Беларусь

Перад выбарам


ПАДЫХОДЗІЦЬ ДА ФІНІШУ ПРЭЗІДЭНЦКАЯ КАМПАНІЯ Ў БЕЛАРУСІ
Шмат ужо сказана і кандыдатамі, і пра кандыдатаў. Я добрасумленна выслухаў тэлевыступленні ўсіх. На сустрэчах з некаторымі  быў.  Паслухаў і іх, і людзей, якія задавалі пытанні. Дык што могуць даць людзі, якія сёння прэтэндуюць на тое, каб кіраваць Беларуссю наступныя 5 год, нашай Бацькаўшчыне? Ці лёгка ім агітаваць за сябе?
Найлягчэй, пагодзімся з альтэрнатыўнымі кандыдатамі, агітаваць за сябе Аляксандру Лукашэнку. Не таму, што ён часцей з’яўляецца на экране. Тым больш, што яго з’яўленне ў СМІ – гэта прадстаўленне не кандыдата, а дзеючага Кіраўніка краіны. Лягчэй таму, што бачны вынік яго дзейнасці як Прэзідэнта. А гэта моцны аргумент, якому часта не могуць апаненты нешта сур’ёзнае супрацьпаставіць.
Зрэшты, і іншых кандыдатаў нельга ўяўляць такімі катамі ў мяшку. Што будуць рабіць з Беларуссю, яны збольшага ведаюць. Толькі ці трэба краіне такія землятрусы, як некаторыя з іх прапанавалі?
Скажам, Рымашэўскі хоча правесці адміністрацыйную рэформу, вынікам якой стане ўтварэнне 23 абласцей, рэгіёнаў ці паветаў (кандыдат, здаецца, канчаткова не вызначыўся з назвай). Але што гэта дасць краіне, акрамя ламання ўстаялага адміністрацыйнага дзялення? Ці думае кандыдат пра тое, што такая рэформа пацягне за сабою новую пашпартызацыю ўсяго беларускага народа і змену ўсіх юрыдычных адрасоў?
Шэраг кандыдатаў збіраецца адначасова зніжаць падаткі і павялічваць сацыяльныя выплаты. Адкуль будуць браць грошы – загадка.  Правільна, нашто цару думаць: “Хай міністры думаюць. Не царскае эта дзела!”
Але ж тыя міністры, якія будуць у іх урадах, нешта не надта сябе зарэкамендавалі, раней займаючы гэтыя пасады.
Калі Яраслаў Раманчук гаворыць, што прэм’ерам пры ім будзе Анатоль Лябедзька – запіснымі таварышамі якога з’яўляюцца хлопцы з “каманды Ельцына”, якія гэтак удала рэфармавалі Расію, што дзевяностыя гады мінулага стагоддзя ў яе гісторыі засталіся “ліхімі” – то мне асабіста не хочацца, каб дзясятыя гады дваццаць першага стагоддзя з такой самай назвай увайшлі ў беларускую гісторыю.
Яраслаў Раманчук першым прыехаў на Берасцейшчыну, у раёне Тамашоўкі закапаў, потым выкапаў прывезены з сабою муляж памежнага слупа. Гэты ўчынак, па словах кандыдата, павінен быў сімвалізаваць адкрытасць у будучым беларускіх межаў. Бо сёння ў нас, між іншым, “агрэсіўная мытня”.
Дарэчы, Раманчук на сваім прыкладзе паказаў неэфектыўнасць палітыкі “вочы ў вочы” або “ад дзвярэй да дзвярэй”. Маўляў, дастаткова людзям “пачуць праўду”, як яны адразу ж робяцца “прыхільнікамі перамен”. Агітаваў Яраслаў Часлававіч у Прыбужжы Антаніну Ільінічну Лушчай, сястру Пятра Клімука. А тая ўсё роўна сказала, што галасаваць будзе за Лукашэнку. Вось вам і “праўда”!
Калі загаварылі пра праўду, то хочацца згадаць пра чалавека, які гэтае слова зрабіў часткаю грамадзянскай акцыі –
Уладзіміра Някляева. Яго ініцыятыва “Гавары праўду” ў пэўнай ступені дадала палітычнай пазнавальнасці Уладзіміру Пракопавічу. Засяроджваю ўвагу на слове “палітычнай”, таму што як паэт Някляеў добра вядомы, і шэраг яго песень даўно прыйшліся даспадобы слухачам.
Але часам кандыдат, здаецца, сам не заўсёды карыстаецца брэндам, што прапаноўвае выбаршчыкам. Так, пасля збору подпісаў Уладзімір Пракопавіч абвясціў, што падтрымка ў альтэрнатыўных кандыдатаў прыкладна  такая ж, як і ў дзеючага Кіраўніка краіны: у яго мільён подпісаў, і ў іх, на ўсіх, таксама прыкладна ж гэтулькі. І дзе ж тут памылачка? А вось дзе: адзін чалавек можа на этапе збору подпісаў свой аўтограф пакінуць за некалькіх прэтэндэнтаў. Што многія і рабілі. Сведкамі гэтаму – тыя берасцейцы, што бачылі збор подпісаў у раёне Цэнтральнага рынку…
Я закрануў толькі частку прозвішчаў са спіса прэтэндэнтаў. У астатніх таксама шмат цікавага можна прачытаць або пачуць. І тут не з’яўляецца перашкодаю адсутнасць эфіру на БТ. Сёння ў Беларусі 3,5 мільёна карыстальнікаў інтэрнэту. Гэта да пытання пра тое, што “сённяшні рэжым” нібыта ўпарта трымаецца за старое. Калі ў краіне 3,5 мільёна інтэрнэт-карыстальнікаў, калі мы будзем будаваць атамную электрастанцыю, збіраемся ўвайсці ў лік касмічных дзяржаў – гэта старое, то што ж тады новае? Адмова ад энергетычнай бяспекі, ад войска, мытні? Пры такой палітыцы нам зноў хутка прапануюць уступіць куды-небудзь шасцю абласцямі. Ці дваццаццю трыма? Можа, гэта і будзе навізною? Але ці трэба нам такія перамены?..
Ігар САХАРУК,
г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля