Падтрымаць прыватніка
Абласны семінар-нарада на тэму «Аб мерах па далейшым павышэнні дабрабыту і якасці жыцця грамадзян, што прымаюцца органамі кіравання і самакіравання ў 2011 годзе, які аб’яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Годам прадпрымальнасці» прайшоў на базе Жабінкаўскага, Кобрынскага і Маларыцкага раёнаў
У ім прынялі ўдзел кіраўнікі Саветаў дэпутатаў базавага і пярвічнага тэрытарыяльных узроўняў, гар-, райвыканкамаў, грамадскага тэрытарыяльнага кіравання (старасты). З дакладам на пленарным пасяджэнні ў Маларыце выступіў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар.
У Жабінкаўскім раёне ўдзельнікі семінара наведалі пасёлак Ленінскі, вёскі Хмелева і Ракітніца. Усе гэтыя населеныя пункты маюць статус аграгарадкоў і вылучаюцца сярод іншых прыгожым добраўпарадкаваннем, тут многае зроблена для камфортнага пражывання людзей: дзейнічаюць сучасныя школы, амбулаторыі, магазіны, кафэ. У самім райцэнтры – цудоўны парк, абсталяваны ўсім неабходным для заняткаў спортам стадыён, іншыя сацыяльна-культурныя аб’екты.
Створаны на Жабінкаўшчыне і добрыя ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва. І як вынік: у раёне эфектыўна працуюць больш чым 50 прыватных унітарных прадпрыемстваў, 38 таварыстваў з абмежаванай адказнасцю, 15 фермерскіх гаспадарак, 13 прадпрыемстваў з замежным капіталам, 445 індывідуальных прадпрымальнікаў. Удзельнікі семінара пабывалі ў фермерскай гаспадарцы «Ева-Лэнд», якая спецыялізуецца на вырошчванні ў цяпліцах дэкаратыўных кветак і агародніны. Як расказала яе кіраўнік Ала Кухарчук, у станаўленні і развіцці вытворчасці вельмі дапамагла дзяржаўная падтрымка, крэдыты на 50, а затым яшчэ на 490 мільёнаў рублёў. На гэтыя грошы будаваліся цяпліцы, куплены грузавы аўтамабіль і трактар з неабходным інвентаром. Са збытам сваёй прадукцыі «Ева-Лэнд» не мае праблем: рэалізуе яе па ўсёй Беларусі і нават у Маскву.
У сваім дакладзе на пленарным пасяджэнні Канстанцін Сумар яшчэ раз падкрэсліў, што дзяржава будзе падтрымліваць прыватную ініцыятыву і прадпрымальніцкую дзейнасць. Гэта дазваляе эфектыўна вырашаць многія сацыяльна-бытавыя пытанні. На Брэстчыне ў сферы малога бізнесу занята 129 тысяч чалавек, а гэта 20 працэнтаў ад агульнай колькасці людзей, якія працуюць у вытворчасці. За мінулы год доля падатковых паступленняў ад суб’ектаў малога прадпрымальніцтва ў даходнай частцы кансалідуемага бюджэту вобласці склала 25 працэнтаў. Сёлета за пяць месяцаў створана яшчэ 511 малых прадпрыемстваў, зарэгістравана 3135 індывідуальных прадпрымальнікаў. Толькі на новых прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці створана 279 працоўных месцаў, атрымана прадукцыі на 1,2 мільярда рублёў. А ўсяго суб’екты малога прадпрымальніцтва Брэстчыны за пяць месяцаў дабавілі 6 тысяч працоўных месцаў.
Як адзначыў губернатар, сумы дзяржаўных датацый рэгіёнам паступова змяншаюцца, таму гар- і райвыканкамам, сельсаветам, іх структурным падраздзяленням недахоп фінансавых сродкаў неабходна кампенсаваць шляхам развіцця прадпрымальніцтва, шукаць іншыя накірункі работы. Для зніжэння ўплыву крызісных фактараў на эканоміку і сацыяльную сферу трэба актыўна займацца паступовым выключэннем імпартнага складальніка ў структуры затрат, шукаць шляхі нарошчвання экспарту як асноўнай крыніцы валютных паступленняў.
У якасці станоўчага прыкладу на семінары прыводзілі работу Мотальскага сельвыканкама Іванаўскага раёна. На тэрыторыі гэтага сельсавета працуюць 60 індывідуальных прадпрымальнікаў, паспяхова дзейнічаюць 17 прыватных унітарных прадпрыемстваў, тры цэхі па перапрацоўцы драўніны, тры брэндавыя прадпрыемствы. Кааператыў «Моталь» выпускае 30 відаў мясной прадукцыі. За мінулы год яе рэалізавана звыш 1000 тон. Прыватны бізнес забяспечыў работай 600 мясцовых жыхароў. У бюджэты розных узроўняў прадпрымальнікамі пералічана 1,1 мільярда рублёў, што дазваляе паспяхова вырашаць пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў і аб’ектаў сацкульт-быту. Мотальскі сельсавет – адзін з яскравых прыкладаў таго, як трэба шукаць шляхі павышэння жыццёвага ўзроўню людзей, выконваць задачы, што ставіць перад мясцовай уладай кіраўніцтва вобласці і рэспублікі.
Юрый МАКАРЧУК, «НТ».
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.