На ўрокі плавання ў райцэнтр прыязджаюць вучні ўсіх школ Маларыцкага раёна

На ўрокі плавання ў райцэнтр прыязджаюць вучні ўсіх школ Маларыцкага раёна

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Выдатны комплекс дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна ўвялі ў строй у 2010 годзе. Радасць была і трэнерам, і юным спартсменам – гандбалістам і лёгкаатлетам. Цяпер база для трэніровак палепшылася ў разы. Вось вам яскравы прыклад, калі бюджэтныя грошы ідуць на стварэнне рэальных умоў жыццядзейнасці народа, а таксама здаровага ладу жыцця.
Радасць была не толькі для спартыўнай супольнасці, але і для звычайных, часта далёкіх ад спорту людзей. У іх з’явілася магчымасць заняцца фізкультурай, найперш – плаваннем, у цывілізаваных умовах: у комплекс ДЮСШ уваходзяць два басейны – дзіцячы і для старэйшага ўзросту. Сёння блакітныя дарожкі распісаны на месяцы наперад. Плаваюць навучэнцы дзіцяча-юнацкай школы (гэта ўваходзіць у комплекс падрыхтоўкі юных спартсменаў). Плаваюць вучні ўсіх школ раёна. “Прыязджаюць у Маларыту на школьных аўтобусах разам са сваімі настаўнікамі фізкультуры на ўрокі па плаванні, якія праходзяць пад наглядам нашых інструктараў, – расказвае Святлана Галавій, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці ДЮСШ. – Вучым плаванню, між іншым, усіх жадаючых, пачынаючы з дзетсадаўскага ўзросту. Групы платныя, але ахвотных у іх займацца шмат”.
І старэйшым у гэтым спартыўным комплексе таксама рады. Як высветлілася, зацікаўленых правесці час на фізкультурна-спартыўных занятках, схадзіць у саўну, трэнажорную залу ў горадзе і раёне шмат. У жаночай паловы ў асаблівай пашане аквааэробіка. Святлана Васільеўна падзялілася сваімі назіраннямі: “Калі вы мяркуеце, што фізкультурай у вадзе займаюцца выключна дзяўчаты, каб стаць яшчэ больш прывабнымі, дык памыляецеся. На аквааэробіку з задавальненнем ходзяць жанчыны сярэдняга ўзросту і старэйшыя. Тлумачаць проста: выдатны адпачынак ад працоўных і хатніх турбот, ды і здароўю карысць”.
Не пагадзіцца з такімі аргументамі немагчыма. Таму ў басейне працуюць групы здароўя, таксама можна набыць абанемент і проста плаваць. А вось для пенсіянераў выдзелілі спецыяльную гадзіну, каб людзям сталага ўзросту не перашкаджалі шумныя дзеці, каб пажылыя маглі сябе адчуваць больш упэўнена ў коле равеснікаў і аднадумцаў.
Плаванне – гэта не профіль дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна. Але, відавочна, на басейн ёсць устойлівы попыт. Вось і не дзеляць на “сваё” і “чужое”, на “спартыўнае” і “аматарскае”. Галоўнае, каб дзеці, дарослыя не толькі пагаджаліся з правільнымі лозунгамі, словамі пра здаровы лад жыцця, фізкультуру і спорт, а кіраваліся імі штодня, ператваралі ў практычныя заняткі.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Маларыта.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

“Любоў не праходзіць ніколі”

Следующая запись

Узорнае літаратурнае аб’яднанне “Верасок” раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці г. Ганцавічы адзначыла сваё 35-годдзе