Беларусь

Пасылка ў Піцер, або Ці магчыма законна адправіць перадачу цягніком


…Як заўсёды, мой сын-курсант пасля канікул працягласцю месяц паехаў на вучобу ў Санкт-Пецярбург. І, як заўсёды здараецца з ім пасля бесклапотнага адпачынку, ён, збіраючыся ў апошнія гадзіны перад адыходам цягніка і, пэўна, лунаючы ў аблоках, штосьці забыўся ўзяць. На гэты раз з самага істотнага – білет з Піцера да Мінска (патрэбны для справаздачы) і расійскую банкаўскую картку, на якую паступае стыпендыя. У дадатак да азначанай праблемы праз пару дзён сын захварэў. Што рабіць?
Сабраўшы невялікі пакецік, у які паклала білет, пластыкавую расійскую картку, лекі, бінт і слоічак з мёдам, памчалася на цэнтральны вакзал Брэста, з якога штодзень на Санкт-Пецярбург адыходзіць цягнік. Ведаючы, як неахвотна праваднікі бяруць перадачы, бо іх за гэта караюць аж да звальнення з работы, я няспешна прайшлася ўздоўж вагонаў, выбіраючы правадніцу, аблічча якой, а дакладней – вочы, вылучалі б, вобразна кажучы, людскасць.
Нарэшце адна з іх прыглянулася мне: хоць строгая знешне, ды без стальнога бляску ў люстэрку душы. Праўда, і яна доўга не згаджалася ўзяць маленечкі, да кілаграма, клуначак. Толькі ж я не здавалася і, як любая нармальная маці, што непакоіцца аб здароўі свайго дзіцяці, пераканаўча прасіла зразумець мяне і дапамагчы. Ну хто лепш за ўсіх увойдзе ў становішча жанчыны-маці, як не такая ж асоба?! У рэшце рэшт правадніца здалася пад маім націскам. Каб не выклікаць пабочнага інтарэсу, мы захавалі ўсе меры перасцярогі. Перадаўшы ёй пакецік і заплаціўшы за гэта энную суму грошай, я з лёгкім сэрцам паехала дамоў.
Другі раз мае сябры далі тэлефон правадніцы, якая перыядычна возіць іх перадачы. Па іх рэкамендацыі яна згадзілася дапамагчы і мне. Ды, падышоўшы да патрэбнага вагона, Ніны (назавём яе так) не аказалася на месцы – захварэла. Так як я проста фізічна не магла дацягнуць назад, дамоў, сумку з ласункамі, падрыхтаваную да дня нараджэння свайго сына, вырашыла прапанаваць незнаёмаму правадніку такую суму, ад якой бы ён не адмовіўся. І за 10 долараў сумка трапіла па прызначэнні. Між іншым, толькі за валюту перавозяцца дакументы ці невялічкія пакуначкі ў Германію і Польшчу…
Трэці, чацвёрты і наступныя разы я адпраўляла свае перадачы ўжо праз знаёмых з іншага горада. Справа ў тым, што ў маці аднакурсніка майго сына была сяброўка-правадніца, якая за 30 тысяч рублёў (незалежна ад вагі) брала адну сумку. У апошні раз такіх сумак набралася аж пяць. Няцяжка падлічыць, колькі грошай прайшло, нібы скрозь сіта, міма дзяржаўнай касы…
Не ведаю, як каму, а мне, законапаслухмянай грамадзянцы, неяк прыкра, ды і нервова гэткім чынам перасылаць сыну пасылкі, кожны раз сумняваючыся, а ці змагу ўгаварыць правадніка. Таму я вырашыла даведацца, а ці можна, не штурхаючы нікога на парушэнне, зрабіць гэта цывілізавана. Ну, скажыце, што дрэннага ў тым, каб на чыгунцы існаваў і такі від паслуг, як перадача пэўнай колькасці пасылак па шляху курсіравання цягніка? Хай сабе толькі на канцавы прыпынак. І людзям было б зручна, і чыгунцы – прыбытак…
Пачуўшы маё пытанне, на нумары 105 параілі званіць у аддзяленне чыгункі і далі тэлефон 26-11-31. Тады я вырашыла са сваёй прапановай выйсці на начальніка транспартнага РУП “Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі” Аляксандра Шматава. Патэлефанавала на нумар яго службовага кабінета, трубку зняла сакратарка. На маю цікаўнасць – ці на месцы кіраўнік? – запыталася, па якім пытанні я хачу з ім гаварыць. Выслухаўшы сутнасць майго журналісцкага звароту, замялася. А на маю прапанову – можа, лепш пра ўсё расказаць у газеце, а потым выслаць матэрыял на рэагаванне – хуценька згадзілася.
Цяпер чытач разумее, чаму я стала далей званіць па дадзеным мне раней тэлефоне. Адтуль мне параілі пазваніць на 26-23-33, нарадчыку цягніковых брыгад. Затым я размаўляла з інструктарам, які (нарэшце!) падказаў выйсці на начальніка вагоннага ўчастка. Маўляў, калі што трэба перадаць, дык у парадку выключэння толькі Яўген Мікалаевіч Васілюк можа дазволіць. А на пытанне, ці дорага абыдзецца дазвол, толькі рассмяяўся…
З Яўгенам Мікалаевічам размаўляць было прыемна, адчуваўся сапраўдны прафесіянал, да таго ж ветлівы – на любое маё пытанне тут жа чуўся адказ. Ды сутнасць яго тлумачэнняў мяне не ўзрадавала. Аказваецца, некалі была перасоўная камера захоўвання. Але не прыжылася, бо расіяне прэтэндавалі на больш значную суму грошай, якая б ім пералічвалася за дадзеную паслугу, а беларускі бок прытрымліваўся іншага меркавання…
Па словах чыгуначніка, гэтае пытанне ўзнімалася і ў сталіцы, у адпаведным ведамстве. “І каб да тонкасцей вывучыць яго і займацца такой паслугай – можна пасівець”, –
уздыхнуў мой зычлівы субяседнік, прывёўшы шматлікія довады “супраць”. Да прыкладу, прадукты сапсуюцца ці іх колькасць не супа-дзе з заяўленай, скажам, варэнне з’есца. А нядаўна быў выпадак, калі правадніца ўзялася перадаць грошы (нібыта 1200 долараў), не палічыўшы іх, а ў канверце аказалася толькі 600. Паступіла скарга, людзі патрабуюць вярнуць недаатрыманую суму і жорстка пакараць правадніка…
Адносна ж майго выпадку з перадачай лекаў Яўген Мікалаевіч зазначыў, што, як бацька, ён мяне разумее і, пэўна, дзейнічаў бы падобным чынам. Таму ў выключных сітуацыях пад яго, начальніка вагоннага ўчастка, адказнасць дадзена права дазваляць падобныя перадачы, прытым без усялякіх грошай. Маўляў, усе мы – жывыя людзі… А вось наконт астатніх пасылак, з прадуктамі, адзежай і гэтак далей –
прабачце, не дазволена.
Цудоўна разумею брэсцкіх чыгуначнікаў: няма інструкцыі – няма і паслугі (хаця яна фактычна існуе, але “аказваецца” праваднікамі і пасажырамі). Ведаю і іншае: вырашэнне любога пытання, нават самага дробнага, можна “зарэзаць”. А калі захацець пайсці насустрач людзям – заўсёды можна дапамагчы. І трэба! Бо ўсё роўна гэтую з’яву не выкараніць. Ну, вось растлумачце мне, чаму нельга перавозіць у багажным ці іншым вагоне гэтыя “прывітанні ў сумках” або цераз адну правадніцу перадаваць да 5-ці пасылак, у якіх загадзя будзе ляжаць вопіс найменняў? І хоць Яўген Мікалаевіч спасылаўся на незаконнасць праверкі пакетаў –
дык можна ж браць толькі тыя, уладальнікі якіх не супраць гэтага. І хіба так складана ўстанавіць кошт адной перадачы? Да 1 кг – хай 5 тысяч, да 10 кг – больш, да 20 – яшчэ больш.  Але абавязкова з гэтай сумы пэўны працэнт неабходна налічваць да зарплаты правадніцы. Справядліва? Так! І козы сыты, і сена цэла…
Што датычыць сапсаваных прадуктаў, дык за іх якасць з самага пачатку адказнасць нясе грамадзянін. Гэтае патрабаванне, як, дарэчы, і іншыя, могуць быць прапісаны ў спецыяльнай дамове, заключанай паміж чыгункай і грамадзянінам. Адносна ж дамоў і іншых афіцыйных папер не магу не заўважыць: што-што, а іх у нашых ведамствах складаюць спраўна…
Галіна МІХАЛЕВІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля