Богам дадзены Беларусі
9 снежня 2006 года ў абласной бібліятэцы імя М. Горкага праводзілася прэзентацыя кнігі Ніны Мацяш “Хвіля”. На ёй прысутнічалі не толькі паэты-берасцейцы, але і госці з Мінска.
Адзін з іх – Эдуард Акулін – малады чалавек з добрым, светлым, адкрытым абліччам – мо, першы ўзгадаў, што прэзентацыя праходзіць якраз у дзень нараджэння Максіма Багдановіча, на ягоную 115-ю гадавіну. Менавіта Эдуард Аляксандравіч назваў Багдановіча паэтам, Богам дадзеным Беларусі, пад гітару выканаў дзве песні, матывы якіх былі падказаны творчасцю знакамітага беларускага паэта, а потым сказаў: “Бачыце, якое яркае сонца? Я заўважыў, што ў гэты дзень не бывае ні снежна, ні хмарна – заўсёды светла і сонечна. Гэта Максім адтуль усміхаецца нам, радуецца за нас…”
Усе глянулі ў акно, дзе хораша, зусім не па-зімоваму, свяціла сонца, і кожны ўспомніў свайго Багдановіча. Хаця да ўсіх нас са школьнай парты паэт прыходзіў незабыўнымі радкамі: “Здароў, марозны звонкі вечар! Здароў, скрыпучы мяккі снег!..”, “Зорка Венера ўзышла над зямлёю…”, “Беларусь, твой народ дачакаецца залацістага, яснага дня…”, аповесцю Б. Бур’яна “Ля сіняй бухты”, эсэ М. Стральцова “Загадка Багдановіча”. Прыходзіў – і заставаўся з намі.
Мне ўспомнілася, як у 80-я гады мінулага стагоддзя я ў Ялце шукаў Багдановічаву магілу. Пасля дзвюхгадзіннай экскурсіі, якую паспяхова правяла маладзенькая гід, я спытаў, дзе пахаваны беларускі паэт. Дзяўчына нічога канкрэтнага адказаць не змагла: яна не ведала.
Прайшло яшчэ некалькі год, перш чым я зноў прыехаў у Крым. На гэты раз адпачываў у пансіянаце “Місхор”. Вольнага часу было хоць адбаўляй, і я знаёміўся са славутасцямі Крыма: пабываў на экскурсіях у Севастопалі і Бахчысараі, у доме-музеі А.П. Чэхава ў Ялце і г. д.
Але варта было пачаць пошукі магілы Багдановіча, як раптам аказалася, што пра яе ніхто нічога не ведае: ні экскурсаводы, ні мясцовыя жыхары. Дапамог выпадак.
27 лютага 1986 года я наведаў музеі Канстанціна Транёва і Пятра Паўленкі, якія знаходзіліся ў адным будынку. У музеі Паўленкі, які пасля вайны ўзначальваў Крымскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў СССР, прыцягнуў маю ўвагу зжаўцелы, вырваны з запісной кніжкі лісток, дзе было напісана, што магіла класіка беларускай літаратуры Максіма Адамавіча Багдановіча ў поўным запусценні. Нехта прасіў Пятра Андрэевіча пасадзейнічаць у навядзенні парадку на ёй.
Я запрасіў да стэнда супрацоўніцу музея. Яна ахвотна згадзілася дапамагчы мне, адзінаму на той час наведвальніку. Сама ж жанчына пра Багдановіча нічога не ведала.
Наколькі магчыма было за пяць-сем хвілін, расказаў, як у маі 1917 года ў Ялце, удалечыні ад роднай Беларусі, паміраў ад сухотаў паэт Максім Багдановіч, як стварыў там памятныя радкі:
У краіне светлай,
дзе я ўміраю,
У белым доме
ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана
Марціна Кухты.
– А можа, астанкі яго вывезлі на радзіму? – у апошні раз выказала сумненне жанчына-экскурсавод.
– Не, у Ялце Багдановіч памёр, тут і быў пахаваны. Ды і лісток да Паўленкі напісаны пасля вайны ўжо.
– Значыць, Максім Багдановіч памёр да рэвалюцыі? – удакладніла яна і пакінула мяне. Вярнулася даволі-такі хутка: – Званіла вучоным, якія займаюцца пытаннямі дарэвалюцыйнай літаратуры, абяцалі дапамагчы.
Я паспеў агледзець увесь музей і пачакаць трохі, перш чым зноў яна выйшла з адміністрацыйнага пакоя ўсмешліва-радасная: дазванілася і даведалася!
– Максім Багдановіч, і сапраўды, пахаваны на старых гарадскіх могілках. Там, дзе і родныя Антона Паўлавіча Чэхава. Вам для арыенціра: яго магіла ў адным квадраце з магілай Мікалая Бірукова. Дабрацца туды проста: каля нашага музея прыпынак аўтобуса нумар пятнаццаць. Папрасіце шафёра спыніцца ля гарадскіх могілак…
Я так і зрабіў. На прыпынку ля могілак бабулька прадавала ландышы. Кошт іх самы танны, які можна чакаць у паўднёвым горадзе, – 25 капеек за тры сцяблінкі. З упэўненасцю ва ўдачу я купіў букецік…
Ля адной з дарожак, якія дзялілі вялізныя могілкі на квадраты, убачыў указальнік да магілы Чэхавых і Бірукова. Праз колькі хвілін я стаяў ля магільных пліт Яўгеніі Якаўлеўны, Марыі Паўлаўны і Міхаіла Паўлавіча Чэхавых.
А дарожка павяла далей, да шыкоўнага помніка на магіле Мікалая Бірукова – аўтара вядомага ў свой час рамана “Чайка”. Спусціўшыся ўніз, чытаю словы, сказаныя ім: “Слава табе, зямля мая – калыска ўзлёту чалавечага генія і адвагі!”
Тут мой позірк слізгануў крыху ўбок і выхапіў два словы: “Максім Багдановіч”. Паволі абышоў магілу Бірукова – вось я ля помніка беларускаму песняру – сціплага, шаравата-белага, болей падобнага на абеліск, які ставяць на брацкіх магілах. Хіба што няма зверху жалезнай чырвонай зоркі-пяцікуткі. Але зорка выбіта на самім помніку, побач з радкамі Багдановічавага “Санета”:
Хоць зернейкі засохшымі
былі,
Усё ж такі жыццёвая іх сіла
Збудзілася і буйна
ўскаласіла
Парой вясенняй збожжа
на раллі.
Крыху ніжэй: “Беларускі пісьменнік-паэт Максім Багдановіч. Радзіўся 27 лістапада 1891 г. у Менску. Памёр 12 мая 1917 г. у Ялце”. Усе лічбы на абеліску пада-дзены ў старым стылі.
…Вось і сустрэўся я з табою, Максім Багдановіч. Змог пастаяць побач, думаючы пра цябе. Змог пакласці белыя кветкі-званочкі на тваю магілу і пакланіцца за ўсё, што зрабіў ты для нашай літаратуры. За тое, што, часта жывучы далёка ад радзімы, так любіў матчыну мову і пісаў на ёй. І як не хапала ў гэтую хвіліну палявога васілька – “цвятка радзімы”, хораша апетага табою!
Да слова скажам, што неўзабаве, да сотых Багдановічавых угодкаў, на магіле з’явіўся новы помнік, а на ялцінскім пагосце – указальнік, які падказвае беларусам дарогу да слаўнага песняра. Да таго быў помнік Максіму Багдановічу ў Місхоры, у санаторыі “Белоруссия”. Мне ж тая сустрэча з паэтавай магілай падказала тэму для верша “У Ялту, да Багдановіча”:
Як далёка прытулак
знайшоў,
Ды і тут Беларусь, мусіць,
сніцца?
Я прыйшоў, каб табе
пакланіцца,
Са спазненнем
на споведзь прыйшоў.
Я прынёс прывітанне
здалёк –
Ад зямлі, тваім вершам
апетай,
Ад палёў, у якіх кожным
летам
Зацвітае ў жытах васілёк.
Я стаю і маўчу. Цішыня.
Ці ж прароцтва, Паэт,
не збываецца:
“Беларусь, твой народ
дачакаецца
Залацістага, яснага дня”?
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.