Прадаць бычка ці кабанчыка? Элементарна!
Для гэтага трэба звярнуцца на прадпрыемства аблспажыўсаюза, дзе створаны ўсе ўмовы для падрыхтоўкі да продажу жывёлы ад насельніцтва. У апошні час праблеме забою жывёлы, якая належыць насельніцтву, на спецыялізаваных пунктах удзялялася шмат увагі.
Адпаведныя рашэнні прымалі органы дзяржаўнай і мясцовай улады… Асобныя сродкі масавай інфармацыі малявалі жахлівыя карцінкі-рэпартажы з жывёлазабойных пунктаў… Уладальнікі і рэалізатары бычкоў і кабанчыкаў палохалі пакупнікоў на рынках хуткім вялікім падаражаннем мяса… А што ж на самай справе? Хто забівае жывёлу, вырашчаную вяскоўцамі для продажу? У якіх санітарна-гігіенічных умовах гэта адбываецца?
Адказаць на гэтыя пытанні карэспандэнт “НТ” папрасіў першага намесніка старшыні праўлення абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў Таццяну ЧЭРАПАВУ, бо менавіта арганізацыям сістэмы Белкаапсаюза Урадам краіны даручана рашыць праблему забою прыватнай жывёлы, навесці тут належны парадак.
– Таццяна Уладзіміраўна, скажыце, калі ласка, наколькі ўсё сур’ёзна? Няўжо, сапраўды, сістэма спажыўкааперацыі, якая даўно займаецца забоем сельскагаспадарчай жывёлы, яе перапрацоўкай для далейшай рэалізацыі мяса, не ў стане забяспечыць патрэбы насельніцтва?
– Ну чаму ж?! Не такія ўжо мы небаракі. Праўда, трэба прызнаць, спачатку рашэнне аб тым, што менавіта Белкаапсаюзу даручана забіваць і рыхтаваць да продажу ўсю жывёлу ад насельніцтва, было некалькі нечаканым – усё ж дадатковая нагрузка на нашы вытворчыя магутнасці даволі значная. Аднак сказаць, быццам мы да гэтага аказаліся ўвогуле не падрыхтаванымі, таксама нельга. Мяркуйце самі. У сістэме аблспажыўсаюза на сённяшні дзень маецца 16 жывёлазабойных пунктаў – у кожным раёне, акрамя Брэсцкага. Таму зону дзейнасці Брэсцкага райспажыўтаварыства абслугоўваюць бліжэйшыя жывёлазабойныя пункты Маларыцкага, Камянецкага і Жабінкаўскага раёнаў. Тут занята больш як 120 чалавек, у тым ліку 35 байцоў, якія за змену могуць перапрацаваць каля 260 галоў жывёлы. Напрыклад, толькі за 2012 год праз нашы бойні прайшло 24,9 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1,4 тысячы ад насельніцтва, і 11,7 тысячы свіней (0,3 тысячы ад насельніцтва).
Ды і з санітарнымі ўмовамі ўсё ў парадку. Вядома ж, як і ў любой справе, тут здараюцца асобныя недахопы, але ж не сістэмна! Усе бойні перыядычна праходзяць абследаванні спецыялістамі ветэрынарнай службы, па выніках гэтых праверак складаюцца мерапрыемствы па навядзенні парадку і выпраўленні выяўленых недахопаў, якія ў абавязковым парадку выконваюцца. З гэтым у нас строга. Так, за перыяд з 2009 па 2012 год на рамонт, рэканструкцыю жывёлазабойных пунктаў, выкананне названых мерапрыемстваў накіравана каля 6 мільярдаў рублёў.
– У цэлым карціна ўразлівая. А як у раёнах? Напрыклад, у Драгічынскім, Баранавіцкім, Лунінецкім…
– У Лунінецкім райспажыўтаварыстве на гэтыя мэты выдаткавана 0,5 мільярда рублёў, у Баранавіцкім – 0,7 мільярда, у Драгічынскім – 1,5 мільярда рублёў… Але найбольш істотныя зрухі адбыліся за названы перыяд у Столінскім і Пружанскім райспажыўтаварыствах. Столінцы з 2009 па 2012 год асвоілі 1,2 мільярда рублёў, замянілі практычна ўсё тэхналагічнае абсталяванне, добраўпарадкавалі тэрыторыю. Тут сертыфікавана сістэма кіравання якасцю ў адпаведнасці з патрабаваннямі СТБ ІСО 9001. Дарэчы, жывёлазабойны пункт быў пабудаваны ў Століне ў далёкім 1961 годзе. Каля 1 мільярда рублёў асвоена на жывёлазабойным пункце Пружанскага райпа. У 2011 годзе тут абсталявана рампа, праведзены рамонт памяшканняў і прагонаў для прыёмкі і ўтрымання жывёлы, заасфальтавана тэрыторыя, зроблена вентыляцыя, у 2012 годзе завершана будаўніцтва дэзбар’ераў, уведзена ў дзеянне база перадзабойнага ўтрымання жывёлы, сертыфікавана сістэма кіравання бяспекай НАССР у адпаведнасці з патрабаваннямі СТБ 1470.
– Такім чынам, сёння можна казаць, што аблспажыўсаюз з даручэннем дзяржавы аб падрыхтоўцы да продажу жывёлы ад насельніцтва спраўляецца?
– Безумоўна. На нашых прадпрыемствах забяспечаны поўны цыкл перапрацоўкі з захаваннем паточнасці тэхналагічных працэсаў. А жывёлазабойныя пункты Столінскага і Пружанскага райспажыўтаварыстваў уключаны ў рэестр вытворцаў-экспарцёраў краін Мытнага саюза, яны ажыццяўляюць рэалізацыю мяса праз ААТ “Беларуская ўніверсальная таварная біржа”. І ўжо за 9 месяцаў 2013 года гэтыя два райспажыўтаварыствы паставілі на экспарт 260 тон мяса на суму 810 тысяч долараў ЗША.
– Дзякуй за змястоўную інфармацыю, Таццяна Уладзіміраўна. Будзем спадзявацца, што пасля Вашага інтэрв’ю вяскоўцы-гаспадары бычкоў і кабанчыкаў стануць з яшчэ большым даверам звяртацца ў прадпрыемствы аблспажыўсаюза.
– Сардэчна запрашаем! Мы гатовы хутка і якасна абслужыць кожнага кліента.
Гутарыў
Віктар СЛАВІН, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.