Беларусь

Пенсіі – розныя? А чаму?


У камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай  абароне абл-выканкама людзі прыходзяць з самымі рознымі пытаннямі. Хтосьці лічыць, што яму пенсію замалую налічылі, камусьці неабходна атрымаць матэрыяльную дапамогу. Кожнага наведвальніка спецыялісты камітэта ўважліва выслухаюць, растлумачаць, падкажуць. А сёлета тут вырашылі  праводзіць “прамыя лініі”. Такая форма работы, на думку кіраўніцтва камітэта, зменшыць не толькі колькасць наведвальнікаў , але колькасць зваротаў і скаргаў у вышэйшыя інстанцыі.
Напрыканцы студзеня  на пытанні грамадзян на “прамой лініі” адказала начальнік аддзела метадычнага забеспячэння назначэння пенсій і дапамог Лідзія САФРОНЕНКА.
Мікалай Гаўрылавіч Асавец, г. Брэст:
– Я 30 гадоў адпра-цаваў у будаўнічай арганізацыі, 10 з іх – з 1990 па 2000 год –  майстрам на новабудоўлях. А калі звярнуўся ў арганізацыю за даведкай, якая дае права на датэрміновую пенсію, мне адмовілі ў яе выдачы, матываваўшы гэта тым, што атэстацыя рабочых месц не праводзілася…
– Сапраўды, датэрміновыя пенсіі майстрам, якія працуюць у будаўнічых арганізацыях, пры выкананні ўмоў, прадугледжаных пенсійным заканадаўствам, могуць быць назначаны раней за агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост. Але пры гэтым да 1 студзеня 1992 года дакументамі павінна пацвярджацца занятасць на працягу поўнага рабочага дня толькі на новабудоўлях. Калі гэта быў рамонт, рэканструкцыя памяшканняў ці будаўніцтва сельскагаспадарчых аб’ектаў, такая пенсія не назначаецца. Пасля ўпамянутай даты ўмовы працы ў абавязковым парадку пацвярджаюцца атэстацыяй рабочага месца. У выпадку адмовы выдачы даведкі, удакладняльнай асаблівыя ўмовы працы, адміністрацыя павінна пісьмова паведаміць заяўніку аб прычыне адмовы, у тым ліку і тады, калі па нейкіх прычынах не праводзілася атэстацыя рабочага месца. Больш падрабязную кансультацыю можна атрымаць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцапражыванні. Для таго, каб устанавіць, ці праводзілася атэстацыя рабочых месц у арганізацыі, дзе Вы працавалі, пасля 1992 года, Вам таксама можна звярнуцца ў дзяржаўную экспертызу ўмоў працы.
Валянціна Мікалаеўна Сокал, г. Брэст, жыхарка Расійскай Федэрацыі:
– Мяне цікавіць назначэнне і выплата пенсіі пры пераездзе на пастаяннае месцапражыванне ў Беларусь.
– У адпаведнасці з дагаворам паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння ад 24 студзеня 2006 года пенсійнае забеспячэнне грамадзян РФ, якія пераехалі на пастаяннае месцапражыванне ў Беларусь, можа ажыццяўляцца рознымі варыянтамі. Спачатку заяўнік павінен атрымаць від на жыхарства. Пасля ён звяртаецца ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцапражыванні. Яму можа быць назначана пенсія ў адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 23 вышэйназванага дагавора: частка пенсіі за працоўны стаж да 1992 года будзе выплачвацца штомесяц Рэспублікай Беларусь, а частка пенсіі за  працоўны стаж  пасля 1992 года ў Расіі будзе выплачвацца раз у квартал расійскім бокам. Калі будзе выбраны варыянт атрымання пенсіі па грамадзянстве (пункт 2 артыкула 23 дагавора), уся пенсія  можа выплачвацца Расіяй адзін раз у квартал у пераразліку на беларускія рублі (канверціруе сама Расія). Больш падрабязную інфармацыю па гэтым пытанні можна атрымаць у органах сацыяльнай абароны па месцапражыванні.
Васіль Рыгоравіч Федасюк, г. Кобрын:
– Растлумачце, калі ласка, як праводзіцца  пераразлік пенсіі, назначанай датэрмінова ў 1999 годзе, з якога заробку?
– Згодна з нашым пенсійным заканадаўствам пенсіі, назначаныя да 2000 года, могуць пераразлічвацца з заробку работнікаў за апошнія 15 гадоў працы перад назначэннем пенсіі, з іх любыя 5 – запар. Заробак пасля назначэння пенсіі не ўлічваецца.
Таццяна Мікалаеўна Ніпарка, г. Брэст, Алена Мікалаеўна Стрыгалевіч, г. Брэст:
– Маці працуе даяркай. Ці мае яна права на датэрміновую пенсію?
– У адпаведнасці з пунктам Е артыкула 12 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” жанчыны, якія працуюць даяркамі на сельгаспрадпрыемствах, маюць права пайсці на пенсію ў 50 гадоў пры стажы не менш за 20 гадоў і пры ўмове  выканання ўстаноўленых норм абслугоўвання пагалоўя жывёлы. Нормы гэтыя павінны пацвярджацца пярвічнымі дакументамі. Пры іх адсутнасці права на датэрміновую пенсію на гэтай падставе няма.
Ларыса Аляксееўна Белавусава, г. Брэст:
– У кастрычніку гэтага года мне споўніцца 55 гадоў. Працоўны стаж – больш за 30 гадоў. Атрымліваю дапамогу па доглядзе за інвалідам 1-й групы. Ці магу я пайсці на пенсію датэрмінова?
– Артыкулам 11 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” ад 17 красавіка 1992 года ўстаноўлена, што права на пенсію па ўзросце маюць жанчыны пры дасягненні імі 55 гадоў і пры стажы работы не менш за 20 гадоў. Датэрміновыя пенсіі назначаюцца пры ўмовах, замацаваных у дзеючым пенсійным заканадаўстве (напрыклад, пры наяўнасці вызначанага прафесійнага (спецыяльнага) стажу), і не могуць быць назначаны раней агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту ў індывідуальным парадку ці ў выключных выпадках, у тым ліку і пры ажыццяўленні догляду за састарэлымі або інвалідамі 1-й групы.
Таццяна Пятроўна Пятровіч, г. Брэст:
– Працоўны стаж у мяне 23 гады. Праз год пайду на пенсію па ўзросце. Улічваючы тое, што працавала на нізкааплатных работах, разлічваць на вялікі памер пенсіі не магу. Ці можна  мне па дасягненні 55-гадовага ўзросту  назначыць пенсію з выпадку страты кармільца (у мяне нядаўна памёр муж)?
– Згодна з пенсійным заканадаўствам права на пенсію з выпадку страты кармільца маюць непрацаздольныя члены сям’і, якія знаходзіліся  на яго ўтрыманні. Жонка памерлага, якая знаходзілася на яго ўтрыманні, таксама мае права на пенсію, калі з’яўляецца непраца-здольнай. Такім чынам, пасля дасягнення 55 гадоў  можна звярнуцца  за назначэннем дадзенага віду пенсіі, памер якой на кожнага непраца-здольнага члена сям’і складае 40 працэнтаў сярэднямесячнага заробку кармільца. Калі ён акажацца вышэйшы за налічаную Вам па ўзросце, то можаце атрымліваць пенсію з выпадку страты кармільца.
Галіна Іванаўна Галоўчык, г. Брэст:
– Мне назначана пенсія за выслугу гадоў як педагагічнаму работніку ў канцы 2006 года. У цяперашні  час працую  не па спецыяльнасці і атрымліваю пенсію. Ці бу-дзе мне пасля дасягнення агульнаўстаноўленага ўзросту  дабаўлены стаж і зроблены пераразлік з заробку?
– Перыяды работы пасля назначэння пенсіі па ўзросце ці  за выслугу гадоў залічваюцца ў працоўны стаж, калі пенсіянер не атрымліваў за гэты час пенсію. А так як Вы атрымліваеце пенсію, стаж не можа быць дабаўлены.
Соф’я Рыгораўна, г. Івацэвічы:
– Маёй дачцэ 22 гады. Яна – студэнтка БДУ, замужам. Рашэннем суда ў 2010 годзе яе бацька прызнаны адсутным без вестак. На працягу апошніх 5 гадоў ніякай дапамогі не аказваў. Ці можна назначыць дачцэ пенсію з выпадку страты кармільца?
– Паколькі Ваша дачка з’яўляецца працаздольнай, для назначэння гэтага віду пенсіі неабходна ўстанавіць факт знаходжання яе на ўтрыманні зніклага бацькі. Гэты факт устанаўліваецца ў судовым парадку.
Святлана Пятроўна Краўцова, г. Брэст:
– Растлумачце, калі ласка, з якога моманту  ў стаж дзяржаўнай службы не ўключаецца перыяд знахо-джання жанчыны ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім трохгадовага ўзросту?
– Перыяд знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці  да дасягнення ім 1,5 года будзе ўключаны ў спецыяльны стаж да 1 студзеня 2000 года, да ўступлення ў сілу новай рэдакцыі Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Пасля гэтай даты ў стаж, які дае права на пенсію за выслугу гадоў, перыяд знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў не ўвойдзе.
Кацярына Іванаўна Сідаровіч, г. Брэст:
– Мне 54 гады, збіраюся на пенсію. У мяне трое дзяцей. Ці будзе залічаны ў мой  стаж час догляду за дзецьмі ў перыяды, калі не працавала?
– У працоўны стаж для назначэння пенсіі (згодна з пенсійным заканадаўствам) залічваюцца водпускі па доглядзе за дзецьмі і догляд за дзецьмі да дасягнення імі трохгадовага ўзросту, але не больш за 9 гадоў у агульнай колькасці.
Наталля Мікалаеўна Сяргеева, г. Брэст:
– Бабулі ўстаноўлена 1-я група інваліднасці. Ці будзе ёй якая-небудзь даплата да пенсіі?
– Да пенсіі па ўзросце ўстаноўлена надбаўка на догляд. Інвалідам 1-й групы – 100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, які ў цяперашні час складае 70760 рублёў (з 1 лютага – 74200 рублёў). Гэтыя выплаты пераглядаюцца штоквартальна ў адпаведнасці са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Калі Вашай бабулі больш за 80 гадоў, дык трэба мець на ўвазе, што надбаўка на догляд у памеры 50 працэнтаў ёй ужо выплачваецца. Таму сума надбаўкі на догляд у Вашым выпадку павялічыцца толькі на 50 працэнтаў.
Ірына Валер’еўна Зінькевіч, г. Жабінка:
– Сёлета мне спаўняецца 55 гадоў. Збіраюся на пенсію. Як будзе вызначацца заробак для яе вылічэння?
– Асобам, якія ідуць на пенсію, яна вылічваецца з адкарэкціраванага сярэднямесячнага фактычнага заробку за любыя 5 гадоў запар (па выбары асобы) з апошніх 15 гадоў работы (выплаты абавязковых стра-хавых узносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва) незалежна ад існуючых перапынкаў. Пачынаючы з 1 студзеня 2000 года, штогод пры назначэнні пенсіі 5-гадовы перыяд, за які ўлічваецца заробак для вылічэння пенсіі, а таксама 15-гадовы перыяд, з якога ён выбіраецца тым, хто звярнуўся за пенсіяй, павялічваецца на адзін год, але не больш, чым да колькасці поўных гадоў фактычнага працоўнага стажу. Такім чынам, у 2011 годзе пенсія вылічваецца з заробку за апошнія 27 гадоў працы, з іх 17 гадоў запар.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля