ЗАПРАШЭННЕ ДА ШЧАСЦЯ

ЗАПРАШЭННЕ ДА ШЧАСЦЯ

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Нашы жанчыны імкнуцца быць патрэбнымі і ў сям’і, і ў грамадстве
Ролю жанчыны ў любой сферы дзейнасці цяжка пераацаніць. Бо яна – у пастаяннай працы і клопатах, ёй прыходзіцца быць моцнай і прынцыповай. Жанчыны ніколі не заставаліся ўбаку ад грамадскіх і палітычных падзей, гарманічна спалучаючы ў сабе фізічную слабасць і сілу духу. Яны нароўні з мужчынамі знаходзяцца на перадавых рубяжах грамадскага жыцця.
Гэтыя думкі былі цэнтральнымі ў рабоце выязнога пленума абласнога аддзялення ГА “Беларускі саюз жанчын”, на якім напрыканцы мінулага тыдня абмяркоўвалася роля жанчыны ў сацыяльна-эканамічным развіцці Іванаўскага раёна. З усіх куточкаў Берасцейшчыны з’ехаліся жанчыны-актывісткі на чале са старшынёй абласнога аддзялення Ірынай Арабей (на здымку – трэцяя справа).
Намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама Алена Дарагакупец пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з гісторыяй і інфраструктурай раёна. А старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Майсейчык (яна ж – старшыня Іванаўскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”), вітаючы гасцей, адзначыла: жанчыны – свайго роду лакаматыў, які вязе ўсё і ўся, што ёсць у нашым грамадстве. Пры яе ўдзеле развіваецца ў нас усё добрае, пазітыўнае, а гэта сведчыць пра тое, што жаночы рух жыве і развіваецца. Жанчына ў сучасным свеце не страціла сваёй значнасці, яна – мудрая, дасканалая, высакародная, добразычлівая, разумная.
Святлана Іванаўна прывяла прыклады, якія ярка дэманструюць ключавую ролю жанчын у разнастайных сферах дзейнасці. Аднак, на яе думку, неабходна больш увагі надаваць вырашэнню надзённых жаночых праблем на працоўных месцах і ў грамадскіх арганізацыях, у сям’і. Асаблівай увагі патрабуюць пытанні захавання здароўя жанчын, дзяцей, сям’і ў цэлым.
Удзельнікі выязнога пленума наведалі ПУГП “Святлана”, якім кіруе член прэзідыума раённай арганізацыі Святлана Шушман. Яна з’яўляецца ўладальніцай прыватнай міні-пякарні, некалькіх магазінаў, а таксама безалкагольнай кавярні для дзяцей і моладзі, тым самым забяспечваючы працай больш за 70 чалавек. Адметна, што гэтая прадпрымальніца не застаецца раўнадушнай да чужых праблем і актыўна займаецца дабрачыннай дзейнасцю.
Парадаваў гасцей чысцінёй і ўтульнасцю прыватны рынак “Альфард”, заснавальнікам якога стала прадпрымальная Наталля Федарук. Тут створаны добрыя ўмовы працы для 300 індывідуальных прадпрымальнікаў, і большасць з іх – вядома ж, заўзятыя, энергічныя жанчыны.
Жанна Парфеявец, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама, захоплена расказала аб праведзенай вялікай рабоце па арганізацыі працоўных майстэрняў для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ў цэнтры сацыяльнай абароны насельніцтва. Дарэчы, тут многія ўдзельніцы пленума набылі на памяць розныя вырабы з пацерак, штучныя кветкі і пано. А з арганізацыяй працы і вольнага часу жанчын госці пазнаёміліся, калі пабывалі ў працоўных калектывах філіяла “Марыля” Іванаўскага райспажыўтаварыства і СВК “Дружылавічы”. Шмат станоўчых эмоцый падарыла наведванне мясцовай нядзельнай школы і праваслаўнага храма.
Завяршылася мерапрыемства знаёмствам з экспазіцыяй Мотальскага музея народнай творчасці і абменам думкамі аб арганізацыі працы ў Іванаўскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, якая лічыцца адной з лепшых у рэспубліцы. Зазначу: пасля ўбачанага не падвяргаўся ніякаму сумненню той факт, што жанчыны адыгрываюць надзвычай важную ролю ў развіцці не толькі Беларусі, але і кожнага яе рэгіёна.
Марыя ФЕДАРУК, “НТ”,
Іванаўскі раён.
Фота аўтара.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Горкі палын спалохае шкоднікаў

Следующая запись

Пераможцам абласнога конкурсу бацькоўскіх клубаў цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі стаў клуб “Дарослыя і дзеці” з Пружан