Беларусь

  • Главная
  • Актуальна!
  • У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце ўспомнілі паэзію Ніны Мацяш

У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце ўспомнілі паэзію Ніны Мацяш


У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце ўспомнілі паэзію Ніны Мацяш і абмеркавалі духоўнае самавызначэнне асобы

Фота: euroradio.fm

Вечарына “Жыву! Люблю! Не наталюся!”, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння паэтэсы, перакладчыцы, грамадскага дзеяча Ніны Мацяш, сабрала ў галерэі тэхнічнага ўніверсітэта студэнтаў, выкладчыкаў, гасцей з іншых навучальных устаноў Брэста і Пінска. Завітаў да студэнтаў і берасцейскі паэт Іван Мельнічук. Ініцыятарам мерапрыемства выступіла кафедра беларускай і рускай моў і непасрэдна яе загадчыца Ніна Борсук.
Па словах выкладчыцы і кіраўніка ўніверсітэцкай літаратурна-публіцыстычнай студыі “Ліра” Таццяны Мхаян, выкладчыкі вельмі любяць літаратуру і стараюцца далучыць да яе студэнтаў. Нягле-дзячы на тэхнічную накіраванасць універсітэта, творчасць, у тым ліку паэтычная, выдатна адчувае сябе ў яго сценах. Імпрэза, прысвечаная Ніне Мацяш, стала таму яркім пацвярджэннем.
Прысутныя ўзгадалі, што ў літаратурнай скарбонцы пісьменніцы – 7 зборнікаў паэзіі, 15 кніг перакладаў з французскай, нямецкай, польскай, украінскай моў. Дзякуючы Ніне Язэпаўне, беларускія чытачы пазнаёміліся з творчасцю Жана Аліўе, Жоржа Сіменона, Антуана дэ Сент-Экзюперы, Віславы Шымборскай, іншых пісьменнікаў. Ніна Мацяш таксама пісала для  дзяцей, стварыла  некалькі тэлесцэнарыяў і п’ес для тэатра. Яна ніколі не імкнулася быць большай, чым ёсць, а была вялікай і адметнай асобай. Яе ўсюды ведалі і сардэчна любілі. Ніна Мацяш паказала ўсім, як можна жыць годна. Прыкаваная да інваліднага крэсла, яна заўсёды заставалася аптымістычным чалавекам і да канца свайго жыцця не спыняла пісьменніцкай дзейнасці. Захапленне жыццём і творчасцю слыннай зямлячкі выказвалі на вечарыне і сталыя людзі, і моладзь. Здавалася, што лірычная танальнасць паэтычных радкоў Ніны Язэпаўны нібыта лунала ў памяшканні, дзе праходзіла імпрэза.
У рамках вечарыны адбыўся творчы конкурс на лепшы аўтарскі твор памяці Ніны Мацяш, лепшае выкананне твораў паэткі, лепшае выканальніцкае майстэрства твораў памяці пісьменніцы. Моладзь прадэманстравала сапраўды крэатыўны падыход да асэнсавання творчай спадчыны Ніны Язэпаўны, ушанавала яе памяць – і вершамі, і песнямі, і вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Добры настрой падарылі ўдзельнікам вечарыны  калектыў народнага танца “Крутуха”, вакальная група ўніверсітэта “Трыумф”. Дарэчы, сама паэтка добра спявала. Аддаючы даніну памяці і павагі Ніне Мацяш, некаторыя канкурсанты прадставілі песні на яе вершы, у тым ліку і ўласнага сачынення. І, вядома ж, гучалі паэтычныя радкі. Шмат хто чытаў вершы Мацяш пра прыроду – яна любіла хараство родных краявідаў і прысвяціла беларускай прыро-дзе цудоўныя творы.
Журы было няпроста выбраць лепшых: натхнёныя Нінай Мацяш, студэнты паказалі такія розныя віды творчасці! Сярод пераможцаў – навучэнцы Брэсцкага музычнага каледжа імя
Р. Шырмы за вакальны цыкл на вершы Ніны Мацяш. Таксама дыпломы I ступені атрымалі Анжэліка Пашук за выцінанку ў памяць паэткі, Дар’я Купянюк за вышыванку, Алена Парфянюк за верш-прысвячэнне Мацяш.
Завяршылася свята навукова-практычнай канферэнцыяй “Духоўнае самавызначэнне асобы ў сучасным свеце”. Яе актыўныя ўдзельнікі былі адзначаны граматамі ВНУ.
А на наступны дзень выкладчыкі і студэнты БрДТУ з’ездзілі на малую радзіму Ніны Мацяш, усклалі кветкі на яе магілу і прынялі ўдзел у літаратурным свяце, якое прайшло ў Белаазёрску.
Сабіна ГАРАЕВА,
студэнтка
БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля