У абласным радзільным доме прайшоў “круглы стол”, прысвечаны праблеме здаровага мацярынства і дзяцінства

У абласным радзільным доме прайшоў “круглы стол”, прысвечаны праблеме здаровага мацярынства і дзяцінства

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Летась толькі ў абласным радзільным доме прынята больш за 6000 родаў. Галоўны ўрач установы Анатоль Дашко не сумняваецца – паказчык гэтага года будзе недзе на 300 родаў большы: “Прыемна, што нашы жанчыны пазнаюць шчасце мацярынства. Абласны радзільны дом – гэта перынатальны цэнтр III узроўню. Прыкладна 40 працэнтаў усіх нованароджаных рэгіёна з’яўляюцца на свет у нашай установе. У нас арганізаваны кансультацыйны прыём спецыялістаў, сучаснае медыцынскае абсталяванне дапамагае выхадзіць неданошаных немаўлят з крытычна нізкай вагой. Аб якасці дапамогі гаворыць той факт, што перынатальная і дзіцячая смяротнасць у нашай вобласці – адна з самых нізкіх у краіне”.
Па словах загадчыка акушэрска-абсервацыйнага аддзялення абласнога радзільнага дома Алены Салівончык, моцнае здароўе будучай мамы – вось з чаго пачынаецца паспяховая цяжарнасць, нармальныя роды і здароўе самога дзіцяці. “Для дзяўчат безумоўнай павінна стаць адмова ад курэння і алкаголю. Пры планаванні цяжарнасці жанчыне трэба загадзя пракансультавацца ў спецыялістаў, пралячыць “застарэлыя” балячкі, абследавацца на наяўнасць інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, і вылечыцца да наступлення цяжарнасці. Для прафілактыкі абаім бацькам мінімум паўгода да зачацця дзіцяці трэба прымаць фоліевую кіслату. Адказнасць будучых бацькоў
– вось што неабходна выхоўваць у моладзі. Праз наша аддзяленне сёлета прайшлі ўжо 1666 жанчын, у якіх цяжарнасць адбывалася з ускладненнямі. А кожнае ўскладненне – гэта фактар рызыкі для здароўя і маці, і дзіцяці”.
“Нараджальнасць расце, але здароўем дзяцей пахваліцца не можам, – прызнаецца загадчык абсервацыйнага аддзялення для нованароджаных Святлана Шышляева. – Усё, што адбываецца ў мацярынскім арганізме, адлюстроўваецца на здароўі малыша. Кожны трэці – чацвёрты з ліку народжаных у нас за 9 месяцаў гэтага года меў тую ці іншую праблему са здароўем. Медыкі карэкціруюць па магчымасці паталогію, але ж здароўе дзяцей закладваецца значна раней, залежыць ад здароўя бацькоў і ад таго, як мама падрыхтавалася да родаў, ці выконвала рэкамендацыі спецыялістаў”.
У ліку праблем здароўя сучасных жанчын у апошнія гады акрэслілася і такая, як цяжарнасць і ВІЧ-інфекцыя. Загадчык аддзела прафілактыкі ВІЧ/СНІДу абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Леанід Глебка тлумачыць: “Колькасць жадаючых захаваць цяжарнасць пры наяўнасці
ВІЧ-станоўчага статусу павялічваецца. Сёлета ў вобласці на ўліку з ВІЧ стаялі 39 цяжарных, 20 жанчын ужо нарадзілі. Усяго ж на свет у нас з’явілася 132 дзіцяці ад ВІЧ-інфіцыраваных маці, 79-ці малышам пастаўлены дыягназ “Здаровы”, у 11-ці пацверджана ВІЧ-інфекцыя, яшчэ 42 – застаюцца пад наглядам урачоў. Чым раней ВІЧ-інфіцыраваная маці стане на ўлік па цяжарнасці, пачне атрымліваць антырэтравірусную тэрапію, а потым бясплатна – адаптаваныя малочныя сумесі для малыша ва ўзросце да года, тым вышэй шанс засцерагчы дзіця ад хваробы. На жаль, нярэдкія выпадкі, калі жанчына аб сваёй ВІЧ-хваробе даведваецца толькі падчас цяжарнасці. Таму ёсць прапанова зрабіць для тых, хто ўступае ў шлюб, абавязковым тэст на ВІЧ”.
Загадчык аддзялення перынатальнай дыягностыкі, урач-генетык абласнога медыка-генетычнага цэнтра з кансультацыяй “Шлюб і сям’я” Ларыса Мальчук расказала: “Цэнтр праводзіць дыягностыку ў будучых мам, каб знізіць нараджальнасць дзяцей з прыроджанай паталогіяй. Мы можам правесці першасную прафілактыку яшчэ на этапе планавання цяжарнасці. Другасная прафілактыка – гэта дыягностыка ў цяжарных. У нас ёсць найноўшае абсталяванне, якое дапамагае выяўляць паталогію плода на ранніх тэрмінах цяжарнасці. Чым раней паставяць дыягназ, тым хутчэй будзе выпрацавана тактыка медыцынскай дапамогі”.
Галоўны ўрач дзіцячай паліклінікі №1 г. Брэста Таццяна Аўдзяйчук упэўнена: “Усім хочацца мець здаровых дзяцей, унукаў, але далёка не ўсе дбаюць аб належным жаночым і мужчынскім здароўі. Уважлівым павінна быць і стаўленне да рэкамендацый доктара. У нашай паліклініцы створаны “Цэнтр, дружалюбны да падлеткаў”. І мы гатовы вучыць падлеткаў правільнаму ладу жыцця, каб потым яны маглі стаць добрымі бацькамі і мець здаровых дзяцей”.
З канкрэтнай прапановай выступіў урач-псіхатэрапеўт ДУА “БАЦГЭіГЗ” Ігар Прэцкайла: “Часта высвятляецца, што моладзі не хапае дакладнай, праверанай інфармацыі пра здароўе. А што тычыцца таго, як ствараць правільную сям’ю, дык і ўвогуле яны нічога не ведаюць, а кіруюцца падманнымі ўяўленнямі ці парадамі сяброў. Па-мойму, час вучыць старшакласнікаў сямейнай навуцы, асабліва акцэнтуючы ўвагу на здароўі будучых бацькоў”.
Лідзія КУРБАТ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

“Любоў не праходзіць ніколі”

Следующая запись

Узорнае літаратурнае аб’яднанне “Верасок” раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці г. Ганцавічы адзначыла сваё 35-годдзе