Магчымасці падтрымкі інвестыцыямі праектаў развіцця пушчанскага рэгіёна былі разгледжаны на форуме, які прайшоў у Пружанскім і Камянецкім раёнах

Магчымасці падтрымкі інвестыцыямі праектаў развіцця пушчанскага рэгіёна былі разгледжаны на форуме, які прайшоў у Пружанскім і Камянецкім раёнах

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Вось-вось уступіць у строй абводная дарога вакол Белавежскай пушчы, будаўніцтва якой вялося па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Новая транспартная артэрыя можа і павінна паспрыяць пашырэнню інвестыцыйнай прасторы Берасцейшчыны і Гродзеншчыны, па тэрыторыі якіх яна праходзіць. Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар перакананы: “Дарога вакол пушчы – гэта той аб’ект, які дасць магчымасць пабудаваць не адзін дзясятак сэрвісных прыдарожных пунктаў. Безумоўна, мы зацікаўліваем інвестараў, але ж і сваім службам – упраўленню гандлю і паслуг аблвыканкама, абласному спажывецкаму таварыству – таксама трэба варушыцца”.
Да інвестыцыйнага форуму “Белавежская пушча – турызм і рэкрэацыя” толькі наша вобласць падрыхтавала больш за 20 прапаноў. Разам з патэнцыяльнымі інвестарамі іх вывучалі прадстаўнікі Упраўлення справамі Прэзідэнта, міністэрстваў транспарту, фінансаў, эканомікі, замежных спраў і іншых, а таксама спецыялісты свабодных эканамічных зон “Брэст” і “Гроднаінвест”, упраўленняў фізічнай культуры, спорту і турызму з усіх абласцей і горада Мінска, кіраўнікі прадпрымальніцкіх суполак краіны.
Удзельнікі форуму атрымалі магчымасць пазнаёміцца з інфраструктурай двух раёнаў нашай вобласці. Яны наведалі шэраг аб’ектаў, якія ўяўляюць цікавасць для турбізнесу: водны палац у Пружанах, турыстычныя комплексы “Мікалаеўскі” ў вёсцы Мокрае і  “Белавежтур” у Клятным. Па дарозе ў Музей прыроды Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” ўдзельнікі мерапрыемства пабывалі і на аб’ектах, якія пакуль што чакаюць сваіх інвестараў. Напрыклад, цікавыя прапановы маюць на Пружаншчыне па выкарыстанні вытворчай базы ТАА “Пружаны Авіяхімсэрвіс” для развіцця рэгіянальнага паветранага турызму. А на Камянеччыне гатовы аддаць інвестарам будынкі былых школы і Дома культуры ў вёсцы Белы Лясок, якая знаходзіцца літаральна на памежжы пушчы і ў непасрэднай блізкасці ад абводнай дарогі. “Турызму трэба развівацца найперш прыватнымі інвестыцыямі, а дзяржава павінна ствараць умовы, – лічыць міністр спорту і турызму Алег Качан. – Адным з самых перспектыўных напрамкаў з’яўляецца агратурызм. Каб прадукт быў запатрабаваны, неабходна паказваць яго шырока, настойліва прапаноўваць. Нам трэба ісці ў нагу з часам і нават недзе бегчы наперадзе”.
На пленарным пасяджэнні гаварылі пра ўнікальнасць Белавежскай пушчы і прыпушчанскага рэгіёна. Тое, што інтарэс людзей да гэтых мясцін не змяншаецца з гадамі, гаворыць аб стабільнасці турыстычнага бізнесу ў гэтай мясцовасці. Важна максімальна задзейнічаць патэнцыял пушчы, таму і ўносяцца прапановы па развіцці турыстычнай індустрыі з выкарыстаннем магчымасцей канкрэтных населеных пунктаў.
– У нас сёння ёсць усё неабходнае, каб зрабіць Беларусь цікавейшай турыстычнай дзяржавай, – падкрэсліў намеснік Прэм’ер-міністра краіны Анатоль Тозік. –  Прыродна-кліматычныя ўмовы задавальняюць многіх. Заканадаўчая база не перашкаджае прадпрымальным людзям рэалізоўваць самыя цікавыя праекты. Мы хочам і будзем рабіць усё неабходнае, калі спатрэбіцца – ствараць дадатковыя ўмовы, каб турыстычная галіна стала адной з вядучых у Рэспубліцы Беларусь. У нас ёсць шмат таго, чаго няма ні ў адной іншай краіне. І гэтым трэба карыстацца.
Наколькі выніковым атрымаўся форум, стане зразумела ў бліжэйшы час. Але першыя водгукі з’явіліся літаральна ў дзень правядзення мерапрыемства: сярод яго ўдзельнікаў знайшліся ахвотнікі пільней вывучыць інвестпрапановы па Белым Ляску.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
Пружанскі – Камянецкі раёны.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

На Брэстчыне нарыхтавалі ўжо звыш паўмільёна тон цукровых буракоў

Следующая запись

Брэсцкі мясакамбінат імкнецца да лідарства ў галіне…