Аўтарскі праект пісьменніка Анатоля БЕНЗЕРУКА: “Вайсковая капліца – у імя міру”
Гэта першы і адзіны ваенны помнік на тэрыторыі Брэстчыны і ўвогуле на Беларусі, які належным чынам ушаноўвае малавядомую для шырокай грамадскасці падзею беларускай гісторыі ХVІІІ стагоддзя
Мемарыяльная капліца на месцы Крупчыцкай бітвы адкрыта восенню 2004 года ў вёсцы Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёна.
Крупчыцкая бітва адбылася 17 верасня 1794 года і стала найвялікшай у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі на Беларусі. Праўда, сам Касцюшка спяшаўся з Варшавы, але не паспеў, каб уласна ўзначаліць сілы паміж Кобрынам і Брэстам. 4000 паўстанцаў вёў у бой генерал-маёр Караль Серакоўскі. Яму насустрач ішоў генерал-аншэф Аляксандр Сувораў з войскам, утрая большым за паўстанчае. У той дзень на крупчыцкім вайсковым полі склалі галовы каля тысячы ваяроў, з іх – звыш 700 рускіх.
Бой быў жорсткі. І што прыкра: нашы продкі змагаліся па абодва бакі барыкад. Асаблівае ўражанне пакідае вобраз егераў Беларускага корпуса, што першымі па багнах пачалі самазабойчую атаку на цэнтр дывізіі Серакоўскага. Касцяк корпуса быў набраны ў 1780-х гадах у Беларускім генерал-губернатарстве. Гэтым егерам у немалой ступені супрацьстаялі паўстанцы-беларусы з Кобрына, Драгічына, Брэста, літоўскія коннікі.
Ужо ў 1860-ыя гады на землях памешчыка Відацкага паўстала першая драўляная капліца. Яе ўзвялі на пахаваннях паўстанцаў. Зімой 1899 года селянін Арцём Бабурчык засведчыў: “Пахаваныя палякі часткаю на пагорку ля гаці, часткаю – на ўзвышшы па дарозе да фальварка Янопаль. На маёй зямлі некалі стаяў стары крыж, падпёрты трыма камянямі. Паколькі крыж збуцвеў, я прыбраў яго гадоў 40 назад, таксама прыбраў і камяні. Старажылы мне казалі, што на ўзвышшы за Трасцяніцаю быў пахаваны рускі палкоўнік, забіты ў Крупчыцкую вайну. Там таксама стаяў рускі крыж, пафарбаваны чорнаю фарбай. Гадоў 35 назад ён зваліўся. У былыя часы мы шмат знаходзілі снарадаў і асколкаў на пагорку, дзе стаяў крыж, падпёрты камянямі”.
Восенню 1894 года надышоў час новай згадкі пра гісторыю. Святкаваліся сотыя ўгодкі бітвы. У памяць аб ёй у Чыжэўшчыне быў асвечаны вялікі храм-помнік, які мясцовыя клікалі “Сувораўскім”. Тутэйшыя згадвалі, як “каля грэблі праз Трасцяніцу 50 гадоў таму былі створаны ваенныя могілкі, дзе хавалі салдат з лазарэта ў Крупчыцах. Цяпер тыя могілкі пазарасталі хвояю”.
Цудоўная каменная царква, узве-дзеная па праекце пецярбургскіх архітэктараў Жубэра і Бенуа, паўстала, дзякуючы намаганням святара Міканора Катовіча. Храм-помнік славіў подзвіг сувораўскіх “цуда-волатаў”. У 1950-ыя гады на ўскрайку вёскі быў пастаўлены абеліск, зноў жа ў гонар Суворава.
Паўстанцы чакалі свайго часу яшчэ паўстагоддзя. Ідэя ўшанаваць ахвяр Крупчыцкай бітвы нарадзілася напярэдадні 200-х угодкаў паўстання. Спярша планавалася проста паставіць у Чыжэўшчыне памятны камень, аднак у 1997 годзе вырашана аддаць належную даніну павагі продкам, што змагаліся “за вольнасць нашу і вашу”, і на месцы пахавання, акрамя каменя, узвесці гожую мемарыяльную капліцу. Падставаю для гэтага быў факт існавання на мясцовых каталіцкіх могілках драўлянай капліцы, знішчанай у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Ідэя паходзіла ад Берасцейскага міжраённага Фонду Тадэвуша Касцюшкі і яго старшыні Леаніда Несцерчука. 6 студзеня 1995 года ад імя грамадскасці Брэстчыны ў Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь накіравалі зварот. У ім – прапанова неадкладна ўшанаваць падзею, што пакінула значны след у айчыннай гісторыі.
7 лістапада 1998 года быў заліты падмурак капліцы. Аднак мінула яшчэ пяць гадоў, пакуль у цэнтры сучаснай вёскі Чыжэўшчына з’явілася годная памятка, прысвечаная бітве 17 верасня 1794 года.
Пасля падзеі мінула 210 гадоў, калі 23 верасня 2004 года ганарова асвяцілі Крупчыцкую капліцу, пабудаваную па праекце жабінкаўскага архітэктара Сцяпана Кандрацюка.
У мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, Генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце, працоўных калектываў, школьнікі раёна.
Капліцу асвячаў настаяцель Свята-Уладзімірскай (“Сувораўскай”) царквы айцец Анатоль. Чырвоную стужку перарэзалі намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Леанід Цупрык і старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Мікалай Токар. Была прыгожая вайсковая імпрэза, гучалі шматлікія прамовы. Занатаваў для гісторыі словы, сказаныя ў той памятны дзень.
“У шэрагах ваяроў 1794 года былі хрысціяне, мусульмане, іўдзеі, – гаварыў Мікалай Токар. –
І сённяшні наш цырыманіял закліканы прымірыць іх душы паміж сабой. А нашу памяць –
перад гісторыяй. Каб больш ніколі насенне варожасці не прарасло на гэтым полі! Каб ніколі больш не было вайны! Вось чаму нашу капліцу вянчае крыж нябеснай заступніцы Беларусі Еўфрасінні Полацкай. Крыж, які прысутнічае як у праваслаўнай, так і ў каталіцкай цэрквах”.
Ва ўнісон гучалі словы Леаніда Цупрыка: “Узведзеная капліца адрозніваецца шэрагам значных асаблівасцей. Па-першае, капліца –
гэта першы і адзіны ваенны помнік на тэрыторыі Брэстчыны і ўвогуле на Беларусі, які належным чынам ушаноўвае малавядомую для шырокай грамадскасці падзею беларускай гісторыі ХVІІІ стагоддзя. Па-другое, капліца ўшаноўвае памяць аб ваярах самай вялікай бітвы падчас нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года на тэрыторыі Беларусі, а па колькасці яе ўдзельнікаў з двух ваюючых бакоў –
яна самая вялікая і жорсткая на тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Літвы. Па-трэцяе, капліца належным чынам ушаноўвае памяць аб паўстанні, якое адбылося фактычна на радзіме яго кіраўніка –
праслаўленага на ўвесь свет Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі. Узвядзеннем помніка-капліцы 1794 года мы вяртаемся ва ўласную гісторыю і паступова вяртаем сваю страчаную гісторыка-культурную спадчыну”.
Зараз на гранітных плітах піраміды, змешчанай у цэнтры капліцы, пералічаны палкі Серакоўскага і Суворава. На задняй пліце пад выяваю Божай Маці выбіты вершаваныя радкі:
Памолімся: хай Бог грахі даруе
І тым, хто па-геройску лёг
у бітве,
І тым, хто ісціну па-свойму
перайначваў,
І ўсім, хто сёння на зямлі
жыве!
Крупчыцкая мемарыяльная капліца пакрысе становіцца візітнай карткай Жабінкаўшчыны. Яе наведваюць госці з многіх краін свету. Напрыклад, зімой 2006 года тут пабывалі кадэты вайсковай акадэміі з Уэст-Пойнта (ЗША). Бо і за акіянам памятаюць справы Касцюшкі, што біўся за волю розных народаў.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.