Беларусь

  • Главная
  • Актуальна!
  • На сесіі абласнога Савета дэпутатаў зацверджаны праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэстчыны і бюджэт на 2013 год

На сесіі абласнога Савета дэпутатаў зацверджаны праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэстчыны і бюджэт на 2013 год


Панаваў святочны настрой. Пачатку сесіі папярэднічала пераднавагодняя раздача своеасаблівых падарункаў. Толькі не Дзедам Марозам, а міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанідам Зайцам. Ён уручыў заслужаныя ўзнагароды пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы травяністых кармоў у 2012 годзе.
Вось дык гонар! Сярод абласцей лепшай прызнана Брэсцкая, дзе для грамадскага пагалоўя на 1 умоўную галаву назапашана 23,2 цэнтнера кармавых адзінак. Пры вызначэнні пераможцы ўлічваліся таксама якасць кармоў і паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці. Сярод раёнаў Ганаровы дыплом за першае месца прысуджаны Брэсцкаму. За першае, другое і трэцяе месцы адпаведнымі дыпломамі і грашовымі прэміямі адзначаны СВК “Фядорскі” Столінскага, “Дарапеевічы” Маларыцкага і “Раданежскі” Кобрынскага раёнаў.
Сапраўды навагоднія падарункі да свята атрымалі камбайнеры, якія працавалі на нарыхтоўцы кармоў. Пераможца Аляксандр Бурчук з СВК “Валішча” Пінскага раёна –
легкавы аўтамабіль, Віктар Бушко з ААТ “Жураўлінае” Пружанскага і Валерый Якубовіч з СВК “АграНіва” Камянецкага раёнаў – мотаблокі. Алег Гаўруцікаў з ААТ “Айчына” Пружанскага, Аляксандр Каральчук з ААТ “Агракамбінат “Мір” Баранавіцкага і Віктар Самкевіч з СВК “Фядорскі” Столінскага раёнаў сталі ўладальнікамі халадзільнікаў.
Не засталіся ў крыўдзе і вадзіцелі. Аляксандр Маляўка з ААТ “Агракамбінат “Мір” Баранавіцкага раёна за перамогу ў спаборніцтве цяпер будзе ездзіць на матацыкле. Сем’і Аляксандра Бадака і Мікалая Гаўрыльчыка з ААТ “Агракамбінат “Мір” Баранавіцкага раёна атрымаюць асалоду ад дамашніх кінатэатраў. А Сяргей Леанец, Аляксандр Зданевіч і Пётр Мартынюк з ААТ “Айчына” Пружанскага раёна павезлі дамоў тэлевізары. Акрамя каштоўных падарункаў, пераможцы і прызёры адзначаны спецыяльнымі дыпломамі.
Завяршаючы прыемную місію, Леанід Заяц уручыў кіраўніку вобласці Канстанціну Сумару Падзячны дыплом за актыўны ўдзел у правядзенні свята “Кліч Палесся”.
На такой прыемнай ноце народныя выбраннікі прыступілі да абмеркавання пытанняў парадку дня 13-й сесіі абласнога Савета дэпутатаў 26 склікання. Са справаздачай аб чакаемым выкананні прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэстчыны перад дэпутацкім корпусам выступіў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. У сваім дакладзе ён не толькі агучыў выкананыя паказчыкі (па вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў гаспадарках усіх катэгорый, рэнтабельнасці продажаў у арганізацыях сельскай гаспадаркі, экспарце паслуг, рознічным тавараабароце) і тыя, што складваюцца ніжэй за гадавыя прагнозы (па валавым рэгіянальным прадукце, інвестыцыях у асноўны капітал, экспарце тавараў), але дэталёва прааналізаваў дзейнасць і ўклад кожнай галіны у выкананне прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэстчыны.
Агучваючы праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці на 2013 год, губернатар зазначыў, што ў ім ўлічаны тэндэнцыі і дынаміка функцыянавання эканомікі ў 2012 годзе, прапановы гаррайвыканкамаў, структурных падраздзяленняў аблвыканкама, суб’ектаў гаспадарання вобласці. Так, у 2013 годзе тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту павінен скласці 109,9 працэнта, экспарт тавараў без уліку нафты і нафтапрадуктаў, экспарту тавараў арганізацый, падначаленых рэспубліканскім органам дзяржкіравання, – 118 працэнтаў, экспарт паслуг без уліку экспарту паслуг арганізацый, падначаленых рэспубліканскім органам дзяржкіравання, – 118, 5
працэнта, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове –
195 мільёнаў долараў ЗША, намінальная сярэднемесячная зарплата – 4075 тысяч рублёў.
Выкананне прагнозных паказчыкаў будзе забяспечана за кошт мабілізацыі ўнутранага рэсурснага патэнцыялу, паляпшэння якасных параметраў работы прадпрыемстваў, арганізацыйна-адміністра-цыйнага рэсурсу галіновых і тэрытарыяльных органаў кіравання. І, вядома ж, за кошт мадэрнізацыі вытворчасці, укаранення новых тэхналогій, дысцыпліны і адказнасці кожнага работніка на сваім працоўным месцы, а гэта значыць – ад нас з вамі.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля