Санацыя: дзеля выратавання
У ШЫРОКІМ РАЗУМЕННІ “САНАЦЫЯ” – ТЭРМІН ХУТЧЭЙ МЕДЫЦЫНСКІ. АЛЕ І Ў ЭКАНОМІЦЫ Ў ПРАЦЭДУРЫ САНАЦЫІ МЭТЫ ПАДОБНЫЯ. ЯНА ТАКСАМА ПРЫМЯНЯЕЦЦА ДЛЯ ЛЯЧЭННЯ “ПАЦЫЕНТАЎ” – ВЫРАТАВАННЯ НАДЗВЫЧАЙ ЗАКРЭДЫТАВАНЫХ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ. ДЛЯ МНОГІХ З ІХ ГЭТА АДЗІНАЯ ПАНАЦЭЯ, НАДЗЕЯ НА ПРАЦЯГ ЖЫЦЦЯ.
Сёння на тэрыторыі Брэстчыны саніруецца пяць суб’ектаў гаспадарання. Пры гэтым агульная колькасць спраў аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве), якія знаходзяцца на разглядзе ў гаспадарчым судзе Брэсцкай вобласці, застаецца стабільнай на працягу трох апошніх гадоў: 100 – 130 спраў. З іх амаль 90 працэнтаў прыпадае на прыватныя фірмы, якія ўжо фактычна спынілі сваю вытворча-гаспадарчую дзейнасць.
Калі мы гаворым аб пяці арганізацыях, якія прахо-дзяць аздараўленне, дык маем на ўвазе ў першую чаргу суб’екты гаспадарання дзяржаўнай формы ўласнасці ці з доляй дзяржуласнасці. Прыватныя ж прадпрыемствы звычайна трапляюць у працэдуру эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва) тады, калі позна ўжо гаварыць аб аздараўленні. Праўда, здараюцца і выключэнні. Да такіх прыкладаў прыватных санацый адносіцца “Машынабудаўнічая кампанія “Прамтэхніка”. Прымяненне працэдур эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва) тут завершана ў трэцім квартале 2010 года.
Яшчэ адзін прыклад – саніруемае з канца мінулага года сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю “Прыам”. На жаль, няўдалай аказалася санацыя прыватнага замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Аркада” ў Белаазёрску, і з чэрвеня 2010 года там распачалася ліквідацыйная працэдура. На год раней у аналагічнай сітуацыі апынулася яшчэ адно прыватнае прадпрыемства “Альціма-Імпэкс” (г. Брэст).
А вось на ААТ “Баранавіцкі завод запасных частак “Аўтака”, якое адносіцца да дзяржаўнага сектара, меры аздараўлення прыменены эфектыўна. Дзякуючы прафесіяналізму антыкрызіснага кіраўніка і зладжанай дзейнасці ўсіх зацікаўленых органаў, прадпрыемства выйшла на прыбытковую работу, умацавалася і сёння ў стане паспяхова канкурыраваць на рынку. У мінулым месяцы гаспадарчым судом зацверджана справаздача антыкрызіснага кіраўніка “Аўтака” і ўстаноўлены гадавы тэрмін для канчатковых разлікаў з крэдыторамі.
Безумоўна, і іншыя дзяржаўныя прадпрыемствы, якія трапілі ў цяжкі фінансавы стан, пасля прымянення да іх мер судовай санацыі ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны могуць з поспехам выйсці з працэдуры эканамічнай неплацежаздольнасці.
Ніна ДЗЯРКАЧ, намеснік старшыні
гаспадарчага суда Брэсцкай вобласці,
Сяргей ХІЗОЎ, начальнік абласнога тэрытарыяльнага аддзела
па санацыі і банкруцтве Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.