Гарадскія ўлады абяцаюць навесці парадак каля Мухаўца
“НТ” напрыканцы мінулага года расказала сваім чытачам, якія змяненні чакаюць абласны цэнтр. Планамі развіцця Брэста падзяліўся старшыня гарвыканкама Аляксандр Палышанкоў.
Пасля той публікацыі ў рэдакцыю патэлефанаваў інвалід Вялікай Айчыннай вайны Раман Свірыдаў.
Раман Барысавіч папрасіў канкрэтызаваць інфармацыю, як будзе праведзена рэканструкцыя набярэжнай ракі Мухавец, і выказаў заклапочанасць, ці не ператворыцца зона адпачынку ў зону піцейных і гульнявых устаноў. Пытанне брастаўчаніна было накіравана ў Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт.
Намеснік старшыні гарвыканкама Васіль Кавальчук паведаміў наступнае: “Праектным інстытутам “Палессегіправодгас” распрацаваны праект па аб’екце “Будаўніцтва набярэжнай у горадзе Брэсце ад вул. 17 Верасня да рачнога порта”. Будаўніцтва аб’екта выконвае ААТ “Будаўнічы трэст №8”. Праектным інстытутам “Палессегіправодгас” таксама распрацоўваецца праект аб’екта “Рэканструкцыя набярэжнай у горадзе Брэсце ад вуліцы 17 Верасня да “Клуба маракоў”.
Праектамі прадугледжваецца рэканструкцыя існуючых і будаўніцтва новых гідратэхнічных збудаванняў, уладкаванне відавых пляцовак, пірсаў для лодак, добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, пешаходных дарожак, газонаў, гарадскога пляжа, выратавальнай станцыі. Праектамі не прадугледжваецца будаўніцтва піцейных устаноў, якія рэалізуюць алкагольныя напіткі”.
У Пінску, Кобрыне ўжо зроблены выдатныя набярэжныя, эстэтычны выгляд якіх радуе вока, ды і людзям гуляць па іх прыемна. Брэст у плане ўладкавання набярэжнай адстаў ад райцэнтраў. Усё ж добра, што гарадскія ўлады нарэшце вырашылі навесці парадак каля Мухаўца.
Главная Актуальна! Рэканструкцыя набярэжнай
от8 февраля, 2019