Беларусь

Апранем клубніцы ў шубкі


ДЭСЕРТ “КЛУБНІЦЫ Ў ШУБКАХ” ад Ірыны ЗАМАРОЗНАЙ, начальніка аддзела па справах моладзі аблвыканкама:
– Летам хочацца песціць дамашніх чым-небудзь адначасова смачным і карысным. У сезон ягад і агародніны меню ў гаспадынь павінна быць лёгкім. Чытачам “НТ” раскажу просты рэцэпт дэсерту. Частуемся “Клубніцамі ў шубках”.
Для прыгатавання нам спатрэбіцца: 500 г клубніц, плітка шакаладу (для арыгінальнага знешняга выгляду можна выкарыстаць розныя яго віды).
На вадзяной лазні топім шакалад. Мыем клубніцы, але хвосцікі не аддзяляем. Мачаем ягады цалкам у шакалад (для зручнасці можна насаджваць клубніцы на зубачысткі). Я аддаю перавагу беламу шакаладу, але апетытна выглядае таксама і малочны. Можна зрабіць шакаладна-клубнічнае асарці.
Калі ўсе ягады “апрануліся” ў шубкі, ставім у халадзільнік. Упрыгожыць дэсерт кожны можа, зыходзячы з магчымасцей і фантазіі, аднак гэтыя клубніцы і без дадатковых аксесуараў выглядаюць шыкоўна.
Яшчэ адну кулінарную падказку для стварэння летняга настрою на кухні хацелася б даць нашым гаспадыням.  Для запраўкі салатаў я раблю “зялёны алей”. Здрабняю пучок кропу і пятрушкі. Затым змешваю з 0,5 літра алею. На маленькім агні тушу 7-10 хвілін да поўнага растварэння зяленіва. Атрыманай масай можна прыдаць стравам не толькі свежы смак, але і яркі, насычаны водар лета.
Гатуйце больш, прыдумвайце нешта новае і здзіўляйце блізкіх арыгінальнымі кулінарнымі ідэямі!

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля