У Брэсце і раённых цэнтрах вобласці праходзяць асеннія кірмашы па рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі
Фота: www.mgorka.by
У Маларыце кірмаш прайшоў у рамках святкавання Дня горада. Нягледзячы на дождж, які ў суботу пачаў ліць з ночы, на пляцоўцы па вуліцы Паўднёвай, вызначанай для рэалізацыі сельгаспрадукцыі, было людна задоўга да афіцыйнага пачатку свята. Нарасхват ішло збожжа, якое па 1000 рублёў за кілаграм прадавалі ПУП “Савушкіна”, СВК “Чарняны”, “Макраны”, “Арэхава”, і бульба з СВК “Дарапеевічы”, “Чырвоны партызан”, “Хаціслаў”. Актыўна куплялі маларытчане цыбулю, моркву. Тут жа гараджанам і гасцям свята прапаноўвалі капусту, сталовыя буракі, салодкі перац. А ў гандлёвых радах па вуліцы Савецкай – жывую рыбу, са-джанцы пладовых дрэў па цане ад 35 да 45 тысяч рублёў з Пружан, мёд па 33 тысячы за кілаграм з Маларыцкага лясгаса.
А вось жыхары абласнога цэнтра маглі набыць сельгас-прадукцыю ў трох мікрараёнах. Шмат пакупнікоў у 8.30 было на пляцоўцы для масавых кірмашоў па вуліцы Гогаля. Гараджанам з тачкамі ніяк не перашкаджаў невялічкі дожджык. Людзі падыходзілі да машын з сельгас-прадукцыяй, якія выстраіліся з двух бакоў вуліцы, прыцэньваліся і, вядома ж, затарваліся.
Вялікія чэргі былі за бульбай. Па 900 рублёў за кілаграм яе рэалізаваў СВК “Нарутавічы” Бярозаўскага раёна, па 1200 –
УА “Пружанскі дзяржаўны агратэхнічны каледж”. Ахвотна куплялі гараджане капусту па 800 і сталовую моркву па 1600 рублёў за кілаграм з машыны ААТ “Пружанскае”. У імгненне вока “размялі” гараджане трыцікале па 1000 рублёў за кілаграм з КУВП “Пескаўскае” Бярозаўскага раёна, а таксама зерне кукурузы па цане 1200 рублёў. Мяшкамі запасаліся людзі на зіму цыбуляй. Яе брастаўчанам рэалізавалі па 2500 рублёў за кілаграм фермерская гаспадарка Шуляка з вёскі Астрамечава Брэсцкага раёна і арандатар Вошчук з вёскі Отчын Маларыцкага раёна.
Вялізная чарга выстраілася за салодкім перцам з фермерскай гаспадаркі “Берасцейскае” Брэсцкага раёна. Прыгожыя, мясістыя і вельмі смачныя плады (даводзілася каштаваць) па 5000 рублёў за кілаграм людзі бралі сеткамі.
Акрамя сельгаспрадпрыемстваў, фермераў і арандатараў, на вуліцы Гогаля гароднінай і фруктамі гандлявалі Пружанскае і Камянецкае райспажыўтаварыствы. Яны прапанавалі пакупнікам моркву, бульбу, буракі, капусту, памідоры, яблыкі, мёд, журавіны. Ажыятажу вялікага тут не назіралася. У асноўным людзі запасаліся журавінамі па цане 25740 рублёў за кілаграм. А вось таматы па 8250 і яблыкі па 7500 бралі неахвотна.
Усяго ж, расказалі рэдакцыі ва ўпраўленні гандлю і паслуг аблвыканкама, па стане на 10 кастрычніка на Брэстчыне праведзена 25 кірмашоў з запланаваных 56-і. Падчас іх рэалізавана 1419 тон бульбы і 1200 тон гародніны. На Брэст, дзе ўжо адбыліся 3 кірмашы з 5 запланаваных, з гэтай колькасці прыходзіцца 481,7 тоны бульбы і 319,4 тоны гародніны.
– Цэны на бульбу і гародніну, якія рэалізуюцца на кірмашах, сёлета засталіся на ўзроўні мінулага года і не перавышаюць гранічных закупачных цэн, устаноўленых для стварэння стабілізацыйных фондаў на 2011-2012 гады, – паведаміла начальнік упраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Валянціна Хандошка.
Сёлета на асенніх кірмашах плануецца рэалізаваць насельніцтву 2,9 тысячы тон бульбы і 2,6 тысячы тон агародніны, што складае адпаведна 64,4 і 34,2 працэнта ад задання стабілізацыйнага фонду на 2011-2012 гады.
Я пацікавілася ў намесніка начальніка аддзела арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Марыі Бернат, зыходзячы з якіх фактараў плануюцца аб’ёмы рэалізацыі сельгаспрадукцыі і яе пастаўка ў абласны цэнтр.
– З мінулагодніх продажаў, якія мы пастаянна аналізуем, з атрыманага ўраджаю ў грамадскім і ў прыватным сектарах, з насычэння сельгаспрадукцыяй рынку, – адказала яна. – Заяўку на вызначаную такім чынам патрэбнасць падаём у камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, які размяркоўвае яе па райсельгасхарчах. Вядома ж, з улікам магчымасцей апошніх. У раёнах вызначаюць пастаўшчыкоў сельгаспрадукцыі, складаюць графікі яе завозу. Удзельнікамі ўсіх кірмашоў у абласным цэнтры з’яўляюцца гаспадаркі Брэсцкага раёна, а таксама сумежных Жабінкаўскага і Камянецкага. Ды і іншыя не мінаюць кірмашоў. Далучаем да іх і спажыўкааперацыю, якая прапануе саленні, свежыя фрукты і гародніну. За кожным месцам правядзення кірмашоў замацаваны спецыялісты, якія сустракаюць машыны з сельгаспрадукцыяй, размяшчаюць іх, а калі патрэбна – пераразмяркоўваюць. Акрамя дзеючых рынкаў, у гарадах і раённых цэнтрах вобласці вызначана 65 дадатковых пляцовак для штодзённага гандлю (у тым ліку з машын) бульбай, плодаагародніннай прадукцыяй, мёдам, жывой рыбай.
Масавая рэалізацыя сельгаспра- дукцыі ў абласным цэнтры завершыцца пашыраным кірмашом 22 кастрычніка, у якім будуць удзельнічаць сельгас-прадпрыемствы, гандаль, грамадскае харчаванне, перапрацоўчыя прадпрыемствы Брэстчыны. У гэты дзень набыць прадукцыю можна будзе ў 11 мікрараёнах горада. Так што час зрабіць запасы яшчэ ёсць. Спяшайцеся!
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.