Жнівеньскі педсавет: Вучыцца, вучыцца… Як?
Педагагічныя работнікі вобласці правялі традыцыйную перад пачаткам новага навучальнага года нараду
Жнівеньскі абласны педсавет прымалі Івацэвічы. Перад пленарным пасяджэннем работнікі асветы папрацавалі па секцыях. Гаспадары нарады падрыхтавалі для калег цікавую праграму з наведваннем шэрагу аб’ектаў раёна. Была падрыхтавана і традыцыйная выстава лепшых метадычных распрацовак, інавацыйных праектаў у адукацыі, дасягненняў у розных кірунках адукацыйнай сістэмы рэгіёна. Разам са старшынёй аблвыканкама Канстанцінам Сумарам педагогі абмеркавалі, як рэалізуецца дзяржаўная палітыка ў сістэме адукацыі і вызначылі мэты на бліжэйшую перспектыву.
Канстанцін СУМАР, старшыня аблвыканкама:
– На прыкла-дзе Івацэві-цкага раёна педагогі пабачылі, якімі аб’ектамі прыраслі за апошнія гады нашы рэгіёны, у тым ліку – сучаснымі малочна-таварнымі фермамі і высокатэхналагічнымі вытворчасцямі. Для чаго? Каб яшчэ раз паказаць у рэальнасці, што ўяўляе сабой сёння народнагаспадарчы комплекс вобласці, кадры для якога павінна рыхтаваць школа ўсіх узроўняў, і тое, што школа не можа існаваць толькі сваімі інтарэсамі, ізалявана ад патрэб рэальнага жыцця, рэальнай вытворчасці. Так выглядае сацыяльны заказ, аб якім мы з вамі пастаянна гаворым.
Аб’екты, якія вы бачылі ў Івацэвічах і якія ёсць у нас у вобласці паўсюдна – гэта своеасаблівы зрэз вялікай работы, праведзенай у краіне і вобласці за апошнія гады. Гэта адчувальны вынік пераўтварэнняў, накіраваных на рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыцця людзей, якія з’яўляюцца, перш за ўсё, вынікам павышэння канкурэнтаздольнасці нашай эканомікі.
У ацэнцы работы і масавай, і прафесійнай школы ў ліку прыярытэтаў у далейшым будзе разглядацца ступень удзелу педагагічных калектываў у кадравым забеспячэнні рэгіёна спецыялістамі. На змену простаму 100-працэнтнаму паступленню ў ВНУ як крытэрыю паспяховасці павінна прыйсці ацэнка таго, колькі з гэтых паступіўшых вернецца назад у раён як спецыяліст. Нам патрэбны высокакваліфікаваныя кадры, ініцыятыўныя, працавітыя, здольныя асвоіць сучаснае абсталяванне. І, што важна, – жадаючыя застацца тут, на малой радзіме, каб унесці свой уклад у яе далейшае развіццё.
Хвалюе прафесійная арыентацыя моладзі. Выразны прыклад яе недастатковай эфектыўнасці – гэта камплектаванне ўстаноў прафтэхадукацыі ў гэтым годзе, якое праходзіць надзвычай цяжка. Адну з прычын гэтага я бачу ў недастатковым узроўні працоўнага выхавання і прафарыентацыі навучэнцаў на спецыяльнасці, якія рэальна патрэбны рэгіёнам і вобласці. Асабіста я ўпэўнены: кожная школа павінна пераканаўча паказваць сваім вучням, перш за ўсё, перспектывы развіцця свайго рэгіёна, перавагі жыцця на роднай зямлі.
Адносна якасці адукацыі зазначу: добра, што вобласць займае другую пазіцыю ў рэспубліцы сярод іншых рэгіёнаў па выніках выпускных экзаменаў. Нядрэнна, што паступленне ў ВНУ склала 53,5 працэнта. Цудоўна, што ў нас ёсць разумныя дзеці. Але аналіз вынікаў тэсціравання выявіў у ведах такія прабелы, якіх па вызначэнні ўвогуле быць не павінна. Значыць, ёсць над чым працаваць?
Не знойдзены новыя шляхі развіцця алімпіяднага руху як найбольш эфектыўнай работы з адоранымі дзецьмі. Недапушчальна, што кожны год па колькасці прызавых месцаў вобласць упарта займае апошнюю пазіцыю ў рэспубліцы. Чаму з году ў год праблемы работы з таленавітымі навучэнцамі толькі прымнажаюцца, а не рашаюцца?
