Беларусь

  • Главная
  • Актуальна!
  • Начальнік упраўлення знешнеэканамічных сувязей аблвыканкама Ігар Калядзіч: “Сябраваць і прыемна, і карысна”

Начальнік упраўлення знешнеэканамічных сувязей аблвыканкама Ігар Калядзіч: “Сябраваць і прыемна, і карысна”


Брэстчына ў знешнеэканамічнай дзейнасці мае шмат партнёраў, але самым актыўным з’яўляецца, безумоўна, Расійская Федэрацыя. Менавіта стасункі з расіянамі ў нашым рэгіёне называюць стратэгічным курсам знешнеэкана-мічнага супрацоўніцтва. Яны хоць і сталі традыцыйнымі, але развіваюцца пастаянна. Аб гэтым расказвае начальнік упраўлення знешнеэканамічных сувязей камітэта эканомікі аблвыканкама Ігар КАЛЯДЗІЧ.
– Ігар Іванавіч, ці можна гаварыць аб пазітыўнай дынаміцы ўзаемаадносін Брэстчыны і Расійскай Федэрацыі?
– Безумоўна. Расійская Федэрацыя з’яўляецца для Брэстчыны адным з асноўных гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных партнёраў. На яе долю прыпадае каля 50 працэнтаў усяго тавараабароту. Пацвердзіць гэта можна лічбамі. Так, знешнегандлёвы абарот паміж вобласцю і Расіяй за 10 месяцаў склаў 1 мільярд 246 мільёнаў долараў ЗША. Калі параўнаць з адпаведным перыядам мінулага года, дык тэмп росту – 134,6 працэнта. Экспарт тавараў за 10 месяцаў перавысіў 1 мільярд долараў, імпарт –  244 мільёны. Можна гаварыць аб станоўчай дынаміцы не толькі берасцейска-расійскага тавараабароту, але і аб паступальным развіцці эканамічных узаемаадносін увогуле. Брэстчына заўсёды актыўна працавала з расійскімі рэгіёнамі. Ад дзелавых партнёрскіх стасункаў ні адзін бок адмаўляцца не збіраецца.
– Што з’яўляецца вызначальным у стратэгіі партнёрства нашай вобласці і рэгіёнаў Расіі?
– Мы рухаемся да пашырэння сяброўскіх кантактаў з рэгіёнамі Расіі, кіруючыся беларуска-расійскімі інтэграцыйнымі працэсамі. Нашы суб’екты гаспадарання праводзяць актыўную дзейнасць па павелічэнні экспартных паставак у Расію, пашырэнні асартыменту, паляпшэнні якасці прадукцыі, стварэнні суб’ектаў тавараправоднай сеткі. Напрыклад, сёлета былі падпісаны дылерскія пагадненні паміж ААТ “Пружанскі малочны камбінат” і расійскімі таварыствамі з абмежаванай адказнасцю “Прагрэс”, “Аграгандаль”, “МілкСтар” і  “Славентрэйд”, паміж ААТ “Лунінецкі малочны завод” і “ІП Прадашчук” з Краснадара. Да вядомых на расійскім рынку берасцейскіх таваравытворцаў (брэнды “Савушкін прадукт”, “Санта Брэмар” і іншыя, даўно знаёмыя расіянам) далучаюцца новыя.
Наша вобласць пастаянна праводзіць выставачныя мерапрыемствы ў рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. За 11 месяцаў у гэтым годзе арганізавалі 11 выстаў-кірмашоў у Заходняй адміністрацыйнай акрузе Масквы і Чырвонагвардзейскім і Неўскім раёнах Санкт-Пецярбурга. Рэалізавалі там прадукцыі амаль што на 2 мільёны долараў ЗША. Акрамя таго, прадстаўнікі дзелавых колаў Брэстчыны пабывалі з візітамі ў Рэспубліцы Башкартастан, Яраслаўскай і Растоўскай абласцях. Да нас прыязджалі прадпрымальнікі з Масквы, Маскоўскай вобласці, Ніжняга Ноўгарада. Зразумела, што непасрэдныя стасункі дапамагаюць хутчэй знайсці паразуменне з улікам інтарэсаў абодвух бакоў.
Хачу адзначыць, што стратэгія партнёрства з расійскімі рэгіёнамі будуецца не толькі з улікам эканамічных зносін. Актыўныя кантакты вобласць мае і ў сацыяльна-культурнай сферы: выконваюцца дамоўленасці паміж беларускімі і расійскімі ўстановамі адукацыі, аховы здароўя. Напрыклад, рэалізуецца дамова паміж Баранавіцкім дзяржуніверсітэтам і Расійскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя А.І. Герцэна, Палескім дзяржаўным універсітэтам і Ленінградскім дзяржуніверсітэтам імя А.С. Пушкіна. Вучні, настаўнікі ўдзельнічаюць у розных конкурсах, алімпіядах, канферэнцыях, фестывалях. Спартсмены з Масквы сёлета праходзілі падрыхтоўку на спартыўных аб’ектах Брэстчыны, расійскія артысты традыцыйна прыязджаюць на нашы фестывалі “Белая Вежа”, “Студзеньскія музычныя вечары”…
Вызначальным у нашай стратэгіі з’яўляецца партнёрства. Сябраваць заўсёды і прыемна, і карысна.
– Як сябе адчуваюць у нас прадстаўнікі бізнесу краіны-суседкі?
– Расійскія інвестары заўсёды дэманстравалі цікавасць да нашага рэгіёна. Напрыклад, з 71 прадпрыемства свабоднай эканамічнай зоны “Брэст” 22 створаны з удзелам расійскіх інвестыцый. Прадпрыемствамі з расійскім капіталам укладзена амаль 160 мільёнаў долараў ЗША інвестыцый. Прыцягненне расійскага капіталу ў арганізацыі свабоднай эканамічнай зоны спрыяла стварэнню ў нашай вобласці больш чым 3000 рабочых месцаў. СТАА “Сцім”, СП “Еўра Трэйд Брэст”, ІП “Чорны Чырвоны Белы”, ПУП “Гефест-Тэхніка” сталі візітнай карткай не толькі СЭЗ “Брэст”, але і ўсёй вобласці. На мой погляд, гэта гаворыць аб тым, што расійскім бізнесменам імпануе знешнеэканамічная палітыка рэгіёна, падтрымка прадпрымальніцтва, таму яны актыўна з намі працуюць.
– Ігар Іванавіч, а якія перспектывы беларуска-расійскага партнёрства найбольш прыцягальныя для нашага рэгіёна і атрымаюць развіццё ў надыходзячым 2011 годзе?
– Перспектыва відавочная: асвоіць новыя рынкі збыту ў аддаленых рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. Плануем правесці выставы-кірмашы ў Смаленску, Яраслаўлі, Маскоўскай вобласці. Будзем пашыраць тавараправодную сетку. Напрыклад, на 2011 год запланавана арганізацыя дылерскай сеткі ААТ “Бярозаўскі мясакансервавы камбінат” у сталіцы Расійскай Федэрацыі. На новы ўзровень павінна выйсці супрацоўніцтва з беларускімі дыяспарамі ў расійскіх рэгіёнах. Безумоўна, будзем запрашаць расіян на выставу-кірмаш “Брэст. Садружнасць” і на Брэсцкі інвестыцыйны форум. Мы хочам яшчэ шырэй паказаць інвестыцыйную прыцягальнасць Брэстчыны.
Мяркую, што ў новым годзе супрацоўніцтва Брэстчыны і расійскіх рэгіёнаў выявіць новыя магчымасці стасункаў і застанецца важным кірункам нашай знешнеэканамічнай дзейнасці.
Гутарыла Святлана ГОГАЛЬ, “НТ”.
Фота Юрыя МАКАРЧУКА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля