Беларусь

Прэзідэнцкія выбары


Так вырашыў народ
НА ВЫБАРАХ ПРЭЗІДЭНТА БЕЛАРУСІ, ПА ПАПЯРЭДНІХ ДАДЗЕНЫХ, ПЕРАКАНАЎЧА ПЕРАМОГ АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА
Беларускі народ 19 снежня вызначыў, хто будзе Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Галоўная палітычная кампанія закончылася. З відавочнай перавагай у ёй перамог Аляксандр Лукашэнка. З 10 прэтэндэнтаў на галоўную ў нашай краіне пасаду большасць грамадзян аддалі свае галасы дзеючаму Кіраўніку дзяржавы: па папярэдніх дадзеных – 79,67 працэнта выбаршчыкаў. Па інфармацыі Цэнтрвыбаркама ў галасаванні прынялі ўдзел 90,66 працэнта маючых права выбіраць грама-дзян Рэспублікі Беларусь. На Брэстчыне ў спісы для галасавання былі ўнесены прозвішчы 1 мільёна 32 тысяч 311 чалавек, а на ўчасткі прыйшлі 91,05 працэнта грамадзян. Самым актыўным быў Пінскі раён, дзе яўка склала 97,6 працэнта. Актыўнасцю здзівілі і ўсе вялікія гарады вобласці: у Баранавічах, Пінску і Брэсце прагаласавала больш за 85 працэнтаў выбаршчыкаў.
У дзень выбараў у абласным цэнтры, як і ў іншых месцах рэгіёна, панаваў святочна-дзелавы настрой. На выбарчых участках арганізавалі выязны гандаль, выступалі самадзейныя артысты, ладзіліся выставы. На ўчастках было шматлюдна. Людзі спакойна галасавалі. Выбар рабіў кожны сам, без прымусу. Брастаўчане, з якімі гаварыла, сыходзіліся ў ацэнцы выбараў: праходзяць адкрыта, спакойна, вызначыць сваю волю выбаршчыкам ніхто і нідзе не перашкаджае.
Станоўчыя водгукі былі і ў назіральнікаў, якія пільна сачылі за галоўнай палітычнай кампаніяй у Беларусі. Дарэчы, на выбарах у гэты раз іх было, як ніколі, многа – 4678 унутраных і 53 міжнародныя назіральнікі, у тым ліку 23 – з місіі АБСЕ. Характэрным можна лічыць, напрыклад, выказванне члена Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы Анатоля Локаця з Новасібірска: “Ніякімі адміністрацыйнымі рэсурсамі людзей на выбары не загнаць. Існуе прамая сувязь паміж узроўнем яўкі выбаршчыкаў і іх даверам да ўлады. Чым актыўней выбаршчык ідзе галасаваць, тым больш ён давярае сваёй уладзе, а таму ўлада, якая будзе абрана, – максімальна легітымная”.
Сваімі ўражаннямі ад правядзення выбараў Анатоль Локаць і яго калега з Дзярждумы Расійскай Федэрацыі Сяргей Гаўрылаў падзяліліся са старшынёй аблвыканкама Канстанцінам Сумарам, які галасаваў на выбарчым участку №1 у Брэсце. Губернатар адказаў і на пытанні журналістаў. У прыватнасці, ён сказаў: “Патрабаванне Прэзідэнта правесці выбары празрыста і адкрыта выканана. Наперадзе – вырашэнне задач, пастаўленых чацвёртым Усебеларускім народным сходам. Таму сёння настрой адначасова і святочны, і дзелавы – нас чакае работа”. Канстанцін Андрэевіч падкрэсліў, што мала прагаласаваць за добрую будучыню моцнай Беларусі – нам усім давядзецца гэтую будучыню ствараць, старанна працуючы.
Можна сцвярджаць, што жыхары Брэстчыны прадэманстравалі высокую грамадзянскую свядомасць, актыўна паўдзельнічаўшы ў выбарах Прэзідэнта сваёй краіны. Гэта адзначыў у панядзелак на прэс-канферэнцыі член Цэнтрвыбаркама Аляксандр Каляда.
– Выбарчая кампанія прайшла ў спакойнай, дзелавой атмасферы. Выключэннем толькі сталі беспарадкі ў Мінску, якія сведчаць аб тым, што некаторыя кандыдаты не ўмеюць дастойна прайграваць. Вынікі выбараў паказалі, што людзі давяраюць уладзе, падтрымліваюць яе. Я рады за нашых выбаршчыкаў: людзі выбіраюць стабільнасць, і іх выбар трэба паважаць, – падкрэсліў Аляксандр Каляда.
У сераду прайшло пася-джэнне абласной выбарачнай камісіі, на якім падведзены вынікі выбараў. Брэстчына падтрымала дзеючага Прэзідэнта: за Аляксандра Лукашэнку аддадзена 81,52 працэнты галасоў. Астатнія прэтэндэнты на высокую кіруючую пасаду атрымалі значна менш: Андрэй Саннікаў – 2,74 працэнта, Яраслаў Раманчук – 1,88, Уладзімір Някляеў – 1,57, Рыгор Кастусёў –1,44, Віталь Рымашэўскі – 1,36, Аляксей Міхалевіч – 1,24, Віктар Цярэшчанка – 1,07, Мікалай Статкевіч – 1,02, Дзмітрый Ус – 0,48 працэнта. Супраць усіх кандыдатаў прагаласавалі 4,83 працэнта выбаршчыкаў. Датэрмінова на Брэстчыне свой выбар зрабілі 18,8 працэнта грамадзян.
Выбары адбыліся на ўсіх участках. Скаргаў на парушэнне заканадаўства ў абласную выбарчую камісію не паступала, хоць звароты па тэлефоне ў дзень выбараў былі, але ўсё вырашалася аператыўна ў рабочым парадку.
“У людзей было права выказаць сваю пазіцыю, і яны ім скарысталіся, актыўна прыйшоўшы на выбарчыя ўчасткі. А волевыяўленне народа трэба паважаць”, – падвёў вынік выбарам-2010 Аляксандр Каляда.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Брэст.
Заўваг у назіральнікаў не было
Дэвід Бернхейсел са Злучаных Штатаў Амерыкі і Ташансу Цюркер з Турцыі свой працоўны дзень 19 снежня пачалі на Бродніцкім сельскім выбарчым участку, а потым міжнародныя назіральнікі ад АБСЕ наведалі шэраг іншых участкаў. Спадар Дэвід Бернхейсел адзначыў, што паўсюдна была спакойная абстаноўка і добразычлівая атмасфера, а члены выбарчых камісій бездакорна выконвалі свае абавязкі, захоўваючы нормы беларускага заканадаўства. Але найбольш уразіла амерыканца ветлівасць іванаўцаў, іх гасціннасць.
Прадстаўнік Турцыі Ташансу Цюркер не толькі назіраў за выбарамі на выбарчым участку, размешчаным у Дастоеўскім Доме культуры: як выкладчыка філалогіі ва ўніверсітэце ў Анкары яго цікавіла творчасць класікаў рускай літаратуры, таму разам са сваім калегам з ЗША наведаў школьны літаратурна-краязнаўчы музей Ф.М. Дастаеўскага.
У дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь назіральнікі ад міжнародных арганізацый пабывалі на многіх участках у райцэнтры, а для назірання за падлікам галасоў зноў вярнуліся ў Бродніцу, дзе і пацвердзілі сваё задавальненне ходам выбараў.
Актыўна працавала ў раёне і група назіральнікаў ад СНД. Яе прадстаўлялі Аляксандр Навумаў і Ігар Арлоў з Санкт-Пецярбурга. Абодва яны – старшыні тэрытарыяльных раённых выбарчых камісій, таму ведаюць не толькі выбарчае заканадаўства, але і практыку правядзення выбарчых кампаній. Наведалі многія ўчасткі, у тым ліку такія вялікія, як Тышкавіцкі, Ляскавіцкі і іншыя. Аляксандр Дзмітрыевіч і Ігар Уладзіміравіч канстатавалі адсутнасць якіх-небудзь, нават нязначных, парушэнняў заканадаўства і міжнародных нарматыўных актаў. Казалі назіральнікі і пра абсалютную празрыстасць прэзідэнцкіх выбараў. Выпадкаў парушэння правоў выбаршчыкаў яны таксама не зафіксавалі.
Марыя ФЕДАРУК, “НТ”,
г. Іванава.
Мае землякі – за росквіт
…Па дарозе на выбарчы ўчастак № 16, які размясціўся ў Арэхаўскай сярэдняй школе аднайменнага сельсавета, сустрэла пенсіянераў Веру Якаўлеўну Галянчук і Леаніда Цімафеевіча Капаньку.
– Вы ўжо прагаласавалі? – пацікавілася ў сваіх аднавяскоўцаў.
– Так, – у адзін голас адказалі яны. А пасля, паказваючы на нядаўна ўстаноўленую ўздоўж цэнтральнай вуліцы  і пафарбаваную новую керамічную агароджу, Леанід Цімафеевіч  з гордасцю дадаў: “Праўда, змянілася наша Арэхава. І газ у вёску правялі, у чацвер урачыста падключылі да трубы новыя прэзідэнцкія домікі. А яшчэ магазін  адчынілі пасля рамонту…”
Вёска, у якой я нарадзілася і вырасла, у апошнія гады сапраўды змяніла сваё аблічча. Пастаўлена новая агароджа ля вясковых сядзіб, пабудаваны па прэзідэнцкай праграме дамы, праве-дзена блакітнае паліва…
“Пазітыўныя змены паўсюдна навідавоку: і ў вытворчасці, і ў сацыяльнай сферы, і ў жыцці наогул. Хто працуе сумленна і рупліва – той і зарплату мае годную”, – такія выказванні ад людзей старэйшага пакалення чуць даводзіцца амаль у кожны прыезд  у вёску. Вось і ў дзень прэзідэнцкіх выбараў яны не прамінулі сказаць пра пазітыўныя змены ў іх асобна ўзятым населеным пункце. І не хавалі, што галасавалі за палітыку дзеючага Прэзідэнта, якая вядзе да далейшага росквіту гарадоў і вёсак.
Са школьных веснічак, выканаўшы  свой грамадзянскі абавязак, выходзілі суседка Таццяна Капанька, былая настаўніца Вера Мыслік,  на ганку нешта бурна абмяркоўвалі  маладыя мужчыны. У фае на першым паверсе сустрэла знаёмых жанчын з вёскі Дрочава, пацікавілася, чым дабраліся так рана на выбарчы ўчастак за восем кіламетраў (гадзіннік паказваў толькі 10.15).
– Самастойна, –  разам адказалі яны.  – Цяпер вось чакаем аўтобус, каб заехаць дахаты.
Шматлюдна было ў буфеце, які размясціўся ў школьнай сталовай. Тут можна было пагрэцца гарачай гарбатай, кавай, падмацавацца булачкай ці бутэрбродам.
На другім паверсе, дзе праходзіла галасаванне, выканаць свой грамадзянскі абавязак  заходзілі вяскоўцы. Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі настаўнік фізікі Валерый Наўрось расказваў:
– На нашым выбарчым участку галасуюць жыхары вёсак Арэхава, Дрочава, Перавое, Добрае, Зеляніца, Перавысь. Усяго  – 740 чалавек. 20 з іх упершыню ўдзельнічаюць у выбарах Кіраўніка  краіны. Маладыя выбаршчыкі разам з бюлетэнямі на памяць пра знамянальную ў іх жыцці падзею атрымліваюць  каляндарыкі. Атмасфера  добразычлівая і па-сапраўднаму святочная.
На выбарчы ўчастак №16 у мінулую нядзелю прыйшлі 98,4 працэнта выбаршчыкаў Арэхаўскага сельсавета, 92,8 працэнта з іх падтрымалі Аляксандра Лукашэнку.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Маларыцкі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля