брайля. Акрамя таго, зносіны з таварышамі, абмен вопытам, сумесныя мерапрыемствы даюць інвалідам па зроку ўпэўненасць у сваіх сілах.
Значна спрашчаюць працэс рэабілітацыі тыфлатэхнічныя сродкі. І калі пра медыцынскія тэрмометры і танометры, якія будуць “размаўляць” з карыстальнікамі, на Брэстчыне ведаюць толькі па чутках, то спецыяльнае абсталяванне для чытання агучанай літаратуры ўжо даўно з’явілася  ў бібліятэках вобласці. Сталі рэальнасцю і дыктафоны, тэлефоны, гадзіннікі з сінтэзатарамі мовы. Да таго ж, на базе абласнога аддзялення БелТІЗ функцыянуе камп’ютарны клас, дзе кожны жадаючы можа выйсці ў інтэрнэт.
– Удалося нават арганізаваць курсы для нашых людзей па спецыяльнасці “Аператар ЭВМ 4-га разрада”, – расказвае Андрэй Лявіцкі, намеснік старшыні абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ”. – Лекцыі праслухалі ўжо 40 чалавек, 23 з іх пасля навучання змаглі працаўладкавацца.
Каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі не адчувалі сябе бездапаможнымі, нумары маршрутаў грамадскага транспарту, шыльды на кабінетах, назвы вуліц пачалі пісаць вялікімі літарамі, прыступкі на сацыяльна значных аб’ектах горада пафарбавалі ў адпаведныя колеры, а светлафоры забяспечылі гукавым суправаджэннем. На думку Мікалая Смяховіча, кіраўніка Кобрынскай раённай арганізацыі БелТІЗ, адной з вядучых у вобласці – усе гэтыя дзеянні выхоўваюць у інвалідаў па зроку самастойнасць, незалежнасць ад знешніх фактараў і эканамічна выгадныя для нашай дзяржавы.
Ды на кожную бочку з мёдам знаходзіцца свая лыжка дзёгцю. Праблемным у плане перамяшчэння для інвалідаў па зроку з’яўляецца цэнтральны чыгуначны вакзал. Калі для калясачнікаў тут абсталяваны ліфт, то людзі, якія слаба бачаць, ніякіх “бонусаў” пакуль не маюць. А нараканні наконт занадта высокага першага перона не раз чуліся нават з вуснаў гараджан, якія не маюць праблем са зрокам.
…Мы перыядычна сустракаем гэтых людзей на вуліцах, у грамадскіх месцах – часам нават і не здагадваемся, хто перад намі. Ды самай лепшай падтрымкай іх стануць нашы міласэрнасць, разуменне і тактоўнасць.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля