Пераможцам абласнога конкурсу бацькоўскіх клубаў цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі стаў клуб “Дарослыя і дзеці” з Пружан

Пераможцам абласнога конкурсу бацькоўскіх клубаў цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі стаў клуб “Дарослыя і дзеці” з Пружан

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Даверыцца свету
Яшчэ не забыліся тыя часы, калі дзіця-інвалід было патрэбна толькі сям’і. На бацькоўскія плечы клаліся клопаты і аб здароўі, і аб навучанні малых. Для многіх асаблівае дзіця ў доме азначала толькі адно: адмаўленне ад звыклага ладу жыцця, эмацыянальнае напружанне і адсутнасць нават прывіднай надзеі, што такі сын ці дачка хоць калі-небудзь пакінуць свой пакой, сцены якога ўяўляліся непера-
адольным бар’ерам паміж дзіцём і знешнім светам.
Але паступова грамадства стала змяняць адносіны да дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а сацыяльная скіраванасць унутранай дзяржаўнай палітыкі падштурхнула да развіцця рэабілітацыйнай работы з інвалідамі. Прыйшло жаданне гэтыя самыя абмежаваныя магчымасці пашырыць, чым даць палёгку і сям’і. З’явіліся цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, знайшла падтрымку ідэя інтэграванага навучання. Сёння ў вобласці працуе 21 такі цэнтр, а ў 20-і гарадскіх і раённых ёсць бацькоўскія клубы. Менавіта яны, на думку дырэктара абласнога ЦКРНіР Таццяны Жук, дапамагаюць навучыць бацькоў правільна адносіцца да асаблівых дзяцей, падтрымліваюць іх у няпростых жыццёвых сітуацыях, адкрываюць свет такім сем’ям.
Работа вядзецца рознабаковая. Каб убачыць яе, пераняць вопыт, нечаму навучыцца, прыдумалі конкурс бацькоўскіх клубаў цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Вырашана было праводзіць яго раз у два гады. Сёлета конкурс адбыўся ў другі раз.
Клубы стваралі летапісы, прыдумвалі рэкламу сваёй дзейнасці. У межах конкурсу прайшлі трэнінгі, дзелавыя гульні, “круглы стол” па праблемах выхавання асаблівых дзяцей. Ацэньвалася і работа спецыялістаў цэнтраў, і дзейнасць саміх бацькоў. У выніку ў фінал выйшлі клубы “Не побач, а разам” з Лунінца, “Дарослыя і дзеці” з Пружан, “Міласэрнасць” з Ляхавіч, “Мастацтва быць бацькамі” з Бярозы, “Гармонія” з Жабінкі, “Любячыя сэрцы” са Століна, “Дэльфін” (цэнтр “Веда”) і “Садружнасць” (цэнтр “Стымул”) з Брэста.
На сцэне абласнога ЦМТ усе стараліся паказаць сябе з найлепшага боку. Жыццесцвярджальныя і крэатыўныя візітныя карткі расказалі аб гісторыі і справах клубаў. Конкурс сітуацый прадэманстраваў педагагічныя, псіхалагічныя і сацыяльныя навыкі бацькоў. У конкурсе капітанаў праверылі прафесійную кампетэнтнасць спецыялістаў, якія працуюць з клубамі, а таксама тэарэтычныя веды бацькоў па сямейна-прававой і вучэбнай тэматыцы. А ў конкурсе “Маё хобі” каманды здзівілі таленавітасцю, майстэрствам і гаспадарлівасцю. Гэта неверагодна, але, маючы дзяцей-інвалідаў, якія патрабуюць пастаяннай увагі, бацькі знаходзяць сілы і час, каб займацца кветнікамі і рыбнай лоўляй, вышываць карціны і плесці неверагоднай прыгажосці рэчы з бісеру, пісаць вершы і спяваць…
Той пазітыў, які бацькі знаходзяць у клубах карэкцыйна-развіваючых цэнтраў, яны прыносяць у сем’і. Усё атрымаецца, калі разам брацца за справу. З пераканаўчай відавочнасцю гэтае меркаванне пацвердзіў і абласны конкурс. А старшыня журы, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ірына Чоўжык, нагадала: “Трэба памятаць, што няма ненавучаемых дзяцей. Нашы дзеці маюць патрэбу ў падтрымцы. Ёсць спецыялісты, якія гатовыя аказаць такую падтрымку, яны ведаюць, як дапамагчы. І гэта вельмі важна, каб бацькі зразумелі: іх не пакінуць сам-насам з цяжкасцямі, калі ў сям’і расце асаблівае дзіця”.
Прызы і дыпломы атрымалі ўсе ўдзельнікі фіналу. Безумоўна, асабліва радаваліся пераможцы –
бацькоўскі клуб Пружанскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Добра, што бацькі хочуць вучыцца самі і вучаць сваіх дзетак даверыцца свету, а супрацоўнікі спецыялізаваных цэнтраў дапамагаюць ім адкрыць саміх сябе.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Фота Юрыя МАКАРЧУКА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

ЗАПРАШЭННЕ ДА ШЧАСЦЯ

Следующая запись

Апранем клубніцы ў шубкі