Беларусь

Выратаваць жыццё


На Брэстчыне будзе развівацца трансплантацыя органаў
Выратаванне чалавечага жыцця – адно з вызначальных паняццяў медыцыны. Дасягненні сённяшніх паслядоўнікаў Гіпакрата ўражваюць, бо сучасная медыцына – гэта перадавая навука ў спалучэнні з найноўшымі тэхналогіямі лячэння. Многія дыягназы, якія раней гучалі для пацыентаў як смяротны прысуд, перасталі быць непераадольнай перашкодай жыццю. Зразумела, што ад перадавых сусветных дасягненняў не хочуць адставаць беларускія медыкі. І не толькі ў сталіцы. Развіццё рэгіянальнай медыцыны – адзін з важных дзяржаўных прыярытэтаў. Пацвярджэнне рэалізацыі такога падыходу можна знайсці, напрыклад, у нашай абласной бальніцы.
Галоўны ўрач медустановы Аляксандр Карпіцкі перакананы: узровень аказання медыцынскай дапамогі ў рэгіёне істотна змяніўся. Старэйшае пакаленне дактароў абласной бальніцы нават і ўявіць не магло, што розныя аперацыі, напрыклад, на суставах і на сэрцы будуць выконваць у Брэсце.
Працэс руху да новых вяршынь медыцынскай навукі і практыкі будзе прадоўжаны. Адна з бліжэйшых перспектыў –
развіццё транспланталогіі. У Брэсце плануюць рабіць аперацыі па перасадцы ныркі. Аб гэтым, у прыватнасці, вялася гаворка на навукова-практычнай канферэнцыі “Сучасны погляд на праблемы трансплантацыйнай каардынацыі і кандыцыяніравання”, якая прайшла ў абласным цэнтры з удзелам вядучых беларускіх медыкаў, спецыялістаў з Расіі і Латвіі.
Галоўны пазаштатны кардыёхірург Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Юрый Астроўскі адзначыў:
– Сістэма арганізацыі трансплантацыі органаў у нашай краіне знаходзіцца на добрым узроўні. Мы не прайграем у гэтым кірунку Прыбалтыцы, Польшчы, заўважна апераджаем Украіну, Расію. Але ёсць шэраг пытанняў, якія ўзніклі ў працэсе вырашэння задач па транспланталогіі, напрыклад, донарства органаў.  Калі гаварыць аб перспектывах, дык у будучым го-дзе ў рэспубліцы плануецца правядзенне комплексных трансплантацый: сэрца – лёгкія, сэрца – пячонка, сэрца – ныркі. Гэта надзвычай складаныя аперацыі, і нам трэба грунтоўна і сур’ёзна рыхтавацца.
Чаму канферэнцыю праводзілі ў Брэсце, патлумачыў галоўны пазаштатны трансплантолаг Міністэрства аховы здароўя Алег Руммо:
– Брэсцкі рэгіён – у ліку вядучых у ахове здароўя, у прыватнасці, па развіцці донарства органаў. Калі ўсе падрыхтоўчыя работы пройдуць паспяхова, дык ужо ў другой палове будучага года ў Брэсце будзе выканана першая аперацыя па перасадцы ныркі.
Відавочна, у хворых з’явіцца яшчэ адзін шанс на выздараўленне. Пацыенты з хранічнай ныркавай недастатковасцю вымушаны ўсё жыццё 2-3 разы на ты-дзень ездзіць у бальніцу на сеансы гемадыялізу. Так, у рэгіёне актыўна развіваецца сетка аддзяленняў “штучных нырак”, каб зрабіць працэдуру даступней, але ж гемадыяліз –
затратная рэч. У той час як аперацыя па перасадцы ныркі (хоць складаная і высокатэхналагічная) акупляе сябе ўжо на працягу двух год. Пасля паспяховага аператыўнага ўмяшальніцтва нават інваліды вяртаюцца да нармальнага жыцця, спакойна працуюць, могуць і дзяцей нарадзіць.
У плане донарства органаў Брэстчына лічыцца актыўным рэгіёнам краіны. Тэхнічная аснашчанасць абласной бальніцы – таксама плюс. Вось таму аперацыі па перасадцы ныркі ў абласной бальніцы, упэўнены медыкі, стануць рэальнасцю. “Гэта перспектыва, якую мы можам рэалізаваць практычна”,  – не сумняваецца галоўны ўрач медыцынскай установы Аляксандр Карпіцкі.
Сёння на Брэстчыне працуе каардынатар па транспланталогіі (у краіне іх 7). У перспектыве плануецца стварыць каардынацыйнае аддзяленне з адпаведнай апаратурай, сучасным рэанімацыйным абсталяваннем, дакладнай і поўнай інфармацыйнай сістэмай аб донарах органаў.
Трансплантацыя – складаны, але высокаэфектыўны від медыцынскай дапамогі. Гэты напрамак будзе развівацца ў рэгіёнах, у тым ліку і  ў нашай вобласці.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля