Прысмакі і дывідэнды

Прысмакі і дывідэнды

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Больш за паўмільярда рублёў зарабілі прадпрыемствы, арганізацыі, прадпрымальнікі і рамеснікі Іванаўскага раёна ў час V Міжнароднага фестывалю “Мотальскія прысмакі”

Рашэннем Іванаўскага райвыканкама Ганаровымі грамадзянамі горада Іванава і Іванаўскага раёна вызначаны жыхары аграгарадка Моталь, вядомыя ў Беларусі людзі – Вячаслаў Мікалаевіч Каштальян, старшыня
ААТ “Агра-Моталь”, і  Мікалай Міронавіч Шыкалай, дырэктар філіяла “Кааппрам” Іванаўскага райспажыўтаварыства.
Сёлета праграма фестывалю была разлічана на два дні і прымеркавана да дня нараджэння адной з самых вялікіх вёсак Беларусі – Моталь.
Згодна легенды, 590 гадоў таму на шляху з Галіцкай Русі да Вялікага Княства Літоўскага прадпрымальны чалавек па імені Матыль пабудаваў карчму і заезны двор. Так з’явіўся гасцінны Моталь, якому пасля было падаравана Магдэбургскае права каралевай Бонай Сфорца.
З тых часоў у гэтых мясцінах сталі актыўна развівацца розныя рамёствы: ткацтва, бондарства, саломапляценне. Але асаблівага поспеху маталяне дасягнулі ў вытворчасці каўбасных і рыбных страў, вырошчванні гародніны і садавіны, хлебапячэнні.
Сучасным мясцовым жыхарам удалося не толькі захаваць старадаўнія традыцыі, але вывесці іх на якасна новы ўзровень. Як правіла, любая справа, за якую бяруцца маталяне, прыносіць ім не толькі вядомасць, але і прыстойныя дывідэнды. Фэст “Мотальскія прысмакі” – не выключэнне. За кароткі тэрмін ён стаў вельмі прывабным турыстычным прадуктам і паспяхова прадаецца вядучымі турфірмамі нашай краіны. Гэтаму спрыяе і тое, што ў Моталі ёсць свой музей народнай творчасці. Яго дырэктар Вольга Мацукевіч гатова гадзінамі распавядаць аб гісторыі роднага краю і сваіх земляках. Яна ж – непераўзыдзены майстар мотальскай кухні.
З кожным годам павялічваецца колькасць гасцей (сёлета – каля 10 тысяч) і шырыцца геаграфія краін, з якіх яны прыбываюць: Расія, Украіна, Польшча, Германія, Эстонія, Ізраіль… Дзякуючы фестывалю, расце папулярнасць тавараў, вырабленых у рэгіёне. Многія фірмы лічаць гэта мерапрыемства вельмі спрыяльнай стартавай пляцоўкай для раскручвання сваіх брэндаў. Да прыкладу, ААТ “Белсолад” сёлета ўпершыню правяло тут дэгустацыю напояў нядаўна набытага філіяла “Полацкае піва”, і яго работнікі засталіся вельмі задаволеныя фінансавым здабыткам. Як, зрэшты, і ўсе астатнія ўдзельнікі “Мотальскіх прысмакаў”. Да водараў пірагоў, шашлыкоў, каўбас і рыбы дадаўся ледзь улоўны пах эканамічнай выгады для рэгіёна, чаго і дамагаўся галоўны арганізатар фэсту – Іванаўскі райвыканкам.
Невыпадкова Канстанцін Сумар даў высокую ацэнку мерапрыемству. Пры гэтым асабліва адзначыў працавітасць і прадпрымальнасць мясцовага насельніцтва, іх адданасць і вернасць малой радзіме.
У абрадавай хатцы, якая належыць мотальскаму музею, для высокіх гасцей (а разам з губернатарам на “Мотальскія прысмакі” прыехалі Мікіта Маткоўскі – Генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў Брэсце, Іосіф Шагал – Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль у Беларусі, Яак Ленсмент – Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Эстонія ў Беларусі, Ралан Галус – консул Рэспублікі Польшча ў Брэсце…) была арганізавана дэгустацыя страў мотальскай кухні “Стравы з печы”. – На стол мы рыхтавалі самыя простыя стравы вясковай кухні: кашы – прасяную, прысыпаную, гарбузовую, дранікі з мясам і без яго, бліны жытнія і марцыпаны з агурочным расолам, мотальскую свежаніну, капусту сялянскую з кіслай капусты, – расказвае Вольга Мацукевіч, гаспадыня музея.– Якая страва больш за ўсё спадабалася Канстанціну Андрэевічу? –
спытала я. – Не паверыце! Ён быў у захапленні ад простай кіслай капусты і кашы прысыпанкі,  звараных у печцы, якіх не еў больш за 40 гадоў, – падзялілася сакрэтам мая суразмоўніца.
На памяць аб “Мотальскіх прысмаках” маталяне падарылі высокаму госцю духмяныя лекавыя травы, інкруставаны саломкай куфар і пажадалі збіраць у яго самыя галоўныя прысмакі – доўгія гады жыцця, здароўе і шчасце.
Фестываль праходзіў адначасова на некалькіх пляцоўках, злучаных кірмашамі. На адной з вуліц прадпрыемствы Іванаўскага раёна арганізавалі продаж сваёй прадукцыі. Сыры, гародніна і садавіна, рыба, хлеб, пірагі, тарты, печыва – усё ішло нарасхват. А каўбасныя чэргі проста гіпнатызавалі народ апетытнымі пахамі вэнджаніны і спецый. Людзі ахвотна “выварочвалі” змесціва сваіх кашалькоў, імкнучыся па поўнай праграме атрымаць асалоду ад свята. Больш за паўмільярда рублёў за тавары і паслугі папоўнілі касы прадпрыемстваў і арганізацый раёна, а таксама шматлікіх прадпрымальнікаў і рамеснікаў.
Не скупіліся ўдзельнікі фэсту на ахвяраванні для розных грамадскіх арганізацый інвалідаў, на будаўніцтва і рамонт храмаў. Да вечара празрыстыя скрыні стракацелі вялікай колькасцю рознакаляровых купюр, якія, без сумнення, дапамогуць тым, хто збірае іх на добрыя справы.
Здзіўлялі сваім непаўторным мастацтвам народныя ўмельцы і мастакі, радавалі добрай музыкай і песнямі самадзейныя і прафесійныя калектывы раёна: “Ярыца”, “Мужыкі”, “Калейдаскоп”, “Грай, гармонік”, “Палешукі”, “Сустрэча”, “Жураўка”, “Знаходка”, “Дзянніца”, “Андарак”, “Дзіва”, “Кротаўскі гармонік”, “Беларусачка”, “Залядынская гамонка”.
Да гаспадароў свята далучыліся госці: народны калектыў “Спадщина” (Украіна), ансамбль народнай песні “Перевесло” (Украіна), казацкі ансамбль “Вольная станица” (Расія), Заслужаны аматарскі калектыў “Крупіцкія музыкі” (Мінск), народныя ансамблі народнай песні “Весялуха” (Віцебская вобласць) і “Жытніца” (Гомельская вобласць), яўрэйская народная харэаграфічная група “Яўрэйскія танцы”.
Прыгожыя імправізаваныя павозкі з бочкамі “Мотальскай шурпы”, “Мотальскай медавухі”, “Мотальскай каўбасы” і “Мотальскай рыбы” дапаўнялі культурнае дзейства.
Раз-пораз з розных канцоў кірмашу даносілася замежная гаворка –  гэта госці з Еўропы і ЗША прыехалі ацаніць беларускую гасціннасць. Рэдкае свята можа пахваліцца такой папулярнасцю ў замежнікаў. Трэба заўважыць, што Моталь ужо стаў сапраўдным брэндам не толькі раёна, але і ўсёй Берасцейшчыны, праз яго праходзяць шматлікія турыстычныя маршруты.
Дзякуючы фестывалю, слава аб Іванаўскім раёне разляцелася па ўсім свеце. Дзе яшчэ можна паспрабаваць столькі спрадвечна беларускай ежы і напояў?! У гэтым пераканаліся ўсе, хто пабываў на грандыёзным свяце беларускай кухні ў аграгарадку Моталь. За што нізкі паклон яго жыхарам.

Марыя ФЕДАРУК, “НТ”,
Іванаўскі раён.
Фота аўтара

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Наш адказ Леанэлю Месі

Следующая запись

Аўтарскі праект пісьменніка Анатоля БЕНЗЕРУКА: “Вайсковая капліца – у імя міру”