Камера! Матор! “Бе-Lа-Русь”: дубль 21-ы
Міжнародны маладзёжны лагер аб’яднаў сёлета больш за 600 юнакоў і дзяўчат з Беларусі, Латвіі і Расіі на мяжы трох дзяржаў
Што патрэбна зрабіць, каб ніякія непаразуменні ніколі не ўзнікалі паміж дзяржавамі? Вядома ж, сябраваць! Ну, хоць бы кожнае лета збірацца ля Кургана Дружбы ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці на мяжы трох дзяржаў. Ад яго адыходзяць тры алеі: у бок Беларусі – бярозавая, Латвіі – ліпавая, Расіі – кляновая. А на вяршыні расце дуб, які сімвалізуе моцныя добрасуседскія адносіны паміж народамі. Арганізатарамі сустрэчы моладзі па традыцыі выступаюць Саюз за прагрэс моладзі Латвіі, грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, Агульнарасійская грамадская арганізацыя “Расійскі саюз моладзі”.
Да Кургана Дружбы ў складзе беларускай дэлегацыі ад Брэсцкай вобласці сёлета паехала група з 22 чалавек. У камандзе былі і творчыя людзі, і спартсмены, і актывісты-лідары БРСМ. Штогадовага ўдзелу ў рабоце міжнароднага маладзёжнага лагера “Бе-La-Русь” у рэгіёне чакаюць з нецярпеннем, і чаканні тыя ў чарговы раз спраўдзіліся.
Моладзь на працягу чатырох дзён жыла па сцэнарыі сёлетняй гаспадыні лагера Латвіі. Галоўнай тэмай стала кінамастацтва. На сонечнай паляне ў палатачным гарадку разам смяяліся, жартавалі, спаборнічалі Чарлі Чаплін, Мальвіна, Пінокіа і іншыя любімыя героі старых і новых фільмаў. Пераможцаў у спартыўна-конкурснай праграме адзначалі спецыяльнымі прызамі – статуэткамі “Оскарс” (кіношны амерыканскі “Оскар” атрымаў у “Бе-Lа-Русі” латышскі акцэнт).
У намінацыі “Лепшая пара лагера” прыз узяў Юрый Сеганюк з брэсцкай дэлегацыі ў пары з расіянкай Вікторыяй Данецкай. Юра з Вікай атрымалі заданне стварыць вобраз кінапары з індыйскага фільма “Танцор дыска” і ў гэтым амплуа прайшлі ўсе іспыты. Яшчэ адзін прадстаўнік нашай вобласці –
Павел Космас з Пінска – прынёс камандзе 3-е месца ў армрэслінгу. Былі ў праграме таксама футбол, валейбол, турыстычная эстафета і бітва ды-джэяў, дыскатэкі, песні ля вогнішча, а Кніга рэкордаў лагера дапоўнілася новымі імёнамі…
Праз год маладыя людзі зноў вернуцца ў “Бе-Lа-Русь”, каб забыць аб геаграфічных межах, моўных бар’ерах і будаваць сумесныя планы на будучыню. Гэта ж так здорава!
Крысціна ЗЯЛЁНКА,
студэнтка
Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота з архіва абкама БРСМ.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.