Маладосць вяртаецца!
Крэатыўнасць прыходзіць да чалавека не адзін раз за жыццё
Што значыць маладосць? Калі яна пачынаецца, калі знікае? Прадстаўнікі розных пакаленняў маюць наконт гэтага свае меркаванні.
Яна непаўторная, пакідае шмат уражанняў, заўсёды выклікае ўсмешку на твары. Менавіта маладымі мы спасцігаем новыя пачуцці, атрымліваем вопыт, якім карыстаемся на працягу свайго жыцця. Гэта перыяд, калі хочацца ўсё паспрабаваць, пра ўсё даведацца.
У кожнага – свая маладосць, але ў ёй ёсць тое, што аб’ядноўвае ўсіх нас. Калі мы маладыя, нам хочацца зрабіць жыццё лепшым, змяніць свет. Гэтыя амбіцыёзныя імкненні і ідэі, а таксама жаданне творчасці паказваюць нам, што маладосць – самы крэатыўны перыяд у жыцці чалавека. І гэту крэатыўнасць трэба развіваць у сабе. Без яе жыць вельмі цяжка, асабліва сёння, калі свет кожную хвіліну змяняцца і патрабуе ад нас мабільнасці, творчых і эфектыўных рашэнняў штодзённых праблем.
Існуе старажытная тэорыя, у якой гаворыцца, што жыццё чалавека дзеліцца на перыяды. Кожны з іх працягваецца 7 гадоў і ўяўляе ўсё наша жыццё ў мініяцюры. Пражыўшы за гэты час поўнае жыццё, чалавек выходзіць на новы віток. Такім чынам перыяды дзяцінства, маладосці, сталасці і згасання паўтараюцца кожныя сем гадоў. Доўгі час ніхто гэтай тэорыі не надаваў пэўнай увагі, але сёння вучоныя даказалі, што прыкладна за такі перыяд клеткі нашага арганізма аднаўляюцца. І гэта сведчыць аб тым, што пачынаецца новы кавалачак жыцця. Гады ў гэтых сямігодках размяркоўваюцца наступным чынам. Першыя два адпавядаюць дзяцінству і юнацтву, наступныя – маладосці, яшчэ два – сталасці, апошні год – згасанню. І кожны ўзрост дае чалавеку новыя перспектывы і магчымасці.
Вось і атрымліваецца, што маладосць… вяртаецца! Самы крэатыўны час не раз прыходзіць да нас! Пра гэта трэба заўсёды памятаць і выкарыстоўваць у сваіх мэтах і планах.
Мой дзядуля, якому споўнілася 77 гадоў, заўсёды адчувае сябе маладым. Уявіце прысядзібны ўчастак, на якім акуратна размеркаваны грады. На кожнай створаны невялікі аазіс з рознакаляровых кветак. Растлумачыць прынцып размяшчэння гэтых маленькіх кветкавых “плям” немагчыма. Дзядуля сэрцам адчувае тую карціну, якую хоча атрымаць у выніку. Здаецца, што агародніна, пазіраючы на кветкі, імкнецца парадаваць гаспадара добрым ураджаем. У вёсцы ўсе ведаюць пра дзівосны агарод майго дзядулі, заўсёды ўсміхаюцца, праходзячы міма яго, некаторыя імкнуцца таксама пераняць вопыт кветкавага агародніцтва. Але дзядулін крэатыўны падыход атрымліваецца не ў кожнага. Мой дзядуля нясе людзям усё сваё жыццё толькі пазітыўныя эмоцыі, а да выпрабаванняў ставіцца па-філасофску. Ён можа падтрымаць размову на розныя тэмы. І гэта даказвае, што маладосць яго ніколі не пакідае. Застаецца толькі здзіўляцца такому выдатнаму настрою.
Паняцце крэатыўнасці прыйшло да нас нядаўна. Але гэта не значыць, што яе не было. Нестандартныя мысленне і падыходы да вырашэння розных праблем мелі месца і раней. Цяпер, дзякуючы даступнасці і аператыўнасці інфармацыйных крыніц, можна быць заўсёды “на вышыні”. Толькі каб дасягнуць гэтага высокага палёту думак і спраў, трэба яшчэ жадаць, працаваць і несці пазітыў людзям. Тады ў любым узросце можна быць крэатыўным.
Яніна ШУКА,
вучаніца 11 класа СШ №3,
г. Пружаны.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.