Ляціце па свеце, срэбныя журавы!
20 лістапада Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла ў абарачэнне новую паштовую марку “Герб Ганцавічаў”
На блакітным полі варажскага шчыта – два срэбныя жураўлі. Іх палёт скіраваны ўвышыню, іх памкненні –
у сонечную будучыню. А залатыя зорка і паўмесяц узяты з дваранскага герба Гутэн-Чапскага, якому ў канцы XIX стагоддзя належалі Ганцавічы…
Сучасны герб палескага райцэнтра распрацаваны мясцовым архітэктарам Віталіем Пракуратам. І ў такім варыянце ён быў зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 29 студзеня 1998 года.
Як зазначыла дырэктар Брэсцкага філіяла Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі “Белпошта” Валянціна Пух, дагэтуль у нашай вобласці з серыі “Гербы гарадоў Беларусі” выйшлі маркі, прысвечаныя Брэсту, Давыд-Гарадку, Камянцу, Пінску і Кобрыну. Але, не хавала задавальнення Валянціна Мікалаеўна, упершыню гашэнне паштовай маркі на канверце “Першы дзень” праходзіла пры такім зычлівым шматлюддзі ды святочна-песеннай атмасферы.
Справа ў тым, што ў мінулую суботу ў гарадскім Доме культуры ганцаўчане шырока – з парадам сельгастэхнікі на плошчы і шыкоўнай выставай смакаты ад сельгас-прадпрыемстваў – адзначалі сапраўды ўсенароднае свята, Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Зала, больш чым на 300 месцаў, поўнілася героямі палёў і ферм, кіраўнікамі прадпрыемстваў, гаспадарак, устаноў і ветэранамі працы. Сімвалічна, што, акрамя Валянціны Пух і старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Уладзіміра Столяра, у цырымоніі гашэння маркі бралі ўдзел працаўнікі вёскі – пераможца абласнога спаборніцтва сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы зерня Дзмітрый Гарадзецкі з СГВК “Любашава” і старшыня СВК “Будча” Сяргей Мышкавец.
Гэтай незвычайнай для райцэнтра дзеі доўга і шчыра апладзіравала зала, не хаваючы гонару за родныя Ганцавічы. А чаму б і не радавацца?! Як сказала са сцэны кіраўнік Брэсцкага філіяла “Белпошты” Валянціна Пух, марка выйшла тыражом 45 тысяч. А гэта значыць, што дзясяткі, сотні канвертаў з выявай ганцавіцкага герба паляцяць па ўсім свеце, апавяшчаючы: ёсць Беларусь, а ў ёй – горад Ганцавічы, і людзі яго, нібыта тыя срэбныя журавы з геральдычнага сімвала, упэўнена імкнуцца ўвысь. Да міралюбства і святла…
Галіна МАЗІНА, “НТ”,
г. Ганцавічы.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.