Беларусь

У ПЕРШЫ ДЗЕНЬ ВАЙНЫ…


Мікалай Багацееў не паспеў ажыццявіць усё задуманае, але зрабіў дастаткова,
каб упісаць сваё імя ў гісторыю
Нямецкія лётчыкі не маглі не бачыць вялікія чырвоныя крыжы на дахах ваенных шпіталяў. І тым не менш ворагі бамбілі Валынскае ўмацаванне, бамбілі Шпітальны востраў, не шкадуючы ні хворых, ні медыкаў. Першы дзень вайны ўзрывамі ўварваўся ў мірнае жыццё медыцынскай службы Брэсцкай крэпасці…
За дзень да пачатку вайны намеснік начальніка ваеннага шпіталя, батальённы камісар Мікалай Багацееў аддаў загад падрыхтаваць хворых да адпраўкі ў Пінск. Выратаваць людзей не паспелі: пачалося фашысцкае нашэсце. Мікалай Сямёнавіч пры першых узрывах пабег з дому на службу. Ён арганізаваў эвакуацыю пацыентаў і параненых з палаючых будынкаў шпіталя ў больш надзейныя казематы і скляпенні крэпасці. Сам Багацееў быў паранены і кантужаны, але ўсё роўна дапамагаў людзям выбірацца з гэтага пекла. З будынка хірургічнага корпуса Мікалай Сямёнавіч так і не выйшаў. Насустрач яму выскачылі некалькі немцаў, у няроўнай рукапашнай сутычцы Багацееў гераічна загінуў.
“…Мікалай Сямёнавіч быў вельмі просты, адкрыты, уважлівы да ўсіх медработнікаў шпіталя. Ён вылучаўся дзіўнай сціпласцю, зайздроснай працавітасцю і вытрымкай. Паўсядзённы клопат пра людзей, іх выхаванне – характэрная рыса дзейнасці батальённага камісара. Мы, дзяўчаты, раўняліся на яго і стараліся добра працаваць, у паводзінах быць падобнымі на яго”, – успамінала пра Мікалая Багацеева медсястра Аляксандра Савіна. А пра апошнія хвіліны жыцця Мікалая Сямёнавіча расказала старшая медыцынская сястра хірургічнага аддзялення Праскоўя Ткачова.
Мікалай Багацееў стаў адным з герояў пошукавай работы, якой разам са школьнікамі, супрацоўнікамі музея крэпасці ўжо не першы год займаюцца ў Брэсцкай цэнтральнай гарадской паліклініцы. Намеснік галоўнага ўрача Валерый Тарасаў актыўна падтрымлівае пошукі, якія абагульняе тэма “Медыкі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. На яго думку, менавіта ў ваеннае ліхалецце ўрачы, медыцынскія сёстры, фельчары, санітары паказалі прыклад найвялікшага служэння медыцыне і людзям, а таму сучасным медработнікам ёсць чаму павучыцца ў іх. У ЦГП штогод ла-дзяцца канферэнцыі, даклады на якіх робяць розныя людзі, але ўсе яны расказваюць аб старонках гераічнага мінулага брэсцкіх медыкаў. Напрыклад, сёлета былі падрыхтаваны аповяды аб медсёстрах Кацярыне Глухавай, Надзеі Алейнік, Марыі Разанцавай, а супрацоўнік мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Аляксандр Каркатадзэ расказаў пра таямніцу гібелі ваеннага ўрача Барыса Маслова. Цікава было даведацца і пра Мікалая Багацеева, які ўжо ў першы дзень вайны паказаў прыклад гераізму, мужнасці і адданасці абавязку медыка і салдата.
Па традыцыі 22 чэрвеня ў крэпасць прыйдуць сённяшнія медыцынскія работнікі. Прыйдуць, каб аддаць даніну памяці ўсім сваім калегам, якія 70 год таму годна выканалі свой абавязак. Гэтаму трэба навучыць маладое пакаленне, бо адданасць медыцынскаму абавязку не губляе важнасці і ў мірны час.
Дзмітрый ШЫФЕРШТЭЙН,
студэнт БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля