“Партыя” паміж горадам і вандаламі працягваецца
Вандалы. Ход канём
“Партыя” паміж горадам і вандаламі працягваецца
Некалькі апошніх тыдняў самымі папулярнымі, калі можна ўжыць гэта слова ў дадзеным выпадку, сталі навіны пра нашэсце вандалаў у Брэсце. Нагадаю, што пачалося ўсё са знішчаных дрэў на вуліцы Савецкай, якія зламаў 26-гадовы брастаўчанін пасля таго, як пасварыўся з жонкай. Ці стала яму лягчэй? Вядома ж, не, бо за эмацыянальны парыў прыйшлося заплаціць амаль 4 мільёны рублёў.
Крыху пазней на той жа галоўнай пешаходнай вуліцы горада былі зламаны лаўкі. Каму і што спрабавалі даказаць гэтыя ньюсмейкеры, пакуль невядома, аднак у брэсцкім інтэрнэце пайшлі чуткі пра “серыйных” вандалаў. Аказалася – не без падставы.
Апошні ход у “партыі” з гарадскім пейзажам вандалы зрабілі канём. Нядаўна былі зламаны шахматныя фігуры каля абласнога Цэнтра маладзёжнай творчасці. Гэтыя скульптуры ўжо прыцягвалі ўвагу хуліганаў, аднак такога яшчэ не бачылі. Спецыялісты сцвярджаюць, што цалкам аднавіць кампазіцыю не атрымаецца. Што і каму даказалі ганебным учынкам невядомыя?!
Сумна не толькі ад таго, што такое адбываецца ў нашым горадзе, але і таму, што для многіх гэта ўжо становіцца нормай. Цяжка ўявіць сабе, што на цэнтральных вуліцах абласнога цэнтра не знайшлося сведкаў гэтых актаў вандалізму. Няўжо можна абыякава прайсці міма і застацца з чыстым сумленнем? Не паверу.
– Па факце вандалізму каля ЦМТ праводзіцца праверка ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, – расказаў намеснік начальніка Маскоўскага РАУС Валерый Ярось. – А для таго, каб пазбегнуць такіх выпадкаў, мы праводзім прафілактыку ў маладзёжным асяроддзі.
У адзін радок з вандалізмам можна паставіць і графіці антысеміцкага характару, што з’явіліся адразу ў некалькіх раёнах абласнога цэнтра. Калі немагчыма папярэдзіць такія паводзіны вандалаў, дык варта караць. Той факт, што адзін вінаваты знойдзены, дазваляе верыць у лепшае. “Партыя” працягваецца. І хто ў ёй выйдзе пераможцам – залежыць ад кожнага з нас. Давайце ж не будзем абыякавымі!
Вольга Свірыдовіч, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.