Неабходна больш цеснае ўзаемадзеянне школы і сям’і. У апошні час мы ўсё часцей гаворым пра сям’ю ў кантэксце дапамогі дзяржавы – выплаты дапамог, падтрымка шматдзетных і маладых сем’яў у вырашэнні жыллёвых пытанняў… І чамусьці радзей сталі гаварыць пра тое, што сям’я павінна быць перш за ўсё актыўным удзельнікам працэсу навучання і выхавання дзяцей. І будзе правільна, калі формы такой работы прадумаюць педагогі.
Як сказаў Кіраўнік дзяржавы, “Беларусь – моцная краіна! І яна стала такой, перш за ўсё, дзякуючы ведам, таленту і інтэлекту свайго народа. Таму педагогі нязменна будуць карыстацца нашай асаблівай павагай і ўвагай”. У мяне ёсць усе падставы для ўпэўненасці ў тым, што педагагічныя кадры вобласці здольныя ў поўнай меры забяспечыць выкананне тых задач, якія ставіць перад адукацыяй Прэзідэнт і Урад. У педагагічным корпусе Брэстчыны я бачу саратнікаў і аднадумцаў.
Міхаіл ЦІХАНЧУК, начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама:
– Сёлета тэму вялікай настаўні-цкай нарады вызначылі так: “Рэалі-зацыя дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі ў Брэсцкай вобласці”. У новым навучальным годзе ўвагу будзем надаваць усім кірункам функцыянавання адукацыйнай сістэмы. У ёй усе аспекты важныя, актуальныя.
У дашкольнай адукацыі нас хвалюе павышэнне кваліфікацыі педагагічных работнікаў. Важна, каб у дашкольных установах працавалі не настаўнікі-прадметнікі ці людзі з іншай вышэйшай адукацыяй, а менавіта спецыялісты, якія ведаюць узроставыя, псіхалагічныя, сацыяльныя асаблівасці дзетак дзетсадаўскага ўзросту.
Для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ставім задачу павелічэння эфектыўнасці факультатываў, вядзення канструктыўнай прафарыентацыйнай работы. Будзем абсталёўваць кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі да якасці навучання гэтым навукам.
Што да сістэмы прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі, дык патрабуецца больш дакладнае вызначэнне лічбаў прыёму з улікам патрабаванняў рынку працы. Даўно гаворым аб умацаванні сувязей з рэальным сектарам эканомікі, прадпрыемствамі, арганізацыямі, каб выпускнікі ліцэяў і каледжаў сапраўды былі запатрабаваны на вытворчасці. Час перайсці да актыўных дзеянняў.
Увагу нададзім і спецыяльнай адукацыі. У рэспубліцы створана Дзяржаўная праграма развіцця спецыяльнай адукацыі на 2012-2016 гады. Неабходна максімальна адаптаваць дзяцей, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, павышаць ступень іх сацыялізацыі ў грамадстве.
Сёлета 1 верасня ў школы Брэстчыны прыйдзе 15020 першакласнікаў, а гэта на 369 больш, чым летась. Відавочна, што настаўнікі без працы не застануцца.
Аляксандр ДАБРАДЗЕЙ, загадчык рэсурснага цэнтра абласнога аграрна-вытворчага прафесіянальнага ліцэя, г. Драгічын:
– Пры падтрымцы аблвыканкама некалькі год ужо ідзе актыўнае тэхнічнае пераабсталяванне ўстаноў прафаду-кацыі, асабліва сельскагаспадарчага профілю. Набыць поўны комплекс дарагой тэхнікі, станкоў ва ўсе ўстановы немагчыма, таму ў вобласці сталі ствараць рэсурсныя цэнтры калектыўнага карыстання. Зараз іх тры: акрамя нашага, ёсць у Кобрынскім каледжы будаўнікоў (для будаўнічага профілю) і ў Баранавіцкім ліцэі машынабудавання (для машынабудаўнічага профілю). У нашым цэнтры навучанне ў групах па 3-5 чалавек дазволіла зрабіць максімальна індывідуальнай падрыхтоўку навучэнцаў пры практычнай адпрацоўцы вучэбных праграм. За мінулы навучальны год навучанне прайшлі 250 маладых людзей, праведзена стажыроўка для 13 майстроў вытворчага навучання.
І ўсё ж трох рэсурсных цэнтраў недастаткова. Кожная галіна павінна мець такі цэнтр, а для гэтага неабходна зацікаўленасць не толькі органаў улады, кіраўнікоў адукацыі, але і арганізацый, у якія прыйдуць працаваць выпускнікі прафесійна-тэхнічных устаноў, інавацыйных фондаў, якія маглі б падтрымаць ліцэі і каледжы спонсарскай дапамогай для матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Сяргей САРОКАЎ, начальнік аддзела адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама:
– Школа не павінна быць установай, дзе толькі вучаць чытаць, пісаць і лічыць. Важнай задачай для яе з’яўляецца выхаванне грамадзяніна, патрыёта з цвёрдымі ідэйнымі і маральнымі перакананнямі. У той жа час дасягненне пастаўленай мэты напрамую залежыць ад пазіцыі кожнага педагога, кожнага кіраўніка ўстановы адукацыі, бо школа – адно са звенняў працэсу фарміравання грама-дзянскай кампетэнцыі вучня, яго сацыялізацыі. Вось чаму ў нашым раёне пры рабоце з педагагічнымі кадрамі на першае месца ставіцца роль сучаснага настаўніка, яго сацыяльная адказнасць, значнасць яго актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Фарміраванню ў педагогаў разумення важнасці педагагічнай дзейнасці дапамагаюць сустрэчы з грамадскасцю, кіраўніцтвам раёна. І не толькі на настаўніцкіх канферэнцыях ды метадычных мерапрыемствах. Ні адно важнае дасягненне нашых настаўнікаў і іх вучняў не застаецца без увагі райвыканкама, сельвыканкамаў.
На Ганцаўшчыне склаўся станоўчы імідж педагагічнай прафесіі сярод вучняў. За апошнія тры гады прафесію настаўніка абраў кожны шосты выпускнік сярэдняй школы. Сёлета ў педагагічных ВНУ прадоўжаць сваю адукацыю 30 выпускнікоў. А каб усе яны вярнуліся ў раён, патрэбны комплексны падыход да замацавання кадраў.
Ірына КУНЦ, загадчык дзіцячага сада №1 г. Жабінкі:
– Да-школьная адукацыя апошнім часам інтэнсіўна разві-ваецца. Нашы ўстановы перасталі быць нібы адасобленым аб’ектам, а ўсё больш становяцца актыўна дзеючым і важным складальнікам сістэмы адукацыі. Паказальным лічу стварэнне ў вобласці савета загадчыкаў дашкольных устаноў, які мне даверылі ўзначаліць. Мяркую, што такое прафесійна-метадычнае аб’яднанне дапаможа развіццю дашкольнай адукацыі.
Карысць прыносіць і абагульненне вопыту работы лепшых працаўнікоў. Напрыклад, на Жабінкаўшчыне абагулілі вопыт музычнага кіраўніка дзіцячага сада №2 Святланы Рай па музычна-рытмічным развіцці дзяцей, а кіраўнік фізічнага выхавання дзетсада №4 Наталля Максімчук дзеліцца з калегамі вопытам па выкарыстанні нетрадыцыйных методык фізічнага выхавання.
Мне падаецца, што інфармацыю аб навацыях у дашкольным выхаванні, аб новых методыках адукацыі дзяцей да школы варта распаўсюджваць шырэй, каб з ёю маглі пазнаёміцца не толькі калегі (прынамсі, яны такую магчымасць маюць праз метадычную работу, семінары, курсы), але і бацькі нашых выхаванцаў. Вельмі важна змяніць іх пазіцыю ад “спажыўцоў паслуг” на “актыўных удзельнікаў” у жыцці дзіцячага сада. На жаль, у многіх сучасных бацькоў нейкае прыблізнае ўяўленне аб тым, што такое дзіцячы сад сёння і чым ён (а значыць, і іх дзеці) жыве.
Мы ўжо навучыліся на Брэстчыне забяспечваць стабільнае функцыянаванне сістэмы дашкольнай адукацыі, а цяпер варта сканцэнтравацца на яе ўстойлівым развіцці. Мяркую, што работнікам дашкольных устаноў гэта па сілах.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.