Беларусь

  • Главная
  • Актуальна!
  • Пружанская каманда “Блiц-крыг” абараняла гонар Берасцейшчыны на“Што? Дзе? Калі?”

Пружанская каманда “Блiц-крыг” абараняла гонар Берасцейшчыны на“Што? Дзе? Калі?”


Пружанская каманда “Блiц-крыг” з СШ №5 абараняла інтэлектуальны гонар Берасцейшчыны на рэспубліканскіх спаборніцтвах “Што? Дзе? Калі?”

Хвалявацца хлопцы і дзяўчаты з 5-й школы Пружан нават і не думалі, бо яны прайшлі такі вялікі шлях! Перш чым трапіць на рэспубліканскі турнір, каманда ўпэўнена выйграла абласны фінал 21-га чэмпіянату рэспублікі па гульні “Што? Дзе? Калі?”, у якім прыняла ўдзел 51 каманда. У сінхронным турніры ўсяго па краіне сёлета ў студзені спаборнічалі 372 каманды. І вось нядаўна пружанскія школьнікі згулялі ў фінале рэспубліканскага турніру інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”. І хоць п’едэстал навічкам не пакарыўся, але тое, што яны ўвайшлі ў групу самых моцных каманд краіны, парадавала.
“Блiц-крыг” – што азначае “імгненная перамога” – складаецца з вучняў 7 – 11 класаў. Кіраўнік каманды – Юрый Ляўчук, настаўнік геаграфіі вышэйшай катэгорыі, лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі. Юрый Уладзіміравіч праславіўся алімпіядамі па геаграфіі: яго вучні кожны год становяцца пераможцамі на прадметных спаборніцтвах розных узроўняў.
– Касцяк каманды складаецца з “географаў”, але мая галоўная задача – навучыць працаваць у камандзе яркіх індывідуалістаў, –
расказвае настаўнік. –  Усе адораныя дзеці звычайна працуюць “на сябе”, а рабіць тое ж самае ў камандзе для іх нязвыкла. Вось і трэба навучыць іх прыслухоўвацца адзін да аднаго, з павагай прымаць чужыя рашэнні.
Капітан – адзінаццацікласнік Георгій Казлоўскі – вельмі эрудыраваны юнак, ён карыстаецца безумоўным аўтарытэтам у астатніх членаў каманды. Георгію хапае 10-15 секунд для прыняцця правільнага рашэння, хоць правіламі гульні на гэта адводзіцца мінута. Не ўсе школьнікі ў “Бліц-крыгу” з’яўляюцца выдатнікамі, ды і не кожны выдатнік можа трапіць у яго. Вельмі важна, каб кожны ў калектыве інтэлектуалаў адчуваў сябе камфортна. Да таго ж, каманда рознаўзроставая.
– Я хачу, каб школьныя разумнікі выглядалі дастойна не адзін год. Георгій Казлоўскі – сёлетнi абсалютны пераможца абласной алiмпiяды па геаграфii, Сяргей Малайчук і Ганна Дземянцей
(11 клас), Ігар Засім і Максім Карпыза (10 клас), Дзіяна Карпыза
(9 клас), Улад Папко (8 клас) – усімі імі ганарацца ў 5-й школе, –
гаворыць настаўнік. – Нашы ўдзельнікі паказалі вельмі высокі ўзровень гульні, хацелася, каб іх запал не згубіўся і школа з году ў год станавілася пераможцам розных спаборнiцтваў. Але тут ужо справа ў своечасовай падрыхтоўцы маладой змены, чаму таксама надаецца пэўная ўвага.
Тое, што патэнцыял у вучняў школы №5 Пружан ёсць (і не малы!),  пацвяржае наступны факт: летась каманда ювеналаў (7-9 класы) прымала ўдзел у рэспублі-канскім фінале, які адбыўся ў гора-
дзе Мазыры Гомельскай вобласці.
Захопленасць гульнёй перадае дзецям іх настаўнік. Займаецца Юрый Уладзіміравіч са школьнікамі ў свой вольны час, як гаворыцца –
на грамадскіх пачатках. Ну і, зразумела, без падтрымкі бацькоў ні пра якія вынікі не вялі б гутарку. Менавіта яны з вялікай павагай ставяцца да таго, чым займаюцца іх дзеці і падтрымліваюць сыноў ды дачок усімі магчымымі сродкамі.
Развівацца інтэлектуальна і не адставаць ад моцных, а ў будучыні стаць лепшымі з лепшых – мэта нумар адзін “Блiц-крыга”. І першыя ўпэўненыя крокі да яе дасягнення ўжо зроблены.
Сабіна ГАРАЕВА, “НТ”,
г. Пружаны.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля