Беларусь

Рэзананс: труба заменена, дэзынфекцыя праведзена


На зварот брастаўчанкі на “прамую лінію” “НТ” аператыўна адрэагавалі санітарная служба і камунальнікі
Хоць “прамая лінія” з галоўным дзяржаўным санітарным урачом Брэсцкай вобласці  мела тэматычны характар – была прысвечана праблемам здаровага харчавання і бяспекі прадуктаў – Нэлі ГІНДЗЮК  зварот Святланы ЧАРЭЙЧЫК прыняла. А скардзілася брастаўчанка на тое, што ў дом па вуліцы Куйбышава, 90 зайсці немагчыма з-за непрыемнага паху нечыстот. У падвале, дзе знаходзяцца тэхнічныя камунікацыі, вада стаіць, камароў распладзілася безліч. Жыхары дома звярталіся ў ЖЭС, але ўсё безвынікова. Тым большае здзіўленне выклікала сітуацыя, што дом быў здадзены пасля капітальнага рамонту, – толькі вось да падвала рукі ў камунальнікаў не дайшлі. “Безумоўна, так быць не павінна. Раней зваротаў па дадзеным факце ў санітарную службу не паступала. Спецыялісты занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі сёння ж выйдуць для праверкі фактаў парушэнняў і прымуць меры ў адпаведнасці з заканадаўствам”, – паабяцала заяўніцы Нэлі Тадэвушаўна.
Па дадатковай інфармацыі галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача вобласці “спецыялісты Брэсцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі правялі абследаванне падвальных памяшканняў жылога дома па вул. Куйбышава, 90 і выявілі сляды каналізацыйнай аварыі. Таксама была знойдзена вялікая колькасць лічынак насякомых, пацверджаны непрыемны пах, што з’яўляецца парушэннем п.31 санітарных нормаў, правілаў і гігіенічных нарматываў “Гігіенічныя патрабаванні да ўладкавання, абсталявання і ўтрымання жылых дамоў” (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 2009 года №95). З мэтай выпраўлення выяўленых парушэнняў ЖЭС-2 КУП “ЖРЭУ г. Брэста” было даручана навесці неабходны санітарны парадак і правесці дэзінфекцыю ў падвальным памяшканні жылога дома №90 па вул. Куйбышава ў горадзе Брэсце”.
Рэдакцыя паўторна звязалася з Нэлі Гіндзюк напярэдадні выхаду газеты, яна паведаміла: “Заменены кавалак каналізацыйнай трубы, з-за якога і здарылася аварыя. Памяшканне высахла, у ім праведзена дэзынфекцыя, камароў няма. Камунальнікі заканчваюць прыбіраць смецце ў двары, якое засталося пасля правя-дзення рамонтных і санітарных мерапрыемстваў”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля