Беларусь

Зазірнуць у даўніну


Унікальны музейны ансамбль ствараецца ў сэрцы палескіх лясоў
Дырэктар Палескага лясгаса Аляксей Марыніч – аматар гісторыі роднай старонкі, які глыбока вывучае свой край.
Самая галоўная задача, якую ставіць Аляксей Адамавіч перад сабою, – гэта адраджэнне культурнай спадчыны, прыцягненне турыстаў у нашы прыгожыя палескія мясціны, змяненне стаўлення саміх жыхароў Століншчыны да роднай старонкі. Мы маем багатую духоўную спадчыну, перакананы аматар-даследчык.
…Усё і пачалося з вывучэння гісторыі. Узнікла думка аб стварэнні гістарычнага куточка, які стаў бы музейным ансамблем не дзе-небудзь у цэнтры горада ці вёскі, а бліжэй да сэрца палескіх лясоў – на прыгожым узвышшы каля возера за пяць кіламетраў ад вёскі Кароцічы.
Гэтай восенню тут адбылося ўрачыстае асвячэнне мініяцюрнай царквы. Будаўніцтва яе пачалося 5 жніўня 2009 года – у дзень іконы Пачаеўскай Божай Маці. Таму і царкву назвалі ў гонар гэтай іконы. На асвячэнні прысутнічалі архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан, благачынны цэркваў Столінскага раёна протаіерэй Рыгор Кажаноўскі. Архіепіскап сказаў, што нічога падобнага ў Брэсцкай вобласці няма. Ён быў уражаны архітэктурай, убраннем царквы-каплічкі.
Мы збочваем з дарогі-дамбы – і перад вачыма адкрываецца пагорак, на якім велічна стаіць царква. Драўляны зруб, у купалах іграе сонечнае святло, крыжы цягнуцца ўверх, нібы звяртаюцца да Бога з малітвай пра нас…
Царква-каплічка вельмі прыгожая. Стваральнікі імкнуліся максімальна зрабіць усё “пад даўніну”, выкарыстоўваючы некаторыя новыя тэхналогіі, але не сучасныя інструменты. Цеслярам давялося папрацаваць тут шмат. Яны прызналіся, што за час работы над царквой зрабілі б тры драўляныя дамы. А будавалася царква па эскізе дырэктара лясгаса, які перад тым, як намаляваць, вывучыў вялікую колькасць літаратуры, аб’ехаў мноства храмаў раёна.
Пераступаем парог. Утульна. Майстры, галоўны “дызайнер” прадугледзелі ўсё. На іканастасе намаляваны мясцовыя іконы, на іх – лікі нашых святых. Царскія вароты выразаны майстрам з Манькавіч Алегам Бандарчуком. Купалы рабіліся ў Бярозе. Царкву-каплічку будавалі на сродкі работнікаў Палескага лясгаса. Калі ўжо быў пастаўлены зруб і людзі бліжэйшых вёсак даведаліся аб духоўнай справе, сталі таксама дапамагаць.
У планах кіраўніцтва лясгаса – паставіць поруч вялікую лодку, на якой прыплыла ў гэтыя мясціны княгіня Вольга. А на другім беразе возера, цераз якое ляжыць масток, ужо стаяць альтанкі, лазня, павеці. Шкада, што домік паляўнічага згарэў. Аднак работнікі лясгаса не апускаюць рукі, а плануюць адбудаваць яго.
У бліжэйшай перспектыве – закласці дэндрапарк, які раскінецца на двух гектарах у ваколіцах царквы. Ужо ёсць праект, вясной пачнуцца работы. Плануецца высадзіць каля 30 відаў дрэў, зрабіць добраўпарадкаванне, якое ўключыць у сябе дарожкі, лавачкі. Каб на самай справе сюды можна было прыйсці адпачыць целам і душою.
Таццяна СЕГЕН,
Столінскі раён.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля