“Не” – святам!//Гуляюць усе!
“Не” – святам!
Разгубленыя погляды мужчын каля магазінных прылаўкаў нагадваюць пра тое, што набліжаецца жаночы дзень. Як неардынарна павіншаваць каханую? Што падарыць? Якім чынам здзівіць?
Добра, калі моцны пол турбуецца пра гэта.Аднак чаму толькі раз у год? Няўжо жанчыны заслугоўваюць, каб ім належыў толькі адзін дзень з 365-ці? Безумоўна, не! Таму прапаную аб’явіць байкот 8 Сакавіка. Няхай афіцыйна святочны дзень застаецца на старонцы календара, а свята мужчыны будуць ладзіць штодзень. Здаецца, немагчыма такое, бо традыцыя, якая склалася, цвёрда ўвайшла ў наша жыццё і стала даволі “зручнай” для мужчын.
Складваецца такое ўражанне, што Міжнародны жаночы дзень прыдумалі мужчыны, каб у астатні час прыгожая палова чалавецтва не разлічвала на разнастайныя падарункі і рамантычныя прыемнасці. Выключэннем з’яўляецца толькі той выпадак, калі ад нас, любімых, ім штосьці патрэбна – тут максімальна працуюць фантазія і прыроднае абаянне. А на любое наша незадавальненне можна з упэўненасцю сказаць: “Маўчы, жанчына, твой дзень – 8 Сакавіка!” Ну і дзе справядлівасць?
Шукаць справядлівасць кволым і бяскрыўдным жанчынам у свеце мужчын цяжка, ды і не патрэбна. Наш адказ моцнаму полу – 23 лютага. Думаю, не памылюся, што пад абаронцамі Айчыны даўно маюць на ўвазе ўсіх мужчын усіх узростаў. Таму ў гэты дзень сваю порцыю ўвагі і нават прэзент атрымлівае кожны хлопец, мужчына, дзядуля.
У народзе жартуюць, што падарунак мужчыне на Дзень абаронцаў Айчыны з’яўляецца інвестыцыяй у падарунак ад яго на 8 Сакавіка. Ні ў якім разе! Гэта мы запамінаем сакавіцкае віншаванне, а ў наступным годзе наносім “удар” нашым абаронцам шкарпэткамі, пенамі для галення, дэзадарантамі і адэкалонамі. Хоць абаронцы і з гумарам успрымаюць такія падарункі, а некаторыя нават абураюцца –
усё роўна ўсе задаволены, бо такі “джэнтльменскі набор” заўсёды спатрэбіцца.
З кожным годам мужчыны нават пачынаюць верыць, што яны сапраўды жадаюць атрымаць менавіта такія практычныя падарункі. Вось толькі незразумела, чаму яны не здагадаюцца, што неабходна жанчынам? Нічога складанага няма. Самы просценькі і стапрацэнтны варыянт –
выбраць нейкую дробязь у ювелірным магазіне: серабро, золата, брыльянты (пойдуць і маленькія) – не памыліцеся ніколі. Гэта ж вам не духі ці дэзадарант жаночы выбіраць – тут лёгка памыліцца з пахам. Тым больш, упрыгожыўшы сваю спадарожніцу на кругленькую суму, мужчына дакладна атрымае добры падарунак на наступны год. А што хочуць мужчыны, мы ўжо высветлілі – шкарпэткі і дэзадарант.
Ну, гэта ўсё – гумар. А калі сур’ёзна – дык навошта абмяжоўваць сябе рамкамі двух дзён на год? Радуйце любімых штодзень – і аддача не прымусіць сябе доўга чакаць. Прынамсі, новыя шкарпэткі, паважаныя мужчыны, у вас будуць заўсёды!
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Гуляюць усе!
Лепшыя святы – тыя, што адбываюцца ўнутры нас. Часам нават здаецца: для сапраўднага свята не патрэбна ні нагода, ні кампанія. Аднак так прыемна адчуваць сябе ў цэнтры ўвагі, атрымліваць кампліменты і падарункі. Хутка такая мажлівасць надарыцца, бадай, ва ўсіх жанчын краіны: праз тыдзень – 8 Сакавіка.
Гістарычна гэты дзень з’явіўся як сімвал салідарнасці жанчын у барацьбе за роўнасць правоў і эмансіпацыю: паважанай сёння традыцыі папярэднічаў знакаміты “марш пустых каструль”. Хоць свята даўно трансфармавалася ў шэраг разнастайных стэрэатыпаў, жанчына па-ранейшаму асацыюецца менавіта… з каструляй. Найлепшага падарунка для нас у гэты дзень мужчыны чамусьці не ўяўляюць. Тым не менш, прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва даўно змірыліся з экстравагантнасцю сваіх абраннікаў і навучыліся цаніць іх высілкі.
У розных куточках свету Міжнародны жаночы дзень мае свае асаблівасці. Напрыклад, у Літве ён успрымаецца як надыход вясны і кахання. Хоць гэты дзень у краіне не з’яўляецца афіцыйным выхадным, па колькасці прададзеных кветак ён пераўзыходзіць нават Дзень маці і Дзень Святога Валянціна. В’етнамцы віншуюць сваіх жанчын ужо на працягу двух тысячагоддзяў, ды раней падобнае свята лічылася данінай памяці адважным сёстрам Чынг, якія ўзначалілі вызваленчую вайну супраць кітайскай агрэсіі. Італьянскія жанчыны адзначаюць 8 Сакавіка без мужчын, выключна ў кампаніі сабе падобных, а ў Японіі на сакавік прыходзіцца аж два аналагічныя святы. Вядома ж, найбольш Міжнародны жаночы дзень прыжыўся менавіта ў краінах СНД.
Прадстаўніцы слабога полу часта скардзяцца, што большую частку святочнага дня даводзіцца праводзіць на кухні каля пліты. Аднак і да гэтага можна падысці з гумарам: маўляў, у сваім пакоі жанчына робіць усё, што душа пажадае: хоча – посуд мые, хоча – боршч варыць. Ды і сцэнарый свята, насамрэч, залежыць не столькі ад абставін, колькі ад уласнага жадання і настрою.
Не зважаючы на акалічнасці, жанчыны ўсё роўна з нецярпеннем чакаюць 8 Сакавіка. У гэты дзень, калі верыць словам, мы – самыя прыгожыя, мудрыя і гаспадарлівыя. Кожная з нас спадзяецца правесці свята па-сапраўднаму ўрачыста і атрымаць у падарунак тое, пра што так даўно намякае каханаму. Ды і гэта не самае галоўнае.
Хоць у большасці з нас няма нічога агульнага з Кларай Цэткін, хто сказаў, што мы не вартыя свята? Асабліва таго, якое прыходзіць з першым подыхам вясны і абуджае ўсё жывое ад зімовай спячкі. Вясна і жанчына – паняцці сінанімічныя, таму цалкам лагічна падкрэсліваць падобную тоеснасць агульным святам. І нават калі ў якасці падарунка вам зноў паднясуць чарговы сталовы посуд…
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.