Беларусь

  • Главная
  • Актуальна!
  • Удзельнікі акцыі “Экалагічны Graffiti-battle” паказалі сваё бачанне чыстага горада

Удзельнікі акцыі “Экалагічны Graffiti-battle” паказалі сваё бачанне чыстага горада


У Кобрыне ўдзельнікі акцыі “Экалагічны Graffiti-battle”, прысвечанай Дню Зямлі, увасобілі сваё бачанне чыстага горада

На працягу дзвюх гадзін хлопцы і дзяўчаты з балончыкамі ў руках маглі цалкам легальна выказаць сваё стаўленне да тэмы экалогіі любымі фарбамі. А полем дзейнасці для графіцістаў сталі… смеццевыя кантэйнеры.
Гэта акцыя з’яўляецца толькі малой часткай работы па ахове навакольнага асяроддзя, якая праводзіцца ў Беларусі па Праграме Еўрапейскага саюза і Праграме развіцця ААН у галіне экалогіі. У Кобрыне падобныя праекты рэалізуюцца з размахам. На мадэрнізацыю смеццеперапрацоўчай сістэмы мясцовай ЖКГ еўрапейцы выдзелілі больш за паўмільёна долараў ЗША. Грошы не былі выдаткаваны марна: кабрынчане закупілі больш за 700 кантэйнераў для раздзельнага збору адходаў, 13 новых смеццявозаў, 200 тысяч долараў выкарысталі на мадэрнізацыю станцыі сартавання адходаў. Вынік сябе чакаць не прымусіў: магутнасці перапрацоўкі смецця ў Кобрыне выраслі ў пяць разоў. Аднак простаму жыхару гэтыя змены наўрад ці былі прыкметныя. Для прыцягнення ўвагі да праблемы перапрацоўкі адходаў як нельга лепш падышлі мастакі-графіцісты.
Пяць каманд, дзве з якіх прадстаўлялі Кобрынскі політэхнічны каледж і па адной з сярэдніх школ №№ 6 і 9 г. Кобрына ды Астроміцкай СШ, прадэманстравалі свае экалагічныя ідэі на смеццевых кантэйнерах.
– Дзень Зямлі можна назваць і днём чысціні. Мы ўсе хочам жыць у чыстых гарадах, хочам, каб вуліцы і двары былі акуратнымі. Акцыя – паказчык таго, што кантэйнеры для збору адходаў могуць быць прыгожымі і маляўнічымі, – адзначыў каардынатар праектаў ПРААН у Беларусі Ігар Чульба.
Сапраўды, на працягу дзвюх гадзін кожная каманда стварыла свой ??аб’ект вулічнага мастацтва – яркі і з сэнсам. Калі час выйшаў, хлопцаў і дзяўчат папрасілі растлумачыць свае малюнкі. Аднак хітраспляценні графіці ўсіх мастакоў (у кожнай камандзе было па некалькі чалавек) не заўсёды дазвалялі скласці нейкую агульную карціну – кожны маляваў так, як бачыў, укладваючы ў паняцце “экалогія” нешта сваё.
Таму журы было цяжка зрабіць выбар. Першае месца атрымала каманда з політэхнічнага каледжа. Іх задума прадстаўлена на трох кантэйнерах. Па словах Яўгена Іванова, на левым намалявана дрэва, збоку ад яго – крумкач?, які лічыцца прыродным санітарам. Цэнтральная частка перадае фармальны вобраз горада. Верхнюю частку ўпрыгожвае надпіс “Чысты горад”. “Серабро” –
у другой каманды з таго ж каледжа, “бронза” дасталася вучням СШ №6. Усе ўдзельнікі атрымалі ад арганізатараў памятныя прызы.
Размаляваныя кантэйнеры неўзабаве зоймуць сваё месца на вуліцах горада і, як спадзяюцца арганізатары, сапраўды прыцягнуць увагу да праблем нашай з вамі прыроды.
Сабіна ГАРАЕВА, “НТ”,
г. Кобрын.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля