Беларусь

Пра мяне, закон і… кацяня


Каб завесці хатняга гадаванца, аднаго жадання мала
Суседская кошка ў канцы лета вывела нашчадкаў. Ды для гаспадароў новаспечанай мамы яе пухнатыя дзеткі, на жаль, сталі лішнім клопатам. Затое прыгожанькія гарэзы адразу ж палюбіліся чуллівым жыхарам дома, таму іх міска заўжды поўная малака ці іншых пачастункаў. Нават адсутнасць даху над галавой не хвалюе маленькіх: днём, скруціўшыся клубочкам, яны дрэмлюць у кветніку, а ноччу пільнуюць выпадковых прахожых.
Ды чым бліжэй да зімы, тым больш шкада бяздомных кацянят. Міжволі ўзнікае думка даць небаракам прытулак – змерзнуць жа! Ды, як высветлілася, каб стаць паўнапраўнай гаспадыняй жывёл, аднаго жадання мала. Трэба ўсё рабіць згодна з правіламі, бо іх парушэнне цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць.
Першы крок – рэгістрацыя жывёл. За падказкамі наконт яе можна звяртацца ў органы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Асабіста ў рукі выдаецца нумарны жэтон і заалагічны пашпарт, дзе прапісваюцца дадзеныя жывёлы і яго ўладальніка, інфармацыя аб прышчэпках, а таксама – правілы ўтрымання хатніх гадаванцаў. Калі чатырохногі сябар заблудзіцца, знайсці яго па персанальным нумары будзе лёгка. Да таго ж, каб  гадаванец не быў забіты брыгадай работнікаў, якія займаюцца барацьбой з безнагляднымі жывёламі, на ім павінен быць ашыйнік з жэтонам.
Крок нумар два – вакцынацыя пухнатага любімца супраць шаленства. Неабходнасць працэдуры не выклікае сумненняў, варта толькі дадаць, што, у адрозненне ад папярэдняй, яна бясплатная. І апошняе – стэрылізацыя. Вядома ж, выконваецца па жаданні. Можна абысціся і без крайніх мер, але трэба загадзя паклапаціцца пра нашчадкаў у тым выпадку, калі ваш гадаванец – “дзяўчынка”. А інакш яны таксама папоўняць сумную статыстыку бяздомных жывёл, якія рызыкуюць трапіць пад адстрэл…
Магчыма, некаторыя брастаўчане элементарна не знойдуць час на выкананне ўсіх пунктаў падобнай праграмы “ўсынаўлення”. А ў іншых мітусня можа цалкам адбіць жаданне абзавесціся чатырохногім любімцам. У маім жа выпадку ёсць яшчэ адно істотнае “але”: здымнае жыллё. Магчыма, што ў законных гаспадароў кватэры  на праблему бяздомных кацянят будзе зусім іншы погляд – нават цалкам супрацьлеглы майму. Як быць? Даць прытулак жывёлам нелегальна?..
З 2008 года ў Беларусі дзейнічаюць “Правілы рэгістрацыі і ўтрымання дамашніх жывёл”. Юрыдычныя аспекты пытання зафіксаваны і ў пастановах Савета Міністраў, Міністэрства аховы здароўя і нават Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Аднак адпаведнага закона аб абароне правоў жывёл у Беларусі пакуль няма. Уявіце сабе праект такога дакумента: што ў ім павінна быць, а чаго лепш пазбегнуць? Вельмі хочацца дапамагчы тым, хто ад прыроды не мае права голасу. Ды і чым кіравацца ў падобнай сітуацыі – прававымі актамі ці законамі сумлення? Магчыма, калі-небудзь паміж першым і апошнім можна будзе паставіць знак роўнасці…
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля