“Само па сабе нічога не даецца…”

“Само па сабе нічога не даецца…”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар упэўнены: толькі старанная і адказная праца кожнага берасцейца дазволіць ажыццявіць намечаныя задачы
Адзінае пытанне – аб праекце прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці на 2011 год – было вынесена на пасяджэнне аблвыканкама, што адбылося 10 студзеня. Адкрываючы яго, кіраўнік Брэстчыны Канстанцін Сумар зазначыў: “Мінулую пяцігодку закончылі нядрэнна, як, дарэчы, і завяршаючы год. У той жа час існуе шэраг праблем – і не хацелася, каб яны перайшлі ў сёлетні год. Трэба працаваць так, каб недахопаў не было…”
Вядома, прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна напружаны, адзначыў губернатар. Упершыню, з 2011 года, уводзіцца такі паказчык як валавы рэгіянальны прадукт. “Але мы для сябе не будзем адыходзіць ад тых параметраў ацэнкі, па якіх працавалі дасюль”, – сказаў Канстанцін Сумар.
У сваім выступленні старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Андрэй Клец, гаворачы аб выкананні большасці прагнозных паказчыкаў за 2010 год, акцэнтаваў увагу прысутных на недапрацоўках. А яны, у прыватнасці, тычацца паказчыкаў, звязаных з вытворчасцю спажывецкіх тавараў (“недабралі 2,4 працэнта”), ростам аб’ёмаў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, аказаннем платных паслуг. Калі ж, па словах выступоўцы, паказчык па інвестыцыях у асноўны капітал у цэлым выконваецца, дык ён аказаўся не па сіле прадпрыемствам бязведамаснай падпарадкаванасці.
Да станоўчых момантаў мінулага года Андрэй Клец аднёс скарачэнне складскіх запасаў гатовай прадукцыі і зніжэнне колькасці стратных прадпрыемстваў.
Былі значна перавыкананы заданні па экспарце і імпарце тавараў – склалі адпаведна 149 і 128,5 працэнта. А сёлета, завастрыў пытанне Канстанцін Сумар, трэба звярнуць самую пільную ўвагу на будаўнічы комплекс па аказанні паслуг – згодна з гэтым будаўнікі павінны па-іншаму планаваць сваю дзейнасць…
Якія ж асноўныя паказчыкі прагнозу далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэстчыны на сёлетні год адобрылі члены аблвыканкама? Валавы рэгіянальны прадукт павінен скласці 109,5-110,5 працэнта, прамыя замежныя інвестыцыі – 838 мільёнаў долараў ЗША, увод у эксплуатацыю жылля за кошт усіх крыніц фінансавання – 1230 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы, колькасць занятых у эканоміцы вырасце да 640,3-647,2 тысячы чалавек, а новых і мадэрнізаваных рабочых месцаў – да 21 тысячы. Плануецца, што рэнтабельнасць продажу ў арганізацыях сельскай гаспадаркі будзе 6-8 працэнтаў, а паказчык па энергазберажэнні складзе 6 працэнтаў. Інвестыцыі ў асноўны капітал дасягнуць 116-117 працэнтаў, сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі – 110 мільёнаў долараў ЗША.
“Калі нармальна працаваць кожнаму са сваім штабам, дык запланаваныя паказчыкі будуць выкананы”, – перакананы кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар. Яго падтрымаў і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў: “Калісьці, у 90-х, таксама многія заданні здаваліся непасільнымі: той жа мільён збожжа, а зараз маем яго свабодна. І ўвогуле, вазьміце асабліва апошнія 7 гадоў – які набраны тэмп! Ды каб лепей жыць, павінны і лепш працаваць. А для гэтага неабходна задзейнічаць чалавечы фактар – забываючы пра яго, штосьці губляем”. “Многае губляем! – дадаў Канстанцін Сумар, працягваючы: – Павінны яшчэ раз вызначыцца: усе даведзеныя паказчыкі трэба няўхільна выканаць… Рэзервы маюцца. А каб не завальваць гэтую работу, вынікі будуць падводзіцца  штомесяц – з тым, каб даць ацэнку работы кожнаму кіраўніку і кожнаму рэгіёну. Час пайшоў. А людзі, якія зараз знаходзяцца ў зале, здольныя выканаць намечаныя задачы – праўда, пры ўмове, калі будуць старацца. Само па сабе нічога не даецца…”
Галіна МАЗІНА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Маладосць вяртаецца!

Следующая запись

Зазірнуць у даўніну