Беларусь

У вас захварэла дзіця…


Жыццё нашчадкаў часта залежыць ад разумных паводзін бацькоў
Паўсядзённае жыццё нясе бацькам нямала выпрабаванняў. Непрыемнасці прыходзяць у дом, калі малое захварэе. Гэта выпрабаванне не толькі для дзіцяці, але і для яго блізкіх.
Бацькі першымі вучацца разумець сына ці дачку, інтэрпрэтаваць дзіцячыя рэакцыі. Яны першымі могуць заўважыць прыкметы якіх-небудзь парушэнняў. Але часам бывае цяжка меркаваць аб здароўі дзіцяці менавіта таму, што яно пастаянна знаходзіцца перад вачыма. У такім выпадку карысна паслухаць меркаванні іншых членаў сям’і накшталт “Паглядзі, у дзіцяці нездаровы выгляд” ці “Твой малы сёння не ў сваёй талерцы”. Не лічыце такія заўвагі канчатковым дыягназам, але не ігнаруйце іх. Назірайце за дзіцём больш уважліва.
Што трэба рабіць, калі яно выглядае нездаровым? Памерайце тэмпературу, паглядзіце горла, праверце, ці няма высыпкі на грудзях, спіне, пад пахамі, на жываце. Мама абавязкова павінна запомніць свае назіранні за хворым. Сімптомы, якія яна заўважыць, надзвычай важныя для доктара, бо некаторыя з іх могуць знікнуць да прыходу ў паліклініку.
Часам урача выклікаюць у любым выпадку. Іншыя атрымліваюць кансультацыі ў суседкі ці сяброўкі. Нехта пачынае панікаваць і кліча на дапамогу бабуль, а хтосьці займаецца самалячэннем. Даступнасць лекаў, рэкламныя ролікі па прымяненні новых лекавых сродкаў, непахісная вера ў народную медыцыну, шырокая інфармацыя ў інтэрнэце па лячэнні дзяцей – усё гэта мы маем сёння. Але без медыцынскай адукацыі бацькі могуць няправільна патлумачыць сімптомы хваробы, будуць не лячыць, а пагаршаць стан хворага. На жаль, з-за гэтага і ў нашым рэгіёне здараюцца няшчасныя выпадкі. Каб пазбегнуць іх, варта засвоіць простае правіла: да ўрача трэба звяртацца своечасова! Жыццё дзяцей часта залежыць ад разумных паводзін бацькоў. Не забывайце аб гэтым, шаноўныя мамы і таты!
Часам візіт у паліклініку можна адкласці на заўтра. Але пры з’яўленні ў дзіцяці вострых боляў у жываце, пры траўме, атручэнні, страце прытомнасці ці спыненні дыхання паспяшайцеся, бо ў такіх сітуацыях патрабуецца тэрміновая медыцынская дапамога. Неадкладна выклікайце “хуткую дапамогу”! Ды і ў іншых сітуацыях не варта цягнуць з наведваннем урача. Калі да асноўнай хваробы далучыцца якое-небудзь ускладненне, лячыць будзе значна цяжэй.
Не забывайце, што дзіця не заўсёды дакладна раскажа аб сваім самаадчуванні, можа памыліцца ў апісанні характару болю. Напрыклад, запаленне ў міндалінах можа адчувацца як боль у вуху, а боль у жываце часам “аддае” ў нагу з таго ці іншага боку. Улічыце, што ваша другое дзіця можа зусім па-іншаму пераносіць хваробу, чым некалі гэта было з першынцам. Кожны арганізм індывідуальны, таму спадзявацца на набыты вопыт беззваротна нельга.
І яшчэ раз дазволю сабе сказаць аб леках. Прапісваць іх, вызначаць дазіроўку павінен урач. Ён падкажа час прыёму прэпаратаў і працягласць курса лячэння, прапануе такую лекавую форму, якая будзе лепш засвойвацца.
Сачыце за здароўем дзетак і будзьце абачлівымі бацькамі!
Святлана МАІСЕЕВА,
загадчыца педыятрычнага
аддзялення №1 Брэсцкай гарадской дзіцячай паліклінікі №1.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля