Народжаныя ў год Змяі: кіраўнік ААТ “Мурава” Пётр Білецкі
У год Змяі на свет з’явілася нямала знакамітых людзей. Сярод іх – класікі рускай літаратуры Мікалай Гогаль, Фёдар Дастаеўскі, Мікалай Някрасаў, Васіль Гросман, савецкі паэт Уладзімір Маякоўскі, спявачка Людміла Зыкіна, кампазітары Франс Шуберт, Аляксандра Пахмутава, баксёр Мухамед Алі, грузінская шахматыстка Нона Гапрындашвілі, былы прэм’ер-міністр Індыі Індзіра Гандзі, кітайскі палітык і дзяржаўны дзеяч Мао Цзэ Дун, 35-ы прэзідэнт ЗША Джон Кенэдзі, натураліст Чарльз Дарвін, мастак Пабла Пікасо. А яшчэ – многія кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Берасцейшчыны. Дырэктар КУВП “Манькавічы” Столінскага раёна Аляксей Мікуліч, старшыня СВК “Спорава” Бярозаўскага раёна Аляксандр Вярышка, старшыні СВК “Мілейкі” і “Квасевічы” Івацэвіцкага раёна Анатоль Комар і Віктар Алексяюк, а таксама дырэктар ААТ “Мурава” Пружанскага раёна Пётр Білецкі – пра апошняга наш аповяд.
Яго прозвішча, праўда, у сусветнай прасторы не такое гучнае. Затое на Пружаншчыне кіраўнік аднаго з лепшых сельгаспрадпрыемстваў раёна (на гэтай пасадзе Пётр Мікалаевіч ужо чвэрць стагоддзя), заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь у пашане. За кампетэнтнасць, адданасць абранай справе, любоў да зямлі ды гатоўнасць прыйсці на выручку калегі абралі Пятра Білецкага дырэктарам філіяла БААПС “Пружанскі раённы аграпрамысловы саюз”.
З гэтым чалавекам, які нарадзіўся амаль 60 гадоў таму, я і сустрэлася напярэдадні Новага года. Каб даведацца, якімі якасцямі змяі надзелены ён і як увогуле адносіцца да паўзучых істот. А заадно – пазнаёміцца, бо дагэтуль пра Пятра Мікалаевіча чула толькі ад калег-журналістаў.
…Як толькі ўбачыла дырэктара ААТ “Мурава”, адразу адзначыла адну з рыс, якімі па ўсходнім гараскопе надзелены людзі, народжаныя ў год Змяі: прывабны знешне. Блакітныя вочы, высакародная сівізна, мужны твар. А яшчэ – стыль, беззаганнасць ва ўсім, пачынаючы ад адзення. І элегантнасць.
На запытанне, ці верыць ў прадказанні астролагаў, Пётр Білецкі адказаў, што іншым разам праглядае іх, аднак больш з-за цікаўнасці. Увогуле ж, спадзяецца толькі на сябе.
– Для таго, каб нечага дасягнуць у жыцці, – распавядаў падчас сустрэчы дырэктар сельгаспрадпрыемства, – чалавек павінен быць упэўнены ў сабе, а для гэтага неабходна шмат працаваць над сабой.
Што гэта значыць? Ды ўсё проста. Каб быць моцным, падцягнутым і элегантным – штодзённа рабіць фіззарадку, не забываць пагаліцца. Гэтак жа ў адзенні і абутку: заўжды свежая сарочка, выпрасаваны касцюм і пачышчаныя туфлі ці боты. Для кіраўніка гэта асабліва важна, бо ён заўжды на вачах. Добры знешні выгляд надае любому чалавеку ўпэўненасці ў сабе. А калі ён яшчэ адукаваны і з шырокім кругаглядам (усяго гэтага ў Пятра Білецкага не адняць), дык без перабольшвання можна сказаць, што ён у жыцці адбыўся. Вопытны кіраўнік, пяшчотны муж, клапатлівы бацька і дзядуля. Разам з жонкай Ядзвігай, з якой пазнаёміліся яшчэ ў гады вучобы ў Гродзенскім сельгасінстытуце, выхавалі дзвюх дачок, маюць пяцёра ўнукаў. Дарэчы, Ядзвіга Баляславаўна нарадзілася ў год Пеўня. Менавіта людзі гэтага знака, згодна з усходнім гараскопам, складаюць ідэальны саюз з тымі, хто з’явіўся ў год Змяі. Вось і не вер пасля гэтага астролагам…
“А як жа мудрасць і празо-рлівасць?” – спытаеце вы. Пра гэтыя рысы Пётр Білецкі ўмаўчаў: маўляў, не мне пра гэта меркаваць. Затое спецыялісты ААТ “Мурава”, якія шмат гадоў працуюць побач з дырэктарам, зазначаюць: “У Пятра Мікалаевіча цудоўны характар. Ён стрыманы, ніколі не прымае рашэнняў з гарачкі.
Перш, чым пакараць работніка, сам перахварэе – ці не ў гэтым заключаецца мудрасць кіраўніка? Адказны, заўжды падтрымае рацыянальную прапанову спецыяліста, выслухае, дасць параду. Лічыць, што практычна з кожнай сітуацыі можна знайсці выйсце і вынік будзе станоўчы. Добразычлівы”.
– Ці верыце ў цуды? – пытаюся ў мужчыны.
– У дзяцінстве ўсе, бадай, вераць і ў Дзеда Мароза, і ў Снягурку, і ў тое, што гэта яны кладуць пад ёлку падарункі ў навагоднюю ноч. Я – не выключэнне, – чую ў адказ. – І гэта добра, што пачуццё нечага казачнага прысутнічае ў нашым жыцці. Хоць з гадамі вера гэта перарастае ва ўпэўненасць: цуды чалавек сам стварае. Варта толькі пастарацца – і ўсё здзейсніцца!
– А з непасрэднымі прад-стаўніцамі года Змяі сустракацца даводзілася? –цікаўлюся ў Пятра Мікалаевіча і, успомніўшы свой неймаверны страх перад паўзучымі прадстаўнікамі жывёльнага свету, дадаю: – Не баіцеся?
– Вялізнага страху не адчуваю. А калі сустракаю дзе, проста абыхо-джу, – адказвае ён.
– А самі можаце “ўкусіць” чалавека? – не супакойваюся я.
– Мае бацькі, звычайныя вяскоўцы, вучылі нас ніколі не рабіць людзям дрэнна. Гэтай навукі я і прытрымліваюся. Таго ж хачу пажадаць усім чытачам газеты, – пачула ў адказ. І не важна, у які год вы нарадзіліся. Асаблівасці жывёл могуць быць уласцівы людзям, галоўнае – заўсёды заставацца Чалавекам.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Пружанскі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.