Беларусь

Маладая каманда інтэрнэт-радыё “RadioStart” прыдумала спецыяльны гарадскі праект “Брэст веласіпедны”


Каб быць спартыўным, неабавязкова ўвесь дзень праводзіць у спартзале. Каб дапамагаць захоўваць прыроду, неабавязкова наведваць экалагічныя гурткі. Каб быць модным, неабавязкова апранаць дарагія лэйблавыя рэчы. Дастаткова мець вялікае жаданне і ездзіць на веласіпедзе так, як гэта актыўна сталі рабіць апошнім часам жыхары Брэста.

Амаль усе з каманды “RadioStart” маюць двухколавых сяброў і даўно ездзяць па абласным цэнтры. Сама па сабе прыйшла ідэя стварыць праект, каб аматары веласіпедаў змаглі аб’яднацца. Яго і адправілі на V адкрыты студэнцкі форум “PR-кветка” ў Мінск. Берасцейскі праект конкурсная камісія прызнала лепшым.
“Брэст веласіпедны” задуманы не на адзін год. Энтузіясты з “RadioStart” таямніцы са сваіх планаў не робяць.
– У нас мэта глабальная. Наша каманда вырашыла, што гэта будзе маленькі ўклад у новую берасцейскую гісторыю і своеасаблівы падарунак да 1000-годдзя абласнога цэнтра. Да свята спадзяёмся зрабіць з Брэста веласіпедны горад, – дзеліцца планамі адзін з арганізатараў інтэрнэт-радыё Дзмітрый Раманаў.
Ажыццяўленне мэты пачалося са стварэння карты парковак, веладарожак, рамонтных майстэрань, дзе пры неабходнасці “падлечаць” вашага двухколавага сябра. Карту можна знайсці ў інтэрнэце. Гэта вельмі зручна для веласіпедыстаў, асабліва для навічка ці госця горада. Увесь час людзі папаўняюць электронны дапаможнік, каб іншыя даведваліся аб новых веланавінах горада і змяненнях, якія ўносяцца ў карту.
Другое мерапрыемства, якое дапаможа зрабіць з брастаўчан сапраўдных веласіпедыстаў, – велаквэст. Каб перамагчы, удзельнікі павінны валодаць не толькі фізічнымі дадзенымі, але і кемлівасцю, добра ведаць гісторыю Брэста. Зусім нядаўна цікавую гульню правялі ўпершыню. Атрымалася весела і па-маладзёжнаму крэатыўна. 16 каманд-удзельніц, карыстаючыся веласіпедамі і асабістымі ведамі, шукалі вуліцы ці канкрэтныя пабудовы, назвы якіх былі зашыфраваны ў загадках. Лепш за ўсіх з заданнямі справілася каманда “South Park”, якая стала пераможцай.
Велаквэст быў напоўнены духам спаборніцтва, але, удзельнічаючы ў ім, можна было цікава правесці час. І, што важна, велаквэст адкрыты для ўсіх жадаючых, бо ў ім няма абмежаванняў па ўзросце. У прэм’ернай гульні ўдзельнічалі нават сур’ёзныя мужчыны, якім ужо далёка за 30 гадоў.
– Веласіпед – стыльна, модна, зручна! Наш праект гэта адлюстроўвае, –  перакананы Дзмітрый. – Але гэта не адзіная задача: наша каманда лічыць, што трэба спрыяць развіццю веласіпеднай інфраструктуры ў горадзе. На верасень запланавалі веласіпедны фестываль, а потым – і велаз’езд, на які запросім аднадумцаў з іншых краін.
Аматары веласіпеда як транспартнага сродку ўпэўнены:  Брэст мае шанс не толькі праславіцца на ўвесь свет спартыўнымі і моднымі жыхарамі, але і стаць веласіпеднай сталіцай Беларусі.

Крысціна ЗЯЛЁНКА,
студэнтка
Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота з архіва “RadioStart”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